г.Лiда, вул.Перамогi 37а
lixmuseum@mail.ru

  • Русский
  • Беларуская мова
  • English
  • / Мы купілі тэлевізар

    Мы купілі тэлевізар

    Калі я расказваю падчас экскурсіі па «Хрушчоўцы 60-х», што першы беларускі тэлевізар быў выраблены на … пільні, многія не вераць. Мінскія “Гарызонты” славяцца паўсюль, а тут пра нейкія піларамы ідзе размова.

    А між тым гэта сапраўды так: менавіта былая пільня, якая выпускала да вайны прасценькую мэблю, стала базай для стварэння ў 1939 годзе Мінскага радыёзавода, якому даручылі наладзіць выпуск радыёпрымачоў і рэпрадуктараў. І завод наладзіў: сабраныя тут радыёапараты насілі прыгожыя назвы “КІМ”, “Піянер”, “Маршал”, а само прадпрыемства неўзабаве атрымала імя Молатава. У 1957 годзе яму было прысвоена другое – імя Леніна. Потым яно стала вытворчым аб’яднаннем імя Леніна. Яшчэ пазней – ВА “Белвар”. А сягоння называецца ААТ “Мінскі прыборабудаўнічы завод”.

    Вось там і быў выпушчаны ў 1954 годзе першы беларускі тэлевізар. А ці не на легендарным “Гарызонце”, як лічаць некаторыя.


    Называўся наш чорна-белы першынец “Беларусь”. Неўзабаве ён ператварыўся ў тэлерадыёлу, аб’яднаўшы на радасць публіцы ў сабе тэлевізар, прайгравальнік і радыёпрымач. Народ за такую шматфункцыянальнасць празваў аздоблены каштоўнымі пародамі дрэва апарат «камбайнам» – мець такі ў доме лічылася асаблівым шыкам.

    Зрэшты, раскошная “Беларусь” не ўсім аказвалася па кішэні. Прасцей і танней было набыць іншую навінку Мінскага радыёзавода – тэлевізар “Нёман”.


    Старэйшае пакаленне напэўна памятае гэтыя цалкам годныя па надзейнасці і сімпатычныя па дызайне чорна-белыя “целікі”, якія ўпрыгожылі кватэры многіх жыхароў рэспублікі. Балазе з 1957 года завод паставіў мадэль на паток і пастаянна ўдасканальваў. А яшчэ прадпрыемства выпускала тэлевізар “Зорка” і “Усход”.


    Але менавіта “Нёман” стаў ўсенародным улюбёнцам: шырокі экран яго ўражваў нават японцаў. Мільённы “Нёман”, які сышоў з канвеера 21 верасня 1967 года, сёння можна ўбачыць у музеі завода. Апошні ж тэлевізар быў выпушчаны тут 29 студзеня 1971 года.

    Пацешны сігнал дайшоў да нас з мінулага. Набытыя тэлевізары патрабавалася … рэгістраваць. Вось аб’ява з газет 1956 года. “Міністэрства сувязі Беларускай ССР даводзіць да ведама грамадзян, кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, што ўстаноўлена абавязковая рэгістрацыя тэлевізараў у 5-дзённы тэрмін з дня іх набыцця. Рэгістрацыя тэлевізараў вырабляецца ў канторах і аддзяленнях сувязі па дакуменце, які пацвярджае асобу і месцажыхарства ўладальніка тэлевізара. Пры рэгістрацыі неабходна прад’яўляць органам сувязі пашпарт тэлевізара. Абаненцкая плата за тэлевізары спаганяецца за квартал наперад па ўстаноўленым тарыфе”.

    Стаіць «Нёман» і на нашай выставе «Хрушчоўка 60-х», традыцыйна прыкрыты плюшавай накідкай з мэтай зберагчы дарагую рэч ад пылу, пластмасавыя кветкі ў вазе, неваляшка. Любыя «цацанкі» на паверхні тэлевізара ставілі … для ўпрыгожвання тэлевізара!


    Менавіта ў 60-я з’явіліся новыя формы тэлевізійнага вяшчання, праграмы, тэлефільмы, якія каханыя і сёння!


    І вядома, старыя, добрыя мастацкія фільмы …


    Цалкам справядліва, тэлебачанне і тэлеперадачы таго часу заслугоўваюць асобнай публікацыі, якая выходзіць за рамкі агляда нашай выставы. Мы ж расказваем пра лад жыцця людзей у “Хрушчоўцы 60-х», складаючы «музейны нацюрморт» з прадметаў таго часу. І тэлевізар быў тады (памятаю гэта дакладна!) цэнтрам падзей. Днём, калі бацькі будавалі сацыялізм у асобна ўзятай краіне, у кватэру, дзе ўжо стаяў тэлевізар, напрошваліся ў госці дзеці. Двары «хрушчоўскіх новабудоўляў» былі яшчэ не ўладкаваны, пагуляўшы ў «казакі-разбойнікі» і ўбачыўшы на шыі аднаго ключ на вяровачцы, дзеці пыталіся: «А можна да цябе пайсці тэлевізар паглядзець?”

    Дзіцячыя перадачы былі чыстымі, добрымі і пазнавальнымі!


    І хто б мог падумаць, што праз 50 гадоў мы ўбачым зусім процілеглы заклік, знойдзены мною на прасторах інтэрнэту:

    Але самае дзіўнае, што тэлевізар у кватэру да шчаслівых уладальнікаў прыходзілі глядзець … суседзі ўвечары! Многія ўспамінаюць, што тэлевізар быў адзін-адзіны ў кагосьці на лесвічнай пляцоўцы! «Добры вечар, а вы тэлевізар глядзіце?» – з такімі словамі ўвечары заходзілі ў кватэру да шчаслівых уладальнікаў тыя, у каго ў кватэры адзіным сродкам камунікацыі было радыё, а так хацелася ўбачыць свет …

    Цярпліва сядзелі гаспадары і суседзі, абмяркоўвалі ўбачанае, шчыра суперажывалі. А тым для абмеркаванняў хапала, тэлебачанне рабіла толькі першыя крокі і мы куплялі не проста запаветную скрыначку, мы куплялі акно ў свет, пра які мы так хацелі не проста даведацца, а ўбачыць яго …

    Як такое можна ўявіць сёння?

    А хоць імёны Вашых суседзяў, Вы ведаеце?

    Для ілюстравання выкарыстаны матэрыялы з фондаў нашага музея, а таксама знойдзеныя на прасторах інтэрнэту. Просьба да неабыякавых да дадзенай тэмы жыхароў нашага горада Ліда: дзяліцеся фотаздымкамі з асабістых архіваў, якія зроблены на фоне інтэр’ераў 60-х гадоў. Скануем і вернем з удзячнасцю!