З успамінаў Гулецкага Віктара Пятровіча, 1954 г. н.
Мой бацька быў ваенны. Мы ў 1969 г. пераехалі ў горад Ліду на пастаяннае месца жыхарства. Але мой першы ўспамін пра замак прыпадае на 1966 г., калі праводзілася засыпка кургана. Тады ж я ўбачыў і замак, які быў у запусценні.
З 1969 г. я ўжо часцей бываю ў замку. Улетку сюды прыязджаў звярынец. Дзеці гулялі ў футбол. Мае знаёмыя казалі, што яны знаходзілі тут порах у выглядзе саломінкі.
Добра памятаю абвал заходняй сцяны ў 1986 г., раніцай а пятай гадзіне. Жыў я тады на сёмым паверсе інтэрната насупраць замка, вокны выходзілі якраз на замак. Пачуў моцны грохат. Высунуў нос у вакно, і ўбачыў ужо раскіданыя каменні па вуліцы (тады Камсамольскай). Адбылося ўсё імгненна. Добра, што гэта была раніца. Людзей на вуліцы няма. Ніводны чалавек не стаў ахвярай.
Як потым аказалася, сцяну адбудоўвалі яшчэ ў савецкія часы “халтуршчыкі”. Замест цэменту часта выкарыстоўвалі пясок. У 2005 г. мы гэту сцяну разбіралі. Шэсць чалавек за тыдзень сцяну разварацілі. Яе, шырынёй каля метра, піхалі нагой, і яна падала.
Віктар Пятровіч (прараб будаўніча-мантажнага трэста №19) напярэдадні рыцарскага турніра 2005г. і Дажанак 2010 г. удзельнічаў у рэканструкцыі і рэстаўрацыі замка.
Падрыхтоўка да рыцарскага рыцарскага турніру – 2005 і Дажынак – 2010
За гэты час ў Лідскім замку была разабрана і зноў узведзена заходняя сцяна, заменена дахоўка на паўночна-ўсходняй вежы, накрыты галерэі, узведзена паўднёва-заходняя вежа, пабудаваны лесвіцы на замкавым двары, узведзены пад’ёмны мост і парадная лесвіца каля Каралеўскіх варот, абноўлены цэнтральны праём і ўстаноўлены драўляныя вароты, праведзены каналізацыя, вада, электрычнасць, упарадкавана тэрыторыя вакол замка.
Што тут рабілася? З чаго пачаць?
Спачатку трэба было расчысціць тэрыторыю. Уздоўж паўднёвай сцяны замка былі зараслі малінніку і бяроз. Сталі капаць. Выцягвалі вялікія валуны і не толькі… Каўшом было захоплена 24 снарады. Яны тут з 1944 г. Завозілі сюды, каб не ўзрываць. І было іх тут як грыбоў. А першая міна з трымя ўзрывацелямі была знойдзена яшчэ пры Самсонаве каля паўночнай сцяны.
Перад Дажынкамі капалі тэрыторыю каля паўночна-ўсходняй вежы пад каналізацыю. Знайшлі снарады, якія былі ўкладзены штабялямі і перасыпаны вапнай. У цэлым за гэты перыяд было выяўлена каля 248 снарадаў на тэрыторыі Лідскага замка.
У Лідзе “страннасцей” ая-яй колькі! Падрыхтоўвалі мы паўночна-ўсходнюю вежу. Чысцілі першы паверх. У паўночна-ўсходнім куце, дзе ёсць і сёння ніша, выяўлены трохметровы ход каля двух метраў шырынёй. Яго ж адразу і засыпалі. Але мне вядома, што ёсць у горадзе таямнічыя падземныя хады. Будавалі школу № 4, там жа цякла “ванючка”, было страшнае балота. Знайшлі тунэль з цаглянай кладкай, які вёў да завода электратавараў і аж да абутковай фабрыкі.
Для рэстаўрацыі замка ў 2005-2010 гг. выкарыстоўвалі обальскую цэглу. А гліну вось доўга не маглі падабраць па колеры. Але нарэшце вырашылі выкарыстоўвалі варонежскую гліну. Гэта быў спецзаказ.
Літоўская рэстаўрацыйная цэгла была дарагая (каля 1 долара за адзінку). Яе выкарыстоўвалі пры рэстаўрацыі замка ў савецкія часы. У Літве ўжо на той момант быў вопыт рэстаўрацыі замка ў Троках, таму вытворчасць ужо была наладжана. Літоўская цэгла і обальская адрозніваюцца памерамі. Літоўская каля 25 см даўжынёй, обальская – 28-30 см. Але не хапіла сродкаў на рэстаўрацыю старых байніц на заходняй сцяне. Сёння можна убачыць на паўднёвых байніцах металічныя кручкі. Дык гэта страхоўка, мацавалі трос.
Неабходнай дахоўкі таксама не было ў Беларусі. Заказвалі ў Венгрыі, фірма “Тондах”. Паўднёва-заходнюю вежу крылі ўжо пасля 2014 г.
Ва ўмовах дэфіцыту матэрыялаў прыходзілася праяўляць кемлівасць. Так паўночную баявую галерэю прапанаваў накрыць руберойдам, а зверху прамазаць чырвонай грунтоўкай. І так яна дабыла аж да 2010 г.
Насыпалі тэрыторыю вакол замка. Асабліва за ўсходняй сцяной, да двух метраў. Каля мосціка па вуліцы Энгельса была крынічка, якую мы не маглі засыпаць вельмі доўга. Схаваем, а праз дні два – тры яна зноў выбівалася на паверхню. Але потым усё ж змаглі яе заглушыць.
Да 2005 г. быў толькі адзін уваход у замак. Былі жалезныя вароты ў заходняй сцяне. Але, каб правесці турнір па нормах пажарнай бяспекі неабходна мець хаця б два выхады. Праём (малыя вароты) ва ўсходняй сцяне быў замураваны, а праём (вялікія вароты) былі высока, лесвіцы яшчэ не было. Было вырашана адчыніць меньшы праём.
Тэрыторыю ўздоўж усходняй сцяны падсыпалі і добра так падсыпалі. Тут пасля размяшчаўся рыцарскі лагер. Коней у замак бралі з дварышчанскай канюшні.
Рыцарскі турнір – 2005 прайшоў шыкоўна
Усіх жадаючых трапіць на рыцарскі турнір было больш, чым мог прыняць замак. Натоўп спрабаваў выбіць жалезныя вароты ў заходняй сцяне. Сітуацыю выправіў амон з Гродна. Хлопцы, па метры два ростам, як шуганулі самых актыўных, усе і супакоіліся.

Рыцары нават начавалі ў паўночна-ўсходняй вежы. На адным з паверхаў была пасыпана салома, куды хтосьці кінуў акурак. Вентыляцыі ніякой. Пачалося задымленне. Я надышоў своечасова. Давай іх выводзіць адтуль.
Нюансы
110 х 100 м – памер двара, асіметрыя. Вадзе няма куды дзявацца. Каля сувеніркі ёсць два люкі, туды сцякае вада. Яны хутка забіваюцца. І вада пачынае сцякаць на цэнтральны ўваход. Зайсці ў замак складана.
За трыбунамі было запланавана ўзвесці 11 туалетаў (6 жаночых і 5 мужчынскіх). Ужо падрыхтавалі люкі, правялі каналізацыю, устанавілі бетонную кладку. І тут праект мяняецца. Усё было выканана дарэмна.
У цэнтры планавалася крытая трыбуна для важных гасцей мерапрыемстваў, якія тут будуць праводзіць. Завозілі блокі, мы іх складалі, працавалі. А потым праект зарубілі… Шкада.
Так і іншыя праекты не былі рэалізаваны: будынак адміністрацыі не стаў двухпавярховым, да праёма ў паўднёвай сцяне не прыбудавана лесвіца.
Працаваць было складана, бо не зусім звычайны аб’ект. Так, у паўночна-ўсходняй вежы на другім паверсе ёсць каналізацыйны люк. Трэба было спусціцца на 8 м уніз, каб перакрыць ваду.
А як было складана падаваць бетон па крутых лесвіцах паўночна-ўсходняй вежы, дзе ўхіл пад 45 градусаў і няма парэнчаў. Дык мы прывязвалі канат да сцен, за яго трымаліся і ў бачках насілі бетон.
Вароты цэнтральныя вельмі цяжкія. Устанаўліваць было складана, але справіліся за 4 гадзіны. А яшчэ я прыдумаў надзейную сістэму для іх мацавання. Звярніце ўвагу на металічны штыр у рост варот.
Цэгла ў паўднёва-заходняй вежы мае драпіны. Гэта так балгаркай з алмазным дыскам ад цэменту ачышчалі цэглу. Заўважалі, што ёсць сцены ў вежы пафарбаваныя? Гэта надпісы, не зусім цэнзурныя, замазалі фарбай.
Запісана са слоў Гулецкага В. П. 09.08.2023 г.











