/ Новости / Ад лідскіх муроў пачынаем мы крок…

Ад лідскіх муроў пачынаем мы крок…

“Ад лідскіх муроў пачынаем мы крок…”
13 кастрычніка ў Доме Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея адбылася ўрачыстая імпрэза “Ад лідскіх муроў пачынаем мы крок…”, на якую сабраліся мясцовыя творцы – майстры мастацкага слова, прыхільнікі літаратуры. Яшчэ з мінулага года супрацоўнікамі Дома-музея быў наладжаны літаратурна-музычны салон “Над Лідзейкай”, на які запрашалі гасцей – вядомых пісьменнікаў Гродзеншчыны. На гэты раз у рамках літаратурна-музычнага салона адбылася прэзентацыя чарговага літаратурна-мастацкага зборніка “Ад лідскіх муроў” №9. Само мерапрыемства было прысвечана 10-годдзю з дня адкрыцця Дома Таўлая.
Куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун зрабіў невялічкі экскурс у мінулае, распавёў пра важныя падзеі, якія адбыліся за дзесяцігадовую дзейнасць Дома-музея, падзяліўся новымі даследчымі знаходкамі і распрацоўкамі па жыццёвай і творчай дзейнасці Валянціна Таўлая.
Зборнік “Ад лідскіх муроў” – гэта таксама вынік дзейнасці Дома Таўлая, тым больш на старонках выдання змешчаны творы, якія так і не выйшлі ў друк пры жыцці іх аўтараў, але, між іншым, творчасць іх была нядрэнна заўважана і адзначана масцітымі пісьменнікамі Беларусі.
Пра структуру выдання, пра гісторыю яго стварэння і пра будучыя планы ў выдавецкай дзейнасці Лідчыны падзяліўся галоўны рэдактар і ўкладальнік Станіслаў Суднік, які, між іншым, у свой час марыў адкрыць у Лідзе літаратурны музей – Дом Таўлая і стаяў у вытоках яго адкрыцця. Цёплымі словамі выступіла перад прысутнымі старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Наталля Валынец, падзякавала Станіславу Судніку за падтрымку, актыўную дзейнасць у літаратурным жыцці горада і ўручыла яму грамату ад Інстытута гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук за актыўнасць па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Лідчыны.
Цёплая абстаноўка была створана і ад зачытвання вершаў як аўтараў зборніка, так і сяброў па пяру. Пад музычны фон паэтэса Тарэза Смольская зачытала верш прысвечаны Валянціну Таўлаю і яго асабістыя. Гучалі вершы з вуснаў Кацярыны Янчэўскай, Станіславы Белагаловай, Ганнай Рэлікоўскай, Аляксандра Мацулевіча, Валеры Мацулевіча, Вольгі Ашмяна-Бічэль. Краязнавец і пісьменнік Леанід Лаўрэш падзяліўся гісторыяй напісання свайго твора і чарговымі цікавымі таямніцамі, якія будуць раскрыты ім у бліжэйшы час і чакаюць свайго чытача.
Між іншым, PDF-варыянт літаратурна-мастацкага зборніка “Ад лідскіх муроў” №9 змешчаны на сайце “Рawet”.
Дом Таўлая адлічвае ўжо другое дзесяцігоддзе. Наперадзе шмат планаў, ідэяў, якія чакаюць сваёй рэалізацыі. Супрацоўнікі Дома-музея пастаянна ў пошуку новых форм для ўзаемаадносін з аўдыторыяй і рады кожнаму наведвальніку.

Дык заходзьце, завітайце!
І з Таўлаем пабывайце!