/ Архіў / Сустрэчы са знакамітымі землякамі ў Год малой радзімы “Любі, браток, родны куток!”

Сустрэчы са знакамітымі землякамі ў Год малой радзімы “Любі, браток, родны куток!”

Лідскі гісторыка-мастацкі музей ўзяў на сябе ініцыятыву, і менавіта ў рамках аб’яўленага Года малой радзімы, арганізаваць шэраг сустрэч з землякамі нашага прынёманскага краю. Гэта новы праект – “Любі, браток, родны куток!”.

“Люблю я край, старонку гэту, дзе я радзілася, расла…” – так пісала беларуская паэтэса Канстанцыя Буйло, дарэчы, якая настаўнічала на Лідчыне. А ці любяць лідскі край нашы землякі? Аб гэтым і не толькі будзе магчымасць дазнацца ў іх самых. Такія сустрэчы, менавіта для музея стануць значнымі ў далейшай працы музейшчыкаў, бо збярэцца і папоўніцца архіў пра таго ці іншага выхадца з прынёманскага краю. А іх, безумоўна, багата. Гэта і пісьменнікі, артысты, акцёры, музыкі, мастакі, кампазітары, спартсмены, медыкі, навукоўцы з розных сфер і інш.

Лідчына – край таленавіты, які ўзгадаваў вядомых асобаў, што сваімі талентамі ўвекавечылі нашу краіну за яе межамі. Для Лідчыны гэта гонар. І самы час іх запрасіць на сваю зямлю – на малую радзіму.

Яшчэ раз трэба нагадаць, што задачай праекта з’яўляецца сабраць інфармацыю пра земляка, папоўніць фонды Лідскага гісторыка-мастацкага музея не толькі звесткамі пра дзяцінства і жыццё выхадца з нашага рэгіёна, але і фактаграфічнымі, бібліяграфічнымі і каштоўнымі дакументамі, матэрыяламі краязнаўчага характару.

 

Вось невялікі спіс гэтых знакамітых асоб.

Віктар Праўдзін – пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, нарадзіўся ў Лідзе (жыве ў Мінску),

Ганна (Халшчанкова) Радзько – заслужаная артыстка БССР, нарадзілася ў вёсцы Банцавічы (жыве ў Мінску),

Вячаслаў Статкевіч – беларускі спявак з ансамбля “Свята”, нарадзіўся ў вёсцы Рэпнікі (жыве ў Мінску),

Іван Кірчук – беларускі музыкант, фалькларыст, лідэр групы “Этна-трыа Троіца”, нарадзіўся ў Лідзе (жыве ў Мінску),

Уладзімір Клімовіч – беларускі пісьменнік, нарадзіўся ў вёсцы Ігнаткаўцы (жыве ў Мексіцы),

Поля Ракса – польская актрыса, нарадзілася ў Лідзе (жыве ў Польшчы),

Дзяніс Летуноўскі – беларускі пісьменнік, нарадзіўся ў Лідзе (жыве ў Францыі),

Дзінара Мазітава – беларускі кампазітар, нарадзілася ў Лідзе (жыве ў Санкт-Пецярбурзе),

Рычард Смольскі – беларускі тэатразнавец, педагог, нарадзіўся ў Лідзе (жыве ў Мінску),

Аляксандр Юрэвіч – беларускі пісьменнік, нарадзіўся ў Лідзе (жыве ў Польшчы),

Наталля Карэйва – беларуская лёгкаатлетка, фіналістка Алімпійскіх гульняў у Лондане, нарадзілася ў Лідзе (жыве  ў Мінску),

Яўген Роўба – прафесар, беларускі матэматык, нарадзіўся ў вёсцы Андрушоўшчына (жыве ў Гродне),

Валерый Ціленць – спартсмен, бронзавы прызёр ХХVI Алімпійскіх гульняў, нарадзіўся ў Лідзе (жыве ў Гродне),

Хрысціна Лялько – беларуская пісьменніца, нарадзілася ў вёсцы Хадзюкі (жыве ў Мінску),

Ірына Багдановіч – беларуская пісьменніца, нарадзілася ў Лідзе (жыве ў Мінску),

Данута Бічэль-Загнетавая – беларуская пісьменніца, нарадзілася ў вёсцы Біскупцы (жыве ў Гродне),

Ніна Таўлай-Радзюкевіч – сястра паэта Валянціна Таўлая, нарадзілася ў Лідзе (жыве ў Вільнюсе).

Міхаіл Баранчык – паэт, нарадзіўся ў Лідзе (жыве ў Мінску).

 

Спіс можна працягваць. Для сустрэчы з вядомымі лідчанамі – якія жывуць за межамі краіны – па магчымасці будзе задзейнічана інтэрнэт-сувязь (скайп), перапіска, а з пражываючымі за межамі Ліды – сустрэча ўжывую, з землякамі.

 

У сераду, 16 мая, у літаратурным аддзеле Лідскага гісторыка-мастацкага музея па адрасе вуліца Замкавая, 7 адбудзецца адкрыццё праекта. У яго рамках – сустрэча з земляком, з паэтам горада Мінска Міхаілам Баранчыкам “Два горада зліліся ў маім лёсе”.

 

Арганізатар правядзення навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун