Ужо больш двух год Дом Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея актыўна супрацоўнічае з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі. Тут знайшлі месца для сустрэчы паэты, культарганізатары, мастакі, майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва… Тут знойдзецца месца і тым, хто частку свайго жыцця прысвяціў музыцы, танцам. Тут створана безбар’ернае асяроддзе для людзей з багатым унутраным светам, які не мае межаў.
Выстаўкі і сустрэчы праходзіць у рамках інклюзіўнага праекта “Перадай дабро па крузе”. Кожны раз запрошаны госць перадае эстафету чарговаму.
Эстафету на гэты раз перанялі дзве асобы з аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абелітацыі інвалідаў г.Бярозаўка. З гэтым аддзяленнем Дом Валянціна Таўлая супрацоўнічае другі год.
З 6 красавіка ў доме Таўлая працуе экспазіцыя “Тварэнне душы і рук” аўтараў Бубноўскага Дзяніса Іванавіча і Санкевіч Надзеі Іванаўны. Бубноўскі Дзяніс прапанаваў работы з дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва – мяккія цацкі і шкатулкі. А Санкевіч Надзея – работы з выяўленчага мастацтва – каляровую графіку і жывапіс.
Завітайце на экспазіцыю! Перадайце і вы дабро па крузе!