/ Актуальныя выставы Навіны / “У бібліятэчны свет запрашае Паэт!”

“У бібліятэчны свет запрашае Паэт!”

9 снежня 130-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча адзначаюць хіба што ва ўсіх установах культуры Беларусі і за яе межамі, у прыватнасці, у бібліятэках, кнігарнях, музеях. Не прамінулі гэтую знакавую падзею ў гісторыі беларускай літаратуры і ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея.

Падумалася, а якое дачыненне да Лідчыны мае Паэт? Мае. Бо ён для ўсёй Беларусі!!!. Для вучняў СШ № 1 і СШ №11 паралель паміж ім і некаторымі іншымі пісьменнікамі была зроблена. Так, хто шукае, той знойдзе гэтыя крупінкі, тыя факты, якія злучаюць, як у гэтым выпадку, Лідчыну і Багдановіча. А ўсё дзякуючы такім асобам, як Марыя Магдалена Радзівіл (дзякуючы ёй выйшаў у друк “Вянок” і іншыя зборнікі класікаў), з роду Радзівілаў, што трымалі ў сваіх руках і землі лідскія; Валянцін Таўлай, які вучыўся паэзіі на творах “песняра красы” і лічыў Яго сваім хросным бацькам; Данута Бічэль, родам з Лідчыны, якая была загадчыцай музея Максіма Багдановіча ў Гродне з дня яго адкрыцця і прысвяціла не адзін Яму твор…

Хочацца спадзявацца, што раскрытыя факты, зробленыя паралелі будуць скарыстаныя вучнямі і ў далейшым, што тое зерне, якое было пакладзена ім, будзе мець жыццё. Так жа пісаў і Песняр:

“Хоць зернейкі засохшымі былі,
Усё ж такі жыццёвая іх сіла
Збудзілася і буйна ўскаласіла
Парой вясенняй збожжа на раллі…”,

а яшчэ:

“Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім
Да зор?”

Трэба зазначыць, што Максім Крыніца, Максім Кніжнік – ён жа Максім Багдановіч – хоць і паспеў выдаць толькі адзін “Вянок”, але пра яго выйшла нямала іншых зборнікаў. Некаторыя з іх захоўваюцца і ў Доме-музеі Валянціна Таўлая дзякуючы руплівасці лідчанаў, іх маглі пабачыць, пагартаць падчас мерапрыемства. Сярод гэтых кніжных скарбаў быў жа той самы “Вянок” (нажаль, бібліятэчны, але ж факсімільны)!

Мерапрыемства “У бібліятэчны свет запрашае Паэт!” прайшло на базе пакоя адкрытага захоўвання “Бібліятэка пісьменніка”, які і прэзентаваўся на юбілейныя ўгодкі класіка беларускай літаратуры.