/ Архіў / Ліда ў творы незабыўнага Максіма Гарэцкага

Ліда ў творы незабыўнага Максіма Гарэцкага

(З цыкла даследчых прац

“Пісьменнікі Беларусі: чарговыя разгадкі ў спадчыне Лідскага рэгіёна”)

 

Даследаваць свой родны кут, свой край, у якім нарадзіўся з’яўляецца найгалоўным маім абавязкам. Чаму? Адказаць складана. Можа па той прычыне, што душой пранікаеш да сваёй радзімы? Можа ад таго, што ведаеш праз якія шляхі і перашкоды прайшла яна каб мы сёння былі шчаслівыя? Нездарма гучыць і такое выказванне “Мілы той куток, дзе перарэзаны твой пупок”.

З кожным разам, калі дазнаюся што-небудзь новае пра маю малую радзіму – вёску Крупава ці пра горад Ліду, мяне цягне ўсё глыбей і глыбей каб разшукаць тое, што яшчэ мала кім вызначана. Няхай сабе гэты скарб ужо і вядомы камусьці, але ж знайсці яго самому і без ніякай дапамогі выклікае невыказаную асалоду і яшчэ большую прыязнасць да краязнаўства.

Горад Ліда затойвае шмат цікавага і нязведанага. Парой, яно (нязведанае) нават знаходзіцца на паверхні, а мы шукаем яго ў глыбіні… Ужо не першы год мне даводзіцца ўзначальваць літаратурным аб’яднаннем “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”, працаваць навуковым супрацоўнікам у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі – яго літаратурным аддзеле (доме паэта Валянціна Таўлая). Становіцца вядомым, што Лідчына – гэта літаратурны край. Так, так! Спрачацца няма сэнсу. Тут налічваецца звыш 500 імён паэтаў і пісьменнікаў чые жыццёвыя шляхі так ці іначай звязаны з Лідчынай: гэта тыя, якія хоць і адышлі ад нас, але з адметным следам, гэта тыя творцы, якія вымушаны былі пакінуць нашы мясціны, але нарадзіліся тут, гэта тыя, хто да гэтых пор радуе чытачоў, слухачоў сваімі творамі. Але зазначу, што свой пачатак літаратурная Лідчына бярэ з канца 16 стагоддзя, калі лідскі стараста Ян Абрамовіч (? – 19.04.1602) выдаў у Вільні евангелістычны “Катэхізіс” у 1598 годзе, у якім змяшчаецца 300 рэлігійных песен. Як бачна, пракладзены час тлумачыць, што літаратура прайшла праз шматгадовую шліфоўку. За свой час тут пабывалі, прыпыняліся, праязджалі вядомыя асобы не толькі па Беларусі але і за яе межамі. Праз Ліду праязджаў вядомы паэт Аляксандр Блок, тут у лідскіх краях узгадваецца і бацька класіка рускай літаратуры Аляксандра Пушкіна Сяргей Львовіч Пушкін, тут працаваў на чыгунцы беларускі пісьменнік Карусь Каганец, тут нарадзілася Цётка, настаўнічаў Францішак Багушэвіч. Тут дырэктарам цвікавага завода быў Уладзімір Корбан, тут жыла Ніна Тарас, жыў і працаваў у газеце “Уперад” Валянцін Таўлай. Тут значны след пакінуў Ігнацый Дамейка, Янка Купала, з зямлёй лідскай звязана Марыся Ямант – нарачонная Кастуся Каліноўскага. Тут нарадзілася першая беларускамоўная паэтэса Адэля з Устроні, тут… З Лідчыны Хрысціна Лялько, Данута Бічэль, Ірына Багдановіч, Віктар Праўдзін, Уладзімір Клімовіч і інш.

Так, праз лідскі край пракладзены шляхі-дарогі шматлікіх дзеячоў культуры, як, напрыклад, беларускага пісьменніка Максіма Гарэцкага. Яго жыццё было кароткім і абарвалася ў час росквіту творчых сіл, жыццёвая сцяжына вяла яго па не роўнай, а наадварот, пакручастай дарозе, дзе найчасцей сустракаліся цяжкасці, перашкоды. Нягледзячы на гэта, творца застаўся самім сабою, не здрадзіў свайму пісьменніцкаму чалавечаму шляху. Як заўважылі даследчыкі, што выбар Гарэцкага, як правіла, быў беспамылковы, бо ў сваіх памкненнях і ўчынках ён кіраваўся высокімі прынцыпамі гуманізму, ідэй праўды, дабра і справядлівасці.

З гісторыі беларускай літаратуры, вядома, што імя Максіма Гарэцкага заслужана ўпісана і размяшчаецца непадалёку ад творчай дзейнасці Янкі Купалы і Якуба Коласа, з якімі, як сцвярджаецца, меў знаёмства.

Сёння ён – агульнапрызнаны класік беларускай літаратуры, адзін з самых таленавітых пачынальнікаў нацыянальнай мастацкай прозы. Сваё кароткае жыццё Гарэцкі прысвяціў высакароднай справе духоўнага адраджэння роднай краіны, выхаванню нацыянальнай свядомасці беларусаў. Зараз на радзіме Максіма Гарэцкага (у вёсцы Малая Багацькаўка, што на Мсціслаўшчыне) створаны музей. Яго імем названы бібліятэка ў Горках, вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У Мінску і Вязьме класіку беларускай літаратуры пастаўлены помнікі. Вобраз Максіма Гарэцкага ўвасоблены ў дакументальных стужках. Яго творчасць знаходзіцца пад пільнай увагай літаратуразнаўцаў. Рэгулярна арганізуюцца Гарэцкія чытанні, выдаецца яго творчая спадчына. З 1997 года дзейнічае Міжнародны фонд братоў Гарэцкіх.

Ваенныя падзеі (Першая Сусветная вайна, рэвалюцыя, жорсткія баі, раненні, лячэнне ў шпіталі пад наглядам Алаізы Пашкевіч (Цёткі)), праз якія і прайшоў яго шлях праз Вільню, беларускія гарады і вёскі, тэрыторыю тагачаснай Расійскай імперыі, удала ахарактарызаваны пісьменнікам у шматлікіх творах. Не будзем спыняцца на іх, так як літаратурная спадчына яго багата і вядомая з навучальнай праграмы.

Трэба зазначыць, што сёлета, Максіму Гарэцкаму споўнілася 125 год з дня нараджэння (нарадзіўся 18 лютага 1893 года). Аб тым, што яго шлях быў пракладзены праз Лідчыну, ён афіцыйна пазначыў у сваім галоўным і вядомым нам рамане-эпапеі, кнізе-аўтабіяграфіі “Камароўская хроніка”.

Фрагмент рукапіса «Камароўскай хронікі». Аўтограф. 1930-я гады.

(Асабісты архіў пісьменніка захоўваецца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі пад нумарам 7 і складаецца з 119 адзінак захавання. Рукапісы пісьменніка можна таксама ўбачыць у фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва)

 

У трэцяй частцы, пад гадамі 1917-1921 гг. пісьменнікам адзначаны год  “1920”. У гэтым годзе ў час ваенных дзеянняў паводле захаваных звестак з “Пракаповага дзённіка” ёсць запісы ўжо Гродзенскіх мясцін. Перадаю ў арыгінале, але ў кароткім змесце.

“17 ліпня. 7 г. раніцы, выехалі ў дарогу, у кірунку на м. Варняны, Астравец. Начавалі ў панскім двары Каменка. Тут багаты панскі палац, багатая мэбля, добрае скуры, чырвонаармейцы яе здзіралі, валяліся кніжкі з багатае бібліятэкі. Тут касцёл ці царква. Сяляне маліліся богу. Адносіны з сялянамі былі добрыя.

У аднэй вёсцы былі настаўнікі, якія ведаюць Кузьму… Яны пачулі прозвішча і з гэтага даведаліся, што я Кузьмоў брат. Ад іх даведаўся пра Кузьму…

18 ліпня. Раніцай выехалі на Ашмяны. А 2-й гадзіне ўдзень былі ў Ашмянах. Начавалі ў панскім двары Ашмянка-Мураванка.

19 ліпня.10 г. р., выехалі. Ехалі на п. дв. Жодзіна, праз м. Табарышкі. Начавалі ў в. Дайнаўка.

20 ліпня. Даехалі да п. дв. Бартынікі, дзе і начавалі.

21 ліпня. Мястэчка Радом.

22 ліпня. Новы Двор.

23 ліпня. Ехалі праз м. Острына. Чуваць была ўлева артылерыйская страляніна. Начавалі ў в. Каневічы (Горадз. губ.).

24 ліпня. А 4 г. удзень выехалі з в. Каневічы, праз в. Абухава, п. дв. Будоны, тут і начавалі, з прычыны няспраўнасці мосту праз Нёман.”

Але больш прыемна нам, лідчанам, што Максім Гарэцкі не абмінуў і мясціны, праз якія ён дабраўся і да нашага роднага горада Ліды і далей пракладваў свой шлях.

“22 жніўня. Уранні прыехалі ў м. Шчучын.

23 жніўня. Праехалі г. Аўгустоў. Ехалі па вялікім лесе, па шашы, шыбка. Разведчыкі, прыслуга – усе былі напагатове, ехалі шыбка, сядзелі і глядзелі ў правы бок, гатовыя біцца. Казалі, што палякі будуць з правага боку. Вялікае напружанне…

24 жніўня. Начавалі ў в. Булда.

25-26 жніўня. Стаялі ў 5 в. ад г. Гродні.

27 жніўня- в. і м. Каменка.

28 жніўня – в. Дымаўцы.

29 жніўня – г. Ліда. З Ліды хацеў дабрацца да Кузьмы, але пабаяўся застацца ад часці.

30 жніўня – м. Тракелы.

31 жніўня – Ліпнішкі, Субатнішкі.

1 верасня – Багданава, Трабы, Вішнева, Філіпятнікі.

2 верасня – м. Забрэззе, Дворышча, Дубіна, Літва Новая і Старая, Палачаны, Груздзёва.

3-4 верасня прастаялі ў в. Груздзёва.

5 верасня пераехалі ў м. Лебедзева….”

Дзякуючы гэтым запісам, у нас, лідчанаў ёсць гонар, што тут, на зямлі лідскай пакінута хоць невялічкая часцінка, але ж вялікага класіка беларускай літаратуры, жыццё якога прайшло не па зайздросным шляху.

 

Алесь ХІТРУН,

навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея