2021 год – юбілейны год (80 год) для беларускага часопіса гумару і сатыры “Вожык”, 125 год з дня нараджэння беларускага байкапісца, які стаяў у вытоках заснавання “Вожыка” Кандрата Крапівы. Шматлікія сучасныя лідскія творцы таксама праклалі свой шлях праз гэты часопіс.
У першакрасавіцкі дзень – дзень гумару – у Доме паэта Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея адкрылася выстаўка шаржаў і эпіграмаў на класікаў беларускай літаратуры “Мастацкая мікстура – шарж і карыкатура”. На экспазіцыі прадстаўлены ў асноўным работы вядомага мастака-шаржыста Канстанціна Куксо і эпіграмы на іх не меньш вядомага беларускага паэта Рыгора Барадуліна. Трэба зазначыць, што экспазіцыя ў большасці створана паводле кнігі “Абразы без абразы”, дзе і змешчаны гэтыя гумарыстычныя мастацкія творы.
Год назад, у Доме Таўлая працавала выстаўка мініяцюрных кніг “Кніга на далоні” калекцыянера Яўгена Ксяневіча, сярод якіх экспанавалася і кніга “Абразы без абразы”. Але цяпер гэтае выданне знайсці было складана. Больш года назад куратару выстаўкі навуковаму супрацоўніку Алесю Хітруну давялося пабываць на фестывалі “Прадмова” ў Мінску, дзе і набыў кнігу Сяргея Шапран “Беларускі гістарычны анекдот”. Так склалася, што збіральнік анекдатычных гісторый пра беларускіх пісьменнікаў змясціў на вокладцы кнігі знакамітыя шаржы Канстанціна Куксо і захоўвае іх у сваім архіве. Дазвол на іх выкарыстанне для выстаўкі, бяспрэчна, дазволіў Канстанцін Мікіціч, які ўжо даволі значны час пражывае ў Маскве і з’яўляецца мастаком-афарміцелем шматлікіх кніг, аўтарам шаржаў на артыстаў і актораў расійскай эстрады і кіно.
Акрамя гэтага, выстаўка змяшчае прадметы і сувеніры, набытыя ў беларускай сталіцы гумару – Аўцюкі падчас адкрыцця музея гумару ў 2012 годзе.
І цяпер кожны жадаючы можа наведаць экспазіцыю, якая размяшчаецца ў самым карыдоры Дома-музея Валянціна Таўлая з той мэтай, каб адразу атрымаць зарад станоўчых эмоцый і пазітыўны настрой на доўгі час.
Гэтым разам наведалі экспазіцыю лідскія майстры гумарыстычнага жанру. Сярод іх – сябар Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімір Васько, паэты Вольга Ашмяна-Бічэль, Ала Юшко, Ганна Гайдукевіч, Ірэна Сліўко, Аляксандр Мацулевіч, Наталля Анашкевіч і інш. Натуральна, што кожны з іх падзяліўся з іншымі порцыяй гумарыстычных твораў (байкамі, вясёлымі слоўнікамі і цікавымі гісторыямі з жыцця).
З вуснаў куратара выстаўкі Алеся Хітруна прагучала прапанова кожнаму занатаваць свае анекдатычныя гісторыі, падзяліцца з ім каб у будучым іх сабраць пад адну кніжную вокладку, а мясцовыя мастакі, якія маюць здольнасці на адлюстраванне камічнага вобраза лідскага пісьменніка, то каб паспрыялі таксама ў такой задачы.
Гайба, у Дом Таўлая, што па вуліцы Замкавая, 7. Падняць настрой класікі беларускай літаратуры вам гарантуюць!












