/ Young people Новости / Завіталі да Таўлая ў Сусветны дзень пісьменніка

Завіталі да Таўлая ў Сусветны дзень пісьменніка

Завіталі да Таўлая ў Сусветны дзень пісьменніка

Напэўна жыхары горада ведаюць, што ў Лідзе ёсць Дом паэта? Так, і размяшчаецца ён па вуліцы Замкавая,7. Цікава: а каму ён належыў? Бяспрэчна, паэту, які пакінуў важкі след у гісторыі беларускай літаратуры. У гэтым будынку з верасня 1939 па чэрвень 1941 год жыў заходнебеларускі паэт Валянцін Таўлай. Як і пры жыцці паэта, так і цяпер, у гэтым доме збіраюцца творчыя асобы. Наведваюць яго і турысты. Тут праходзяць мерапрыемствы літаратурнага характару.

3 сакавіка ў Сусветны дзень пісьменніка ў мемарыяльным пакоі Дома Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея сабраліся вучні СШ 1. Тут упершыню быў арганізаваны агляд калекцыі “Дакументы” – “Новае пра Таўлая”. У большасці гэта копіі дакументаў, якія былі вынайдзены за апошнія гады з літаратурных музеяў і розных бібліятэк Беларусі: рукапісы, машынапісы з рознымі рэдактарскімі праўкамі паэта, друкаваныя выданні, фотаздымкі, мастацкія работы і інш.

Куратар Дома-музея навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун распавёў пра гісторыю будынка (у верасні 2020 года Дому-музею споўнілася 10 год з дня адкрыцця), пра дзейнасць паэта, частка жыцця якога была праведзена ў Лідзе, падзяліўся гістарычнымі фактамі, якія раскрываюць сувязь творцы з нашым горадам. Так, у нашым прынёманскім горадзе Валянцін Таўлай нарадзіўся як паэт у свае 8 гадоў, навучаючыся ў польскай школе №5 імя Людвіка Нарбута. Дарэчы, у бягучым годзе споўніцца 100 гадоў калі бацька-чыгуначнік правёз будучага паэта ў Ліду ў школу. Наступны, 2022-і, таксама стане юбілейным – першаму напісанаму вершу “Wróbelki” (“Верабейкі”) споўніцца таксама 100 гадоў. З гэтай нагоды супрацоўнікамі Дома-музея запушчаны праект-акцыя “Вядзе рэй верабей”.

Вядома, што ў кожнага музея, насамрэч, ёсць свая пэўная сімволіка. Яна непасрэдна звязана з творчай дзейнасцю той ці іншай асобы. Умоўным сімвалам Дома-музея з’яўляецца менавіта верабей. Птушка, між іншым, для ўсіх нас вядомая. Яе вобраз выкарыстоўваюць у розных творчых ідэях. І пагэтаму, супрацоўнікі Дома Валянціна Таўлая вырашылі сабраць комплекс матэрыялаў і прадметаў пра вераб’я. Гэта могуць быць вырабы з дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва (саломапляценне, арыгамі, вышыўка, работы па дрэве і тканіне і г.д.), работы выяўленчага мастацтва (малюнкі, карціны), мастацкія творы (вершы, апавяданні) і іншае… Адметнай каштоўнасцю тут стануць матэрыялы (прадметы), якія захоўваюць аўтарства. І пагэтаму, мы хочам каб нас пачулі творчыя асобы і такім чынам падтрымалі нас у гэтай справе. Нам ужо паступілі першыя работы, гэта значыць, збор пайшоў. Сабраныя за год прадметы займуць годнае месца ў экспазіцыі.

У тым, што гэтая ідэя ажыццявіцца, можна не спрачацца. Неабыякавае стаўленне да дзейнасці В.Таўлая праяўлена ў Алеся Хітруна ўжо не першы год.

Бясспрэчна, ушанаваннем творчай і жыццёвай дзейнасці паэта-рэвалюцыянера займаліся і ў іншых музеях Гродзеншчыны, напрыклад, у краязнаўчых і школьных музеях Слоніма, у Баранавічах. У сваіх фондах яны

захоўваюць некаторыя матэрыялы. Так, за апошнія гады працы Дома-музея была сабрана даволі значная частка матэрыялаў, якія раскрываюць дзейнасць Валянціна Таўлая. З Домам паэта дзеляцца дакументамі калегі з Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея, з Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, вельмі шмат матэрыялаў паэта захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, у фондах Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі адкуль таксама была перададзена частка архіва. Падтрымліваюць супрацоўнікаў Дома Таўлая і краязнаўцы, як напрыклад, Сяргей Чыгрын са Слоніма. Перадала архіў свайго знакамітага дзеда – пісьменніка Пятруся Граніта, які сябраваў з Таўлаем, унучка Людміла Яновіч. У мінулым годзе, з Гродна, сын бацькі-партызана атрада “Буравеснік” Мікалая Грабёнкіна падараваў рэчы, якімі карыстаўся паэт. Валянцін Таўлай, як вядома, любіў і народную музыку, сябраваў з кампазітарамі, як з Рыгорам Шырмам, Генадзем Цітовічам, Міхалам Забэйда-Суміцкім. Сучасны кампазітар Леанід Шурман паклаў нямала песень на вершы Валянціна Таўлая, якія таксама захоўваюцца ў Доме Таўлая. Было бы за шчасце, каб гэтыя музычныя творы загучалі ў сценах Дома паэта. Валянцін Таўлай прадстаўлены і на карцінах вядомых мастакоў Беларусі. Як, напрыклад, у рабоце мастака, паэта Венанцыя Бутрыма з Баранавіч – «Партрэт В.Таўлая», карціна Рамана Семашкевіча «Партрэт Таўлая» (напісаны ў 1930-я гады), Уладзіміра Сахненкі «Вобраз Таўлая», адна з апошніх – за 2005 год – карціна Уладзіміра Стальмашонкі «Супрацоўнікам часопіса “Калосьсе” прысвячаецца». За дзень да мерапрыемства была атрымана ад калег з Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы копія палатна за 1942 год «А ты, сіраціна, жыві…» па творы Янкі Купалы аўтара Пётра Сергіевіча. Гэтая работа, як вядома з яе гісторыі, першапачаткова была задумана пад назвай «На працу». Але пабачыўшы яе яшчэ ў майстэрні, Валянцін Таўлай зазначыў, што па прадстаўленаму настрою, яна ідэальна адпавядае раннім творам Купалы. Мастак пагадзіўся з меркаваннем Таўлая і ў 1944 годзе, на адкрыццё Купалаўскага музея ён падараваў яе гэтай установе.

Архівы Валянціна Таўлая захоўваюцца ў шматлікіх музеях і бібліятэках Беларусі і за яе межамі. Як упэўнены куратар Дома Таўлая Алесь Хітрун, што з цягам часу ўвесь гэты матэрыял будзе вывучаны і даследаваны, а таксама даступны наведвальнікам.