/ Young people Новости Фотоотчеты / “Кніга на далоні” ў Доме Таўлая

“Кніга на далоні” ў Доме Таўлая

2020 год для горада Ліда стане насычаным культурнымі падзеямі. Усе лідчане, спадзямся ведаюць, што наш прынёманскі горад на Гродзеншчыне — Ліда — горда пранясе нададзены статус – сталіцы культуры. Для гэтай важнай у рэспубліцы падзеі работнікі культуры распрацоўваюць цікавыя праекты. У гэтым накірунку працуюць і супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея.

Гэты год для супрацоўнікаў Дома Таўлая будзе насычаным удвайне. Бо акрамя асноўнай падзеі (Ліда — сталіца культуры-2020), Дому-музею ў верасні споўніцца 10 год.

6 лютага 2020 года прыхільнікі літаратуры, а менавіта яе вялікасці Кнігі сабраліся ў Доме Таўлая па Замкавай, 7. Сімвалічна, што ў гэты дзень, а менавіта ў сталіцы Беларусі, у Мінску, з 5 па 9 лютага праходзіць ХХVІІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. Так, зусім не сакрэт, што кнігі суправаджаюць чалавека на працягу жыцця. Але ж не ў кожнага ёсць калекцыя кніг нестандартнай канструкцыі. Не ўпусціць такі шанц ёсць і для лідчан. Звыш 180 мініяцюрных выданняў прадстаўлена на выставе “Кніга на далоні”. На адкрыццё экспазіцыі прыехаў бібліяфіл Яўген Ксяневіч, які і перадаў на часовае экспанаванне сваю калекцыю кніг-малютак.

З вуснаў госця прысутныя (лідскія паэты, супрацоўнікі музея, студэнты музычнага каледжа) дазналіся пра гісторыю яго калекцыянавання мініяцюрных кніг. Каля 1000 такіх кніг змяшчае яго калекцыя! Сабраная за 50 год! Для параўнання: у Доме Таўлая толькі невялічкая частка з ўсёй калекцыі — 183 кніжкі.

Зазначу, што Яўген Антонавіч і кампазітар. Пагэтаму падчас адкрыцця выставы адбылася і прэзентацыя яго зборніка песень на словы вядомых беларускіх паэтаў “Краіна мая, песня мая…”. Затаіўшы дыханне, паслухалі музыку, пакладзеную ім на словы класікаў беларускай літаратуры.

На гэтым, госць з Мінска не развітваецца. Для Ліды ў яго ёсць шмат прыемных сюрпрызаў. Прызнаемся: Яўген Ксяневіч яшчэ і куратар мастацкіх і музычных праектаў.

А пакуль, на працягу амаль двух месяцаў кожны жадаючы мае магчымасць завітаць у царства мініяцюрных кніг па вуліцы Замкавая, 7. Выстава працуе кожны дзень акрамя панядзелка з 9:00 да 18:00. Тэлефон +375 154 54-15-52.

Дом Таўлая Вас шчыра вітае, на выстаўкі свае запрашае!

Кошт квітка:

Дарослыя — 1 BYN;

Школьнікі — 0,50 BYN;

Студэнты — 0,70 BYN.

PS: Дом Таўлая захапіўся таксама збіральніцкай дзейнасцю міні-выданняў. Ад жыхароў горада ўжо пачалі паступаць такія кніжачкі.