Пра тое, якую цану меў хлеб у час ваеннага ліхалецця, знаёміць інтэрактыўны занятак “Хлеб вайны і хлеб Перамогі”. Напачатку наведвальнікі віртуальна апынуліся на вул. Шубіна ля Лідскага хлебазавода, дзе пазнаёміліся і з гісторыяй назвы вуліцы, і з прадукцыяй прадпрыемства. А затым, уражаныя разнастайнасцю хлебабулачных вырабаў, перамясціліся ў часы ваеннага ліхалецця, калі нават маленькая крошачка станавілася даражэй за золата. Дапамагала пагрузіцца ў атмасферу ваеннай пары выстаўка “Грозна грымнула вайна” і экспазіцыйная частка “Партызанская зямлянка”.
Разнастайнасць у занятак уносілі інтэрактыўныя хвілінкі. Можна было апынуцца на “партызанскай кухні”, набраць дроў і “распаліць” вогнішча, размалоць зерне і… спячы хлеб, калі не хапала мукі.
І, канечне ж, гісторыя 125 г хлеба, якія ляжалі на вагах.
Як голас з мінулага, на занятку прагучала пагаворка “Пры сытасці памятай пра голад”, і каментарый ужо быў не патрэбен.