Матрона Наказных (17.08.1923 – 03.08.1944), лідская падпольшчыца
Матрона Наказных нарадзілася 17 жніўня 1923 г. у сяле Чарнігаўка Архарынскага раёна Амурскай вобласці ў сялянскай сям’і. Матронай назвалі ў гонар манашкі, якая некалькі месяцаў жыла ля Наказных. Уступіла ў 1938 г. у камсамол. Сям’я Наказных была вялікай. Усе разам яны жылі ў бацькоў бацькі – Канстанціна Пятровіча: Наказных Пятра Фёдаравіча і Ксеніі Мацвееўцы. У 1930 г. сям’я Наказных была раскулачана і адпраўлена ў ссылку.
Пасля ўз’яднання ў 1939 г. Заходняй Беларусі за БССР Канстанцін Пятровіч Наказных быў накіраваны на працу ў Беласток, а пазней і ў дэпо горада Ліды, дзе ён стаў працаваць машыністам. У пачатку 1940 г. прыехалі ў Ліду і астатнія члены сям’і Наказных. Матрона Наказных працягнула вучобу ў СШ №1 г. Ліды, была актыўным членам УЛКСМ. У чэрвені 1941 г. скончыла 10 класаў. Яна пісала вершы, марыла стаць лётчыцай. Аднак, яе марам не ўдалося спраўдзіцца.
Нямецка-фашысцкія захопнікі акупавалі Ліду 27 чэрвеня 1941 г. Цяжка прыйшлося мясцовым жыхарам. Каб пракарміць сям’ю, маці Кацярына Максімаўна хадзіла па суседзях сціраць бялізну, брала рэчы дамоў у нямецкіх афіцэраў. Сёстры Моця і Надзя дапамагалі насіць ваду, разводзілі прас, прасавалі. У жніўні 1941 г. яны адправіліся на заробкі ў найбліжэйшыя вёскі, дзе дапамагалі па гаспадарцы, глядзелі за быдлам, палолі агарод. Увосень усёй сям’ёй хадзілі па вёсках капаць бульбу, такім чынам, зараблялі сабе на зіму гародніну. Пазней Матрона ўладкавалася прыбіральшчыцай у размешчаныя побач з чыгуначнай станцыяй хаты, дзе жылі нямецкія афіцэры. Маці, як жонку камуніста, некалькі разоў арыштоўвалі, моцна збівалі. Кожны раз у доме праводзіліся старанныя ператрусы. Сыходзячы, паліцыянты забралі ўсё: ежу, соль запалкі, газу. Падлеткі Моця, Надзя і Алёша заставаліся адны са старэнькай бабуляй, Ксеніяй Мацвееўнай, без ежы.
Нягледзячы на цяжкія ўмовы жыцця ў акупацыі, жыхары горада распачалі барацьбу з ворагам. Сярод патрыётаў была і сям’я Наказных. Ужо летам 1941 г. Кацярына Максімаўна разам з дзецьмі падыходзіла да лагера ваеннапалонных, які размяшчаўся ў Лідскім замку, і кідала праз дрот хлеб, адзенне змучаным голадам ваеннапалонным.
Дом сям’і Наказных размяшчаўся побач з чыгуначнай станцыяй, таму да іх часта прыходзілі ваеннапалонныя, якія працавалі ў дэпо. Разам яны абмяркоўвалі падзеі, якія адбываліся ў горадзе, у лагеры. Іх домік стаў адной з канспіратыўных явак для партызанскіх сувязных атрадаў «Іскра» і «Балтыец».
У канцы 1941 года на Лідскім чыгуначным вузле была створана падпольная група, кіраўнікамі якой сталі камуніст Міхаіл Мікалаевіч Ігнатаў і камсамолец Аляксандр Клімко. У красавіку 1942 г. Матрона ўступае ў падпольную групу. Падпольшчыкі збіраліся на канспіратыўных кватэрах у доме па вул. Польнай, 18 (цяпер вул. К. Маркса), доме бацькі А. Клімко і ў доме ў М. Кастраміной. Тут падпольшчыкі слухалі па радыёпрыёмніку зводкі Саўінфармбюро, абмяркоўвалі навіны, складалі лістоўкі, якія змяшчалі антыфашысцкі тэкст і карыкатуры, размяркоўвалі заданні і даручэнні, захоўвалі зброю. Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі сярод жыхароў горада і бліжэйшых вёсак. Актыўны ўдзел прымала і М. Наказных.
Шмат інфармацыі збірала сям’я Наказных праз паліцаяў. Яны прыносілі маці сціраць бялізну. Матрона некаторы час працавала прыбіральшчыцай у чыгуначных дамах, дзе жылі нямецкія афіцэры. Там яна даведвалася пра каштоўныя звесткі аб ваенных аб’ектах Ліды і бліжэйшых вёсках. Данясенні з атрыманай ад іх інфармацыяй Матрона дастаўляла ва ўсталяванае месца, адкуль сувязныя партызанскага атрада перапраўлялі партызанам.
Улетку 1942 г. Матрона ўладкавалася на працу да былога асадніка ў в. Лаздуны. Там дзяўчына пазнаёмілася з партызанамі. Была сувязной партызанскай брыгады імя Леніна Шчучынскага цэнтра, збірала разведвальныя даныя.
Матрона ўладкавалася на працу афіцыянткай у афіцэрскую сталовую, каб пазбегнуць вывазу ў Нямеччыну і здабываць больш звестак. Пасля ўстанаўлення сувязі падпольшчыкаў чыгуначнага дэпо з камандаваннем партызанскага атрада «Іскра» дзейнасць падпольшчыкаў актывізавалася. Матрона Наказных здабывала звесткі аб перамяшчэнні нямецкіх саставаў, аб грузах, якія перавозіліся. Усе дадзеныя праз сувязных паступалі ў атрад. У сакавіку 1943 г. Матрона Наказных была залічана сувязной партызанскага атрада «Іскра», які ў ліпені ўвайшоў у склад брыгады ім. С. М. Кірава.
1 мая 1944 г. М. Наказных прысутнічала ў атрадзе на свяце, прысвечаным Міжнароднаму дню салідарнасці працоўных. Ёй зачыталі загад аб прадстаўленні да ўрадавай узнагароды. Матроне было дадзена новае заданне. У лесе за 12 – 15 км ад горада знаходзіліся нямецкія склады, якія ахоўваліся паліцэйскімі. Трэба было высветліць, што ў складах, паспрабаваць схіліць іх да барацьбы супраць захопнікаў. Заданне патрабавалася выканаць да 20 траўня. Дакласці камандаванню партызанскага атрада аб яго выкананні М. Наказных не паспела.
У маі 1944 г. пачаліся масавыя арышты падпольшчыкаў. 10 траўня каля 18.00. Матрону арыштавалі. У доме быў праведзены вобыск. Паліцыянты забралі яе рэчы, у тым ліку і сшыткі з вершамі.
Матрону, як і іншых, трымалі ў турме Паўночнага гарадка, катавалі. Яна мужна трымалася.
3 ліпеня 1944 г. Матрону разам з іншымі падпольшчыкамі расстралялі ў лесе за два кіламетры на поўнач ад Ліды. На месцы расстрэлу ўсталяваны помнік.
У 1953 г. астанкі расстраляных былі перапахаваны на праваслаўных грамадзянскіх могілках па вуліцы Савецкай.
Указам Вярхоўнага Савета СССР ад 8 мая 1965 г. Матрона Канстанцінаўна Наказных пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны І ст. Таксама яе імя выбіта на мемарыяльнай дошцы на будынку ДУА «СШ № 1 г. Ліды».























