/ Новости / Сусвет літаратурнай Ліды Наталлі Анашкевіч

Сусвет літаратурнай Ліды Наталлі Анашкевіч

У Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея адбылася прэзентацыя дзвюх выдадзеных у 2026 годзе кніг – «У сузор’і Жанчыны» і «Лида. Литературный код». Складальнікам і аўтарам гэтых выданняў з’яўляецца настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 11 г. Ліды імя Н.І. Паповай, пісьменніца, член Саюза пісьменнікаў Беларусі Наталля Анашкевіч.

Творчы набытак Наталлі Мікалаеўны ўжо дасягнуў значных маштабаў. З-пад яе пяра выйшлі кнігі: «Православные храмы Лидчины: история и современность» (2021 г.), «В калейдоскопе школьных дней» (2022 г.), «Герб города Лиды – историко-геральдический памятник Беларуси» (2023 г.), «Мои КЛАССные попутчики» (2024 г.), «Паэтычнае суквецце Лідчыны: майстры слова пра сябе і сваю паэзію» (2025 г.) і іншыя. А колькі ў яе багажы глыбокіх даследчых прац, у якіх толькі навукова-практычных канферэнцыях яна не брала ўдзел! І для кожнай справы яна знаходзіць час, хоць яе асноўная праца – выкладанне ў школе, дзе таксама неабходна пастарацца, каб навучальны матэрыял быў цікавым і запамінальным. Да кожнага вучня Наталля Мікалаеўна знаходзіць свой ключ і падыход, рыхтуе інтэрактыўныя заняткі. Дзякуючы класнаму кіраўніку вучні ўжо не першага выпуску блізка знаёмяцца са спадчынай свайго краю. Менавіта ў гэтым і заключаецца выхаванне маладога пакалення, стымул любіць малую і вялікую Радзіму. У школу Наталля Анашкевіч заўсёды ахвотна запрашае майстроў прыгожага пісьменства, таму вакол яе заўжды віруе жывы рух і творчая актыўнасць.

Па назвах кніг лёгка заўважыць, куды скіравана ўвага лідзянкі. Яна нястомна даследуе родны край, вывучае гісторыю праваслаўных святынь прынёманскага рэгіёна, знаходзіцца ў самым эпіцэнтры культурнага і літаратурнага жыцця. Сваімі адкрыццямі і ўражаннямі ад падарожжаў па славутых мясцінах Наталля Мікалаеўна шчодра дзеліцца на старонках выданняў «Лідская газета», «Зорька», «Літаратура і мастацтва», а таксама часопіса «Лідскі летапісец». Гэты сабраны матэрыял кладзецца ў аснову кніг, якія становяцца каштоўнай крыніцай для далейшых краязнаўчых і навуковых даследаванняў.

У доме паэта Валянціна Таўлая сабраліся сябры-аднадумцы, настаўнікі і літаратары Лідчыны. Прысутныя яшчэ раз шчыра павіншавалі Наталлю Мікалаеўну з заслужаным уступленнем у Саюз пісьменнікаў Беларусі і пажадалі ёй плёну і новых творчых здзяйсненняў на карысць краіны.

Каб імпрэза атрымалася больш яскравай і душэўнай, Наталля Мікалаеўна прыйшла з чароўным чамаданам, у якім кожны раз прыносіць унікальныя экспанаты са свайго хатняга архіва. На гэты раз там знайшлося месца рукапісам даследчых прац і паэтычным зборнікам з аўтографамі і цёплымі пажаданнямі аўтараў.

Сустрэча з назвай «Жаночы код у літаратуры», прымеркаваная да Года беларускай жанчыны, была арганізавана на часовай экспазіцыі «Таямнічыя жанчыны замкаў Гродзеншчыны». Шматлікія прыхільнікі ведаюць, што для Наталлі Анашкевіч характэрна не толькі шчырая любоў да роднага, але і імкненне захаваць яго для нашчадкаў. Яна прачытала са зборніка «У сузор’і Жанчыны» творы лідскіх паэтаў, якія тонка і па-майстэрску адлюстроўваюць жаночы вобраз, і падзялілася гісторыяй нараджэння задумы гэтай кнігі.

Унікальным выданнем для літаратурнага краязнаўства з’яўляецца і другая кніга – «Лида. Литературный код». Пад яе вокладкай змешчаны не толькі рэдкія фотаздымкі са шматлікіх літаратурных сустрэч, зробленыя ўласна пісьменніцай, але і прыведзены факты, што дэталёва фіксуюць летапіс мясцовага літаратурнага руху, які яна вывучае амаль дваццаць гадоў. Фінальным акордам гэтага раздзела сталі мерапрыемствы, якія прайшлі ў Лідзе 6 і 7 верасня 2025 года ў рамках Дня беларускага пісьменства. Пра грунтоўнасць падыходу сведчыць і спіс выкарыстаных крыніц, які налічвае больш за дзвесце пазіцый.

Наталля Мікалаеўна беражліва захоўвае кнігі з дарчымі надпісамі аўтараў, газетныя артыкулы і рэдкія публікацыі, што ўжо сталі гісторыяй. На сустрэчы пісьменніца пазнаёміла прысутных з кнігамі лідскіх паэтэс Алесі Бурак, Ірыны Бараздзіной, Таццяны Сямёнавай. Пра кожную з іх у яе свой адметны і глыбокі расповед. У гэтым можна пераканацца, пазнаёміўшыся з яе даследаваннямі, якія знайшлі сваё месца ў раздзелах кнігі: «Образ родного города в поэтических сборниках «Мой любы горад Лида» и «Мой горад – гонар мой», «Образ лирической героини в поэзии Алеси Бурак» (на примере русскоязычного цикла стихотворений «Стихи – страницы жизни» из сборника «Прастора дабрыні»), «Духовные искания лирической героини в поэтическом сборнике «Из соли, сахара и перца» русскоязычной поэтессы Ирины Семёновны Бороздиной», «Тема природы в творчестве Татьяны Ивановны Семёновой».

На прыкладзе творчай і грамадскай дзейнасці Наталлі Мікалаеўны можна адзначыць, што Лідскі край – гэта месца, якое няспынна натхняе і зараджае кожнае пакаленне на любоў да Радзімы, да захавання мінулага, да той глыбіні, якая перадаецца нам ад продкаў, бо ў пачатку было Слова…

 

Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея