/ Навіны / Архітэктурна-фартыфікацыйныя характарыстыкі замка-кастэля

Архітэктурна-фартыфікацыйныя характарыстыкі замка-кастэля

З утварэннем Вялікага Княства Літоўскага ў канцы ХІІІ – XIV стст. склаліся спрыяльныя сацыяльна-эканамічныя і палітычныя ўмовы для пашырэння абарончага будаўніцтва на якасна новым узроўні. У гэты час галоўная знешняя небяспека зыходзіла ад Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў. Для абароны ад нападаў іх рыцараў вялікія князі, пачынаючы ад Гедыміна, пачалі ўзводзіць абарончыя збудаванні новага тыпу – т. зв. кастэлі, ці замкі рэгулярнай планіроўкі. Першыя замкі такога тыпу паўсталі ў Крэве, Лідзе, Медніках, Коўне. Згаданыя помнікі ўяўлялі сабой абарончыя збудаванні з амаль правільным па форме ўнутраным дваром, абведзеным па перыметры масіўнымі сценамі, якія завяршаліся баявой галерэяй. Па вуглах яны былі ўмацаваны вежамі. Прамавугольная форма замкавай планіроўкі была цалкам новай як для славянскіх, так і для балцкіх тэрыторый ВКЛ і сімвалізавала істотную эвалюцыю фартыфікацыі гэтых зямель, бо дазваляла арганізаваць актыўную франтальную, пазней у дадатак і флангавую абарону.

 

 

 

 

Праект рэканструкцыі Лідскага замка Н.Баранец 2007 г.

Цікава, што сам тэрмін “кастэль” паходзіць ад рымлян: “кастэлюм” (castellum) называлі невялікія ваенныя лагеры. Працяглы час лічылася, што вынаходнікамі ўмацаванняў правільнай чатырохвугольнай у плане формы былі рымляне. Аднак рэгулярную канфігурацыю мелі ўжо прыстасаваныя да абароны палацы цароў у рэгіёне Міжрэчча. Заваяванне Міжземнамор’я стала штуршком да пашырэння абарончых збудаванняў правільнай канфігурацыі на ўсёй тэрыторыі Рымскай імперыі, у тым ліку ў Еўропе.

З канца ХІ ст. еўрапейскае рыцарства пачало здзяйсняць частыя крыжовыя паходы ў Святую зямлю. У выніку Еўропа праз войны з арабамі і Візантыяй адкрыла забытую антычную спадчыну, у тым ліку ў галіне фартыфікацыі. На заваяваных жа землях крыжакі не толькі аднаўлялі і мадэрнізавалі старыя ўмацаванні, але і ўзводзілі новыя, якія сталі прататыпамі для будучых еўрапейскіх абарончых пабудоў правільнай планіроўкі ці кастэляў.

Пазней аналагічная канфігурацыя абарончых збудаванняў шырока распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе і ў тым ліку трапіла на землі ВКЛ.

Першыя кастэлі, збудаваныя ў ВКЛ мелі выгляд умацаваных лагераў, абнесеных з чатырох бакоў мураванай сцяной (Коўна, Крэва, Ліда, Меднікі). Іх планіровачная структура нагадвае форму няправільнага чатырохвугольніка, па ўнутраным перыметры сцен якога размяшчаліся драўляныя жылыя і гаспадарчыя пабудовы.

У прынцыпах фартыфікацыі адрозненні паміж ордэнскімі замкамі-кастэлямі і кастэлямі ВКЛ у многім абумоўлены сацыяльнымі прычынамі: у першым выпадку яны былі прызначаны не толькі для абароны, але і жылля рыцараў. Таму іх будавалі як свайго роду ваенны лагер са шматлікімі памяшканнямі ўнутры двара, што былі распланаваны пэўным чынам уздоўж замкавых сцен. Падобнай строгай рэгламентацыі ўнутранай прасторы ў кастэлях ВКЛ ХIVст. не прасочваецца. Замкі-кастэлі ВКЛ мелі значна большыя памеры, чым крыжацкія, бо былі прызначаны не толькі для размяшчэння пастаяннага гарнізона, але і для абароны мясцовага насельніцтва. Яны будаваліся на невялікіх пагорках у забалочанай мясцовасці, звычайна пры сутоцы дзвюх рэчак. Гэта стварала дадатковыя перашкоды для ворагаў, але і не дазваляла ў далейшым пашыраць абарончую лінію ўмацаванняў.