У доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея адкрылася выстаўка тактыльных жывапісных твораў Васіля Зянько «Паэзія кропак… Разанаў. Таўлай». На выстаўцы прадстаўлены 8 работ: 7 з іх напісаны на «пункціры» беларускага паэта Алеся Разанава, 1 работа прысвечана заходнебеларускаму паэту Валянціну Таўлаю і яго вершу «Верабейкі».
У экспазіцыі судакрануліся два віды мастацтва – літаратурнае і выяўленчае. Карціны ўражваюць не толькі людзей відушчых, але і тых, у каго парушаны зрок. На рэльефнай паверхні жывапіснага палатна змешчаны выявы на творы Алеся Разанава і Валянціна Таўлая, а таксама радкі з вершаў, перакладзеныя на шрыфт Брайля.
Працы Васіля Зянько можна і нават неабходна кранаць. У гэтым упэўніліся і наведвальнікі выстаўкі – людзі са слабым зрокам з ДУ «Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» аддзела дзённага знаходжання для інвалідаў і лідскай раённай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў па зроку».
Дадзеная выстаўка ўваходзіць у праект, які дзейнічае ў Лідскім музеі з 2020 года, для людзей з абмежаванымі магчымасцямі «Передай добро по кругу».
У знак падзякі за папулярызацыю творчай спадчыны беларускага паэта Валянціна Таўлая і за магчымасць пазнаёміць жыхароў Ліды з унікальным інклюзіўным арт-праектам Ваісілю Зянько быў уручаны падзячны ліст і кніга пра Валянціна Таўлая «Этапы жыццёвых дарог».
Выстаўка «Паэзія кропак… Разанаў. Таўлай» будзе працаваць да 5 верасня. Наведаць яе можна кожны дзень, акрамя панядзелка, з 9:00 да 18:00, па адрасе Ліда, вул. Замкавая, д. 7.