/ Архіў / “Жыццё ў кадры”

“Жыццё ў кадры”

23 кастрычніка ў літаратурным аддзеле (доме В.Таўлая) Лідскага гісторыка-мастацкага музея па вуліцы Замкавая,7 адбылося адкрыццё фотавыстаўкі Яўгена Пятакіна “Жыццё ў кадры”. Ушанаваць памяць свайго калегі прыйшлі і былыя супрацоўнікі “Лідскай газеты” (нядаўна раённаму выданню споўнілася 80 год), так як Яўген Сяргеевіч у свой час працаваў у раёнцы. На мерапрыемстве прыняла ўдзел і дачка фотамайстра Ларыса Яўгенаўна, якая, між іншым, перадала на выстаўку асабістыя рэчы бацькі (фатапараты, частку фоталабараторыі, пасведчанні). Яшчэ пры жыцці, у 2001 годзе, фотаздымкі Яўгена Пятакіна экспанаваліся на выстаўцы ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі і тады шаноўны фатограф перадаў іх у фонды. Наспеў час іх зноў прадставіць для наведвальніка.

Сябры-калегі, які сабраліся на адкрыццё фотавыстаўкі гаварылі пра Яўгена Сяргеевіча наступнае: ён трапны паляўнічы-фотаснайпер, адмысловы рыбак, заядлы грыбнік, няўрымслівы дачнік, душа кампаній. Фотаздымкі, якія прадстаўлены на выстаўцы, самі па сабе ўжо адлюстроўваюць іх аўтара як вернага сябра ўсяго жывога, цудоўнага і багатага краю беларускай зямлі.

Героі кадраў фотамайстра – гэта цудоўныя людзі-працаўнікі. Але ў большасці – гэта раслінны і жывёльны свет Беларусі, дзе можна ўбачыць і рэдкіх асобінаў, занесеных у Чырвоную кнігу. Быццам жывыя паўстаюць перад намі ў незвычайным ракурсе ваўкі, лісіцы, дзікі, вавёркі, ласі, бярозы, сосны, азёры, рэкі. Сёння самы час, калі з асалодай узгадваеш пра свой край, дзелішся ўспамінамі пра яго мінулае, бо бягучыя гады праходзяць у рамках Года малой радзімы, якія багатыя на краявіды, на прыгажосць, якая можа быць адлюстравана толькі ў творах.

Вандруючы разам з паляўнічым, Яўген Сяргеевіч пільна сачыў за жывёламі. Зброяй для яго было фотаружжо. Цікавае параўнанне: калі трапным стрэлам для першых абрывалася жыццё братоў нашых меншых, то націск “курка” фотамайстра, наадварот, увекавечваў жывыя істоты. Яўген Пятакін праз свае фотамастацкія працы дапамагае пазнаёміцца з беларускай прыродай, якую парой, нам складана ўбачыць. І гэта, калі казаць, што аўтар фотаздымкаў родам з Расіі.

Цікава і грунтоўна пра савецкую фотатэхніку распавёў сябар Яўгена Сяргеевіча фотамастак і паэт Янцэвіч Уладзімір Сяргеевіч. Дзеля гэтага на выстаўцы размяшчаецца імправізаваная фоталабараторыя, з якой любы зацікаўлены наведвальнік таксама можа пазнаёміцца.

У далейшым на базе выстаўкі запланаваны сустрэчы – слайд-праграма “Аўтар за кадрам” – з фотамастакамі, якія падзеляцца сваімі набытымі ведамі, знаходкамі, зафіксаванымі на фотакамеру ў свой час, распавядуць пра гісторыю ўзнікнення і нараджэння іх фотаздымкаў з дапамогай тагачасных і сучасных тэхналогій, для дзіцячай аўдыторыі будзе распрацавана гульня ў выглядзе квеста.

А для дарослага наведвальніка экспазіцыі ёсць магчымасць акунуцца ў прастору, якую спрабаваў перадаць Яўген Пятакін, зрабіць фота на памяць на фоне той ці іншай фотакарціны.

Фотавыстаўка будзе працаваць да канца 2019 года.