г.Лида, ул.Победы 37а
lixmuseum@mail.ru

  • Русский
  • Беларуская мова
  • English
  • / Новости Фотоотчеты / Персональная выставка Валентины Межво “Дарящая красоту..”

    Персональная выставка Валентины Межво “Дарящая красоту..”

    Выстава, якая кожнаму падорыць прыгажосць, працуе ў Доме Валянціна Таўлая.

    Супрацоўнікі Дома паэта Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея пастаянна ў пошуку. Тут, у паэтычных сценах, даследуецца спадчына вядомых майстроў беларускага пісьменства, тут праходзяць сустрэчы з сучаснымі пісьменнікамі. У выставачных залах размяшчаюцца экспазіцыі, якія маюць літаратурны характар.

    11 жніўня была адкрыта чарговая выстава. На гэты раз персанальная. А менавіта работы з рамеснай майстэрні “Ва-дэль” Валянціны Мяжво. Хтосьці з наведвальнікаў мог бы зазначыць: “А якая тут літаратура?”. Так. Але дадзеная экспазіцыя вядзе ў бок тых падзей, якія адбываліся ў сценах гэтага дома, калі пражываў паэт Валянцін Таўлай. У той час, калі жыў тут паэт (1939-1941 гг.), у гэтым доме былі чутны галасы сяброў па пяру, распаўсюджваўся пах кавы, нараджаліся і чыталіся вершы. Тут быў чутны голас і дзіцячы. Так, сястрычка паэта Ніна сюды часта прыходзіла. Ёй было тады 6-7 годзікаў, гушкалася ў крэсле, бегала па клумбах. Таўлай любіў сястрычку, ёй прысвячаў вершы. Любіў дзяцей. Сваю дачушку яшчэ пры жыцці ён назваў ласкава – Галінка, – як адгалінаванне ў яго родзе, галінка жыцця.

    Так, каб задаволіць дзіця, у той час былі другія ўмовы. Былі другія віды гульняў, былі другія, створаныя рукамі, цацкі, якія перадавалі і дарылі прыгажосць майстра. Ды і вырабляліся яны па-іншаму. Хлопчыкі бавіліся машынкамі, конікамі, салдацікамі, дзяўчынкі – лялькамі. І ўсё гэта надзяляла радасці ў дзіцячым асяроддзі. Але гэта ўжо гісторыя. Дык вось, супрацоўнікі Дома-музея В.Таўлая вырашылі арганізаваць выставу, разлічаную больш для малодшага пакалення. З той мэтай, каб тут зноў можна было пачуць дзіцячы смех, які дарыў бы радасць. Між іншым, персанальная выстава Валянціны Мяжво так і называецца – “Дарящая красоту…”. Без сумневу, кожны, хто яе наведае ў гэтым упэўніцца. Праз рукадзелле, якое выяўлена ў ляльках, можна дазнацца і пра гісторыю ўзнікнення таго ці іншага, створанага майстрам вобраза, які суправаджаецца, між іншым, дакументам – пашпартам. Кожная лялька – своеасаблівы сімвал. Умоўна выстава падзелена на тэмы: лялькі, прысвечаныя гістарычным асобам і пабудовам (роду Радзівілаў, Лідскаму замку, Нясвіжскаму замку і інш.), здароваму ладу жыцця, вядомым беларускім прадпрыемствам і арганізацыям, у тым ліку і лідскім – шклозаводу “Нёман”, “Лідскаму тэлерадыёаб’яднанню” і інш.

    Акрамя гэтага можна ўбачыць і іншыя рукадзельныя вырабы, напрыклад, скураныя карціны, карціны з лёну і г.д. На базе выставы будуць праходзіць майстар-класы ад Валянціны Мяжво, пры гэтым, калі заранёў будзе дамоўленасць з ёй па тэлефоне +375445345640. Гайда, на Замкавую,7!

    Выстава будзе працаваць да канца верасня. Час працы: 09.00 – 18.00. Выхадны – панядзелак.

    PS: Для знаёмства з майстрам можна пазнаёміцца з ранейшымі матэрыяламі, змешчаным у “Лідскай газеце” ” Лялькі бабулі Марыі, або Пра тое, чаму рукадзелле робіць жыццё ярчэй” у № 6 (12971) за 23 студзеня 2019 года і на сайце Лідскага тэлерадыёаб’яднання “Куклы Валентины Межво живут не только в Беларуси, но и за рубежом” за 05.06.2019 г. А пра выставу, адкрытую ў Доме Таўлая сачыце таксама за навінамі мясцовых СМІ.