Крок мінуўшчыны… Колькі думак затойваецца ў гэтым кароткім сказе?.. Кожны па-своему пакідае свой след у жыцці. След – гэта крок, гэта сэнс жыцця. Гэта можа быць нараджэнне чалавека, пасадка дрэва, збудаванне дома… Гэта можа быць цэлая эпоха. З мінулага мы крочым у будучыню. Старэйшае пакаленне перадае эстафету малодшаму… Такім чынам узнікае і гісторыя. Так узнікаюць і ствараюцца музеі.
Менавіта скарбніцы Лідчыны – Лідскаму гісторыка-мастацкаму музею ў 2019 годзе споўніцца 60 год. 24 красавіка супрацоўнікі музея адзначаць гэтую падзею. Так склалася, што бягучы юбілейны год музея супаў з юбілеем Валянціна Таўлая. Паэту, які жыў у доме, што каля замка (цяпер – вуліца Замкавая,7) з 1939 па 1941 гады споўнілася нядаўна 105 год. Валянцін Паўлавіч працаваў у той час літработнікам у рэдакцыі лідскай газеты “Уперад”. 2019 год таксама юбілейны: “Лідская газета” ў верасні адзначыць 80 год. Гэтыя юбілейныя даты склалі пэўны ланцужок, у якім кожнае звяно моцна змацавана з наступным.
Так як творчая інтэлігенцыя Лідчыны адзначае адну з першых вышэй пазначаных юбілейных нагод, то і супрацоўнікі літаратурнага аддзела таксама вырашылі распачаць святкаванне. Хочацца паверыць у тое, што калі б Валянцін Таўлай жыў сярод нас, то ён з задавальненнем адзначыў бы ўсе гэтыя юбілейныя падзеі. Але ж, як ведаем, напісанае жыве, бо яно ёсць, засталося, мы ім карыстаемся. А гэта значыць, з намі і Валянцін Таўлай. У творах. У кнігах. У сэрцы.
Выстава, якая была адкрыта была да юбілею мела назву “У Таўлая пабываем”. Праіснаваўшы пару дзён, экспазіцыя разгарнула свае межы. У Таўлая зараз кожны наведвальнік можа застацца. Застацца праз рэчы, акунуцца ў той час, пакрочыць з мінуўшчынай. Выстава так і называецца “Крок мінуўшчыны”.
За аснову выстаўкі ўзяты словы паэта: “Пішу я вершы не пяром…”. Так, не толькі пяром, але і душой, жыццём. Пяром літаратурным, душой багатай, жыццём кароткім. Амаль усе творы В.Таўлая прасякнуты адной тэмай: зняволеннем. Творы паэта запісваліся ў людскую невычарпальную памяць. За гады свайго жыцця – з 1914 па 1947 гг. В.Таўлай зведаў шмат: голад, паншчыну, беднасць, рэвалюцыю, вайну. Верыў ён і ў светлую будучыню. Усё гэта шчыльна занатавалася ў яго творчасці. Прадметы, якія прадстаўлены на выставе, раскрываюць творчасць паэта і сюжэт змешчанага каля іх верша. Экспазіцыя выставы змяшчае таксама копіі дакументаў: рукапісаў, машынапісаў, фотаздымкаў. Пад большасцю з іх пазначана “Ліда”, “Ліда, турма”, “1940 год”, “1941 год”, “1943 год”. Гэтыя дакументы былі атрыманы ад калег з Беларускага дзяржаўнага музея-архіва літаратуры і мастацтва г.Мінска. Сімвалічна, у Год малой радзімы творы паэта вярнуліся на сваю радзіму, туды, адкуль з’явіліся на свет. А гэта значыць, Таўлай з намі.
Ітак, запрашаем! У мінулае з Таўлаем!