/ Навіны / «Іх слова аб’яднала…»

«Іх слова аб’яднала…»

“Іх слова аб’яднала…” – выстаўка-гасцёўня, якая адкрылася ў доме Валянціна Таўлая 23 чэрвеня 2022 года ў сімвалічны дзень – Дзень друкавальнай машынкі.

Выстаўка, якая працавала да гэтага часу і мела назву “З мастацкім словам па жыцці”, увайшла ў гісторыю. Некалькі гадоў у экспазіцыйнай зале размяшчаліся стэнды, у якіх пад шклом былі закладзены арыгіналы – дакументы лідскіх пісьменнікаў. Гэта фотаздымкі, кнігі, буклеты, рукапісы. Аднак час бярэ сваё – было вырашана мадэрнізіраваць выстаўку.

Цяпер усе звесткі пра таго ці іншага літаратара скампанаваны і закладзены ў архіўныя папкі. Імі можна будзе карыстацца падчас даследавання творчасці пэўнага лідскага пісьменніка. Супрацоўнікі Дома Валянціна Таўлая скрупулёзна адносяцца да кожнага перададзенага ім матэрыяла. Бясспрэчна, архіў будзе папаўняцца, пашырацца. Асобна на экспазіцыі выдзелена месца для кніг, якія перадаюць аўтары на захоўванне.

Як і раней, тут запланавана правядзенне сустрэч як з лідскімі, так і з вядомымі творцамі Беларусі – паэтамі, празаікамі, артыстамі, музыкамі. Іх усіх аб’ядноўвае адно – Слова.

Першымі наведвальнікамі выстаўкі-гасцёўні “Іх слова аб’яднала…” сталі студэнты гуманітарнага аддзялення Лідскага каледжа УА “Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы”. Выстаўка-гасцёўня павінна прывабіць тых, каму цікава творчасць лідскай літаратуры.

Навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун.