18 мая – Міжнародны дзень музеяў!
Віншуем Вас са святам і запрашаем на Ноч музеяў 20-22 мая.
Сёння ў Лідскім музеі яшчэ адна прыемная падзея – у асноўны фонд прыняты 45-тысячны прадмет!
Манету 77 пяхотнага палка г. Ліды з надчаканкай відэльца і лыжкі наміналам 20 грошаў у музей перадаў мясцовы жыхар Кошар Аляксандр Рыгоравіч.
77 пяхотны полк – аддзел пяхоты польскага войска ІІ Рэчы Паспалітай. Полк быў створаны 16 снежня 1918 года ў Замброве з Ковенскай і Жмудскай моладзі ў складзе літоўска-беларускай дывізіі.
Полк меў афіцыйную назву “Полк Ковенскіх стралкоў” да часу агульнай нумерацыі польскай арміі. Для падтрымкі сувязі палка з роднай зямлёй, афіцэрам і радавым было дазволена насіць на нарукаўніках замест нумароў мядзведзя – герб Жмудзі.
77 пяхотны полк стаяў у Паўночным гарадку пад Лідай, пачынаючы з 1922 года. Па дадзеных каталогаў, яго кааператыў выкарыстоўваў боны наміналам 5, 10, 20, 50 грошаў і 1, 2, 5 злотых.
Боны гэтага палка на аверсе маюць надчаканку з выявамі аднаго або двух мядзведзяў. Таксама яны маглі быць контрмаркіраваныя ложкай і відэльцам, сустракаюцца манеты з літарамі К. О. У некаторых бонах спецыяльна прабіта скразная адтуліна. Бона з надчаканкай лыжкі і відэльца, меркавана, выкарыстоўвалася для аплаты паслуг у вайсковай сталовай.
У фондах Лідскага музея захоўваецца 7 манет 77 пяхотнага палка:
1 злоты са скразной адтулінай
1 злоты з выявай двух мядзведзяў
10 грошаў з выявай аднаго мядзведзя
20 грошаў
50 грошаў
10 грошаў з надчаканкай відэльца і лыжкі
І апошняе, юбілейнае паступленне – 20 грошаў з выявай відэльца і лыжкі