Паміраючы ад чумы, пскоўскі князь Даўмонт пакінуў малодшаму сыну Давіду тры запаветы: не здраджваць тым, каму кляўся ў вернасці, ніколі не мірыцца і не братацца з крыжакамі, памятаць, што ў кожнага чалавека павінна быць радзіма. Ён пажадаў, каб сын вярнуўся на зямлю продкаў – у Нальшаны, якія ўваходзілі тады ў склад Вялікага княства Літоўскага.
Пахаваўшы бацьку і маці, юны Давід пайшоў на службу да вялікага князя літоўскага Віценя. Той доўга вагаўся, бо бацька Віценя загінуў па віне Даўмонта, а старэйшы брат Давіда – Полюш – здрадзіў крыжакам. Але юны княжыч даказаў сваю адвагу і высакароднасць.
На сямейным свяце ў Кернаве Давід сустрэў пляменніцу Віценя – чатырнаццацігадовую князёўну Бірутэ. Яны пакахалі адзін аднаго з першага погляду і пабраліся шлюбам.
Віцень даверыў Давіду Гродна. Князь не аддаў горад крыжакам у 1305 і 1307 гадах, вызваліў Навагрудак у 1314-м, абараняў Пскоў у 1323-м. Ён не прайграў ніводнай бітвы. Побач з ім заўсёды была вышытая Бірутэ хустачка – абярэг кахання.
У 1324 годзе, калі Давід быў у паходзе, крыжакі напалі на яго сядзібу. Бірутэ, дзеці і верныя людзі загінулі ад іх мячоў.
Сэрца князя запоўніла нянавісць. Ён павёў саюзнае войска на Ордэн і дайшоў амаль да Франкфурта-на-Одэры. Але здрадлівы мазавецкі рыцар Анджэй Гост ударыў яму ў спіну.
Паплечнікі героя прынеслі яго цела ў Гродна на сваіх шчытах і пахавалі на высокім беразе Нёмана недалёка ад старажытнай Каложы ў зямлі, у якую да яго легла Бірутэ. Да ручкі мяча князя воіны прывязалі вышытую хустачку княгіні. Каб па гэтым знаку іх душы змаглі лёгка адшукаць адзін аднаго ў тым свеце, які недаступны жывым.













