У гэтым годзе спаўняецца 107 гадоў з дня заснавання камсамола.
29 кастрычніка ў многіх беларусаў старэйшага пакалення асацыіруецца з нараджэннем камсамола. Гэтая арганізацыя заўсёды аб’ядноўвала самую актыўную і ініцыятыўную моладзь, якая ўмее згуртавацца і заняць лідзіруючыя пазіцыі ў любой справе.
Першая згадка пра лідскіх камсамольцаў адносіцца да 17 красавіка 1919 г. на горад наступалі польскія часці, у прыватнасці Сувальскі полк. З успамінаў Б.Р. Смаргонскага ад 24.08.1965: «Полк наступаў на горад з усіх бакоў увесну 1919 г. Гэта было пасля Вялікадня. У першы дзень свайго наступлення полк горад узяць не змог. Абарона горада была арганізавана рэвалюцыйным камітэтам з ліку моладзі, якія называлі сябе камсамольцамі. Кіраваў абаронай горада Няпраўскі. Сілы былі няроўныя. На другі дзень полк уварваўся ў горад. Але на цэнтральнай вуліцы сустрэў яшчэ супраціўленне. З дахаў і званоў абодвух касцёлаў сувальцаў абстрэльвалі з кулямётаў. Шмат салдат з гэтага палка былі забіты ў гэтым баі. З абаронцаў горада загінулі Сямён Камянецкі (на плошчы Славы) і Міша Камінскі (на вуліцы Лідскай)».
Нелегальны Камуністычны саюз моладзі Беларусі (КСМБ) утварыўся ў студзені 1924 г. Лідскі райкам КСМЗБ створаны ў студзені 1925 г. Камсамолу Заходняй Беларусі аказваў дапамогу камсамол БССР. Над Лідскай камсамольскай акругай шэфствавала Бабруйская камсамольская арганізацыя. Камсамольцы Лідчыны распаўсюджвалі нелегальную літаратуру, газеты, брашуры, лістоўкі, праводзілі нелегальныя сходы, удзельнічалі ў мітынгах, збіралі сродкі сярод знаёмых у дапамогу бастуючым.

У 1939 г. Заходняя і Усходняя Беларусь уз’ядналіся. У 1940 г. адбылася першая лідская раённая камсамольская канферэнцыя. 15 студзеня 1940 г. камсамольская арганізацыя Ліпніцкай воласці Лідскага павета прыняла ў Ленінскі камуністычны саюз моладзі першых членаў: А. Валчка, Х. Нахімсан, Мееравіч, Брайн, Івянецкую. 8 красавіка 1940 г. загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі Лідскага РК ЛКСМБ стаў Лазінскі.
15 красавіка першым сакратаром РК абраны Галенчык.

Камсамольская арганізацыя Баранавіцкай вобласці ў чэрвені 1941 г. налічвала ў сваіх шэрагах 7516 камсамольцаў, асноўная іх маса ўлілася ў Чырвоную Армію або эвакуіраваліся на ўсход. Да вясны 1943 г. масава-патрыятычную і арганізацыйную працу ў раёнах былой Баранавіцкай вобласці вялі камсамольцы, якія былі ў партызанскіх атрадах і працавалі ў падполлі.
Падпольная партыйна-камсамольская арганізацыя ў Лідзе была створана ў снежні 1941 г. на чыгуначнай станцыі. Камсамольцы ўнеслі вялікі ўклад у барацьбу з ворагам. У маі 1944 г. лідскія камсамольцы-падпольшчыкі былі арыштаваны, а 3 ліпеня расстраляны.
У 1947 г. моладдзю і камсамольцамі горада пасаджаны парк імя Ленінскага камсамола.
Указам Вярхоўнага Савета СССР падпольшчыкі ў 1965 г. пасмяротна ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені. Лідская падпольная партыйна-камсамольская арганізацыя, якая гераічна змагалася з нямецка-фашысцкімі захопнікамі, занесена ў Кнігу Пашаны ЦК УЛКСМ.
Імёнамі камсамольцаў-падпольшчыкаў названы вуліцы нашага горада.
Лідскія камсамольцы актыўна ўдзельнічалі ў адбудове горада і раёна. Камсамольцы Лідчыны актыўна працавалі і на будаўніцтве важных аб’ектаў, такіх як Лідскі лакафарбавы завод (сёння ААТ «Лакафарба»), камбінат будаўнічых матэрыялаў і свінагадоўчы комплекс у калгасе «Запаветы Ільіча», аб’яўленых ударнымі камсамольскімі будоўлямі.

Камсамольцы Лідскай зямлі ўдзельнічалі ў асваенні цаліннных зямель Казахстана.
Нашы землякі з’яўляліся лаўрэатамі камсамольскіх прэмій.
Міхаіл Кушаль, генерал-палкоўнік, за выкананне задачы ўрада па інжэнернаму абсталяванню мяжы ў 1980 г. атрымаў прэмію Ленінскага камсамола.
Х. Лялько, член Союза пісьменнікаў Беларусі – лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі ў 1986 г. за кнігу «Дарога пад гару».
Вялікі ўклад у развіццё спорту ўнеслі камсамольцы Лідскага раёна. Сярод іх Валерый Цыленць. Ён займаўся грэка-рымскай барацьбой, бронзавы прызёр ХХVI Алімпійскіх гульняў ў Атланце ў 1996 г. у сярэдняй вазе (да 82 кг).
У 1991 г. камсамольская арганізацыя спыніла сваю дзейнасць.
Сёння БРСМ з’яўляецца пераемнікам камсамола і захоўвае яго лепшыя традыцыі, такія як патрыятычнае выхаванне, працоўны і валанцёрскі рух.















