Незабыўныя сустрэчы са знакамітай зямлячкай, Заслужанай артысткай Беларусі Ганнай Радзько.
Як ужо падказвае жыццё, сустрэчы, якія я арганізоўваю з людзьмі парой праходзяць небясследна, заўважана. Такіх, зноў паўтару, нямала. Вядома, да кожнага трэба мець падыход, кожнага трэба выслухаць, даць магчымасць яму падзяліцца набалелым. Загадзя, да сустрэчы, ствараеш пэўныя пытанні суразмоўцу, вызначаеш яго творчыя задаткі, дасягненні, вывучаеш яго біяграфію. Парой нават і не задумваешся ці пакіне гэтая сустрэча цёплы ўспамін. Пра адну з такіх хачу падзяліцца.
2018-2020 гады прайшлі пад знакам малой Радзімы. Работнікі культуры праводзілі мерапрыемствы на адпаведную тэматыку. Я, як навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея сабіраў інфармацыю пра знакамітых выхадцаў – ураджэнцаў Лідчыны. Прызнаюся, іх у нас багата. Гэта і пісьменнікі, артысты, музыкі, кампазітары, спартсмены, навукоўцы з розных сфер і інш. Сабраць звесткі пра іх, прызнаюся, было нялёгка, з некаторымі, нажаль, і зусім не атрымалася сустрэцца па розных абставінах.
Падчас навучання ў Мінску на курсах у інстытуце культуры і мастацтва, трэба было распрацаваць экспазіцыйны праект. Бліжэйшая для мяне была тэма малой радзімы. Падчас працы, мною былі вызначаны некаторыя кантакты, адрасы вядомых выхадцаў з Лідчыны, якія, між іншым, пражываюць і ў Мінску. Ды толькі адна з такіх асоб змагла ўдзяліць мне ўвагу. Хто гэта? Заслужаная артыстка Беларусі Ганна Радзько!
Першая сустрэча з зямлячкай адбылася 24 кастрычніка 2018 года, другая – 4 красавіка 2019 года і трэцяя – 8 снежня 2019 года. Усе гэтыя сустрэчы для мяне застануцца незабыўнымі.
Адразу, з парогу, Ганна Станіславаўна запрасіла мяне на кухню на абед. Гэта, як я разумею, у яе сям’і традыцыя. Забягаючы наперад, прызнаюся, усе мае тры сустрэчы з ёю, пачыналіся з гэтай жа традыцыі. Адразу бачна, землякі! Хтосьці казаў: калі ты лідскі, то будзеш і па-людску. За смачным абедам можна і пашчыраваць у гутарцы. Слова па слову і перада мною ствараецца цікавы вобраз чалавека, які сваімі прыроднымі задаткамі і мэтанакіраванасцю праславіў не толькі наш лідскі край, але праявіў сябе далёка за межамі нашай краіны. Тады незнарок падумалася: “Нездарма ў яе званне Заслужанай артысткі!”
На днях Ганна Станіславаўна адзначыла свой юбілей – 70 год. Вядома, абмінуць гэтую дату я не змог і зрабіў тэлефоннае віншаванне для знакамітай зямлячкі.
Ганна Радзько (на фота злева) з маці, братамі і сёстрамі
Ганна Станіславаўна нарадзілася ў вёсцы Банцавічы Дзітвянскага сельсавета 21 студзеня 1951 года ў сям’і калгаснікаў. Бацька – Станіслаў Міхайлавіч, маці – Зоф’я Міхайлаўна. У іх сям’і было 6 дзяцей – тры дачкі і тры сына: Леакадзія, Станіслаў, Франц, Уладзімір, Люцыя, Ганна.
З 1958 па 1962 год (з 1 па 4 класы) вучылася ў беларускай школе ў суседняй вёсцы Кульбакі. Школа размяшчалася ў звычайнай драўлянай хаце на два канцы, прычым, у другім – жыла сама настаўніца. З 1962 па 1966 гады навучалася ў СШ №2 г.Ліды – гэта была Лідская сярэдняя агульнаадукацыйная працоўная палітэхнічная школа з вытворчым навучаннем. Але поўны школьны курс вучаніцы Ганне прыйшлося закончыць у СШ №6 у 1968 годзе.
У гады вучобы ў Лідзе, Ганна з сястрой Люцыяй пражывала па вуліцы Крылова, 4 у роднага брата Станіслава (цяпер там жыве яго жонка Ірына з дзецьмі). Закончыўшы школу, сястра Люцыя дапамагла ўладкавацца ёй на працу на склад завода ЖБВ, які падпарадкоўваўся Лідскаму будтрэсту №19.
Яшчэ са школьных гадоў Ганна захаплялася маляваннем. І аднойчы камсорг Лідскага будтрэста №19 заўважыў яе мастацкія здольнасці і запрасіў на працу і разам з тым, часовым месцам жыхарства для яе стаў інтэрнат гэтай жа бударганізацыі, што па сучаснай лідскай вуліцы Замкавай. На той час з боку ад Лідскага замка была жаночая частка інтэрната (да 2018 года там размяшчалася кіраўніцтва будтрэста). Жыццёвая дарога павяла Ганну на працу ў якасці мастака-афарміцеля на ЖБВ.
Трэба зазначыць, што з юнацкіх гадоў падчас вучобы ў школе яна прымала ўдзел у мастацкай самадзейнасці. Ганну вабіла сцэна. Увесь вольны час аддавала песням. Але трэба зазначыць, што гэта было падчас школьных летніх канікул: Ганна прыязджала ў Банцавічы і ў клубе ў суседніх Кульбакаў выходзіла на сцэну вясковай спявачкай. І ўжо пражываючы ў Лідзе, у інтэрнаце, акрамя таго, што яна сябе праявіла здольнай швачкай, Ганна адчула ў сябе яшчэ мацнейшую цягу да песняпеваў. І гэтая любоў да песні прывяла дзяўчыну ў народны ансамбль песні і танца “Лідчанка”, які, між іншым, аб’явіў яшчэ і конкурс, які праходзіў у Гродне. За ўдалае выкананне, маладая артыстка атрымала крыштальную вазу. На той час пры ансамблі быў свой аркестр, інструментальная група, хор, баяністы. Мясціўся ансамбль у Доме культуры, які размяшчаўся па вуліцы Таўлая, што каля Лідскіх харчканцэнтратаў. Ужо тады, салістка Ганна Радзько разам з калектывам “Лідчанка” ездзіла ў Беласток, у Маскву на ВДНГ, у Гродна, Польшчу.
Аднойчы Ганну запрасілі ў Мінск на праслухоўванне голасу. Гэта было ў студыі Дома радыё, што па вуліцы Чырвоная,4. Яе выступленні былі запісаны на магнітную стужку. За тыдзень было запісана каля васьмі песен. Мэтай камісіі было вызначыць і праверыць як кладзецца голас на мікрафон, ці ёсць музычны слых, як праходзіць працэс запамінання. Трэба зазначыць, што заранёў, ёй дасылалі пэўныя метадычкі для азнаямлення з нотнай граматай. Усё гэта было засвоена Ганнай. Адным разам, камерна-інструментальны ансамбль беларускага тэлебачання і радыё накіроўваўся ў Бярозаўку на шклозавод “Нёман” і з сабою папрасілі пачынаючую салістку Ганну. Яна не адмовіла. Гэта было першае вялікае выступленне для яе. Тым больш, што яна старанна падрыхтавалася, як душой так і знешне, у прыгожай сукенцы. Яна, між іншым, была пашыта таксама яе рукамі. Заўважыўшы талент дзяўчыны, мастацкі кіраўнік “Камерна-інструментальнага ансамбля беларускага тэлебачання і радыё”, заслужаны артыст БССР Леанід Аляксандравіч Смялкоўскі 1 красавіка 1971 года прапанаваў ёй штатную работу на радыё.
Мастацкі кіраўнік камерна-інструментальнага ансамбля Беларускага тэлебачання і радыё заслужаны артыст БССР Леанід Смялкоўскі
І ўжо 1 верасня 1972 года Ганна Радзько паступае ў Мінскае дзяржаўнае музычнае вучылішча імя М.І. Глінкі на аддзяленне харавога дырыжыравання. Вучоба працягвалася 6 гадоў, бо адзін год у яе быў акадэмічным. Працавітасць і настойлівасць, што перадаліся ад бацькоў, дапамаглі не толькі засвоіць музычныя веды, але і стаць салісткай “Камерна-інструментальнага ансамбля беларускага тэлебачання і радыё”.
У чэрвені 1978 года атрымала дыплом. Але на гэтым вучоба не спынілася. У 1986 годзе Ганна Станіславаўна паступае ў інстытут культуры на завочную форму навучання, дзе вучыцца да 1991 года.
Што датычыцца сямейнага жыцця, то яно пачалося ў 1971 годзе. У тым годзе падчас працы на радыё, на ансамблі яна пазнаёмілася з музыкантам, які граў на домры – Халшчанковым Аляксандрам Рыгоравічам (нарадзіўся 5 верасня 1946 года ў Гомелі). 28 верасня 1973 года маладыя людзі ўзялі шлюб. Спачатку пажыць прыйшлося ў інтэрнаце па вуліцы Гамарніка, а потым, у 1976 годзе пераехалі ў новы пабудаваны шматпавярховік на вуліцу Цікоцкага,22, дзе і жыве да сённяшняга дня.
Шчырае сяброўства ў іх было з кіраўніком “Камерна-інструментальнага ансамбля беларускага тэлебачання і радыё” Смялкоўскім Леанідам Аляксандравічам, які ўзбагаціў гучанне музычнага ансамбля (сэкстэта домраў) новымі фарбамі – увёў у яго партытуру баян, арфу, цымбалы і ўдарныя інструменты, нямала працаваў над аранжыроўкай найбольш значных твораў секстэта домраў. Што датычыцца мужа Ганны Станіславаўны Аляксандра Рыгоравіча, то па параўнанню з ёй, ён закончыў музычнае вучылішча пра кансерваторыі і анспірантуру. Для яе галоўнай замацоўкай у атрыманні ведаў стала сумесная праца ў ансамблі, разам з якім аб’ездзілі ўвесь Савецкі Саюз, Аўстрыю, Германію, Стаўрапольскі край.
Ганна Радзько падчас выступлення з калектывам ансамбля
Памятае Ганна Станіславаўна пра паездкі зя мяжу як з ансамблем так і адна – у Эстонію, Літву, Латвію. Напрыклад, у Абхадскім горадзе Піцундзе выступала ў адным канцэрце з артыстамі расійскай эстрады Тамарай Гварцытэлі, Эдзітай П’еха, Сосо Павліяшвілі, Іосіфам Кабзонам.
Ганна Радзько падчас выступлення з калектывам ансамбля
Паездкі былі звязаны сумесна з тэлебачаннем, як, напрыклад, у Маскве быў конкурс “С песняй по жизни”, галоўным рэдактарам якога была Таццяна Каршылава. Гэты конкурс чымсьці падобны на “Фабрику звёзд”, дзе Ганна Станіславаўна спявала ў жывую. Але ж лаурэатам яго стала Надзея Чапрага… За адданасць да народа, слухачоў-гледачоў, адказнае стаўленне да пастаўленых задач, і, наогул, нягледзячы на цяжкасці, ад якіх яна не адступіла назад, – у 1982 годзе Ганне Радзько прысвоілі званне Заслужанай артысткі БССР. Між іншым, у народзе называлі артыстку агеньчыкам народнай песеннай творчасці.
Артыстка Ганна Радзько
Пасля смерці Л.А.Смялкоўскага (24 жніўня 1995 год) ансамбль змяніўся, зменшылася колькасць гастрольных тураў, узніклі праблемы з запісам песен і 13 верасня 2003 года зволіліся ўсе сябры. Але Ганна і Аляксандр засталіся тут у ансамблі да пенсіі. У ліпені 2004 года Аляксандр памірае. Ганна, між іншым, недапрацавала тры месяцы да пенсіі, але ж працоўную дзейнасць яна працягнула ў другім накірунку. У ім паспрыялі, перададзеныя ад маці маральная нязломнасць, спагадлівая дабрыня. Трэба нагадаць, што яе маці, Зоф’я Міхайлаўна, нават у цяжкія хвіліны жыцця не расставалася з песняй, цаніла яе і гэту любоў перадала дзецям. Два культы – песні і працы – перадалі бацькі сваім нашчадкам. Гэтыя рысы характару не пакідалі Ганну увесь час: крыху пазней з 2011 па 2016 год яна працавала афарміцелем па ландшафтнаму дызайну. Сапраўды, калі працавітасць закладзена з маленства, то яна застанецца на ўсё жыццё. Бо, як і раней, так і цяпер Ганна Станіславаўна займаецца швейнай справай. Між іншым, у пашытых сваімі рукамі касцюмах яна ў свой зорны час выходзіла на сцэну.
Ганна Радзько ў сцэнічным касцюме, пашытым сваімі рукамі, 2018 год
Артыстка Ганна Радзько
Узнагарода ад старшыні Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі, 2015 год
Яе не пакідаюць дачка з унучкай – Наталля Аляксандраўна і Ірына Вадзімаўна. Не забывае і брат Франц Станіслававіч, які ў свой час узначальваў калгас імя Куйбышава, а потым міжраённую інспекцыю па экалогіі.
І да сённяшняга часу Ганна Станіславаўна цёплым успамінам узгадвае сваю малую радзіму – вёску Банцавічы. Мілы ж той куток, дзе перарэзаны
пупок! А мне прыемна, што на маім шляху ўдалося сустрэцца са знакамітай зямлячкай. Тым больш, што малая радзіма якой – Банцавічы – знаходзіцца непадалёку ад маёй – Крупава.
Алесь Хітрун у гасцях знакамітай зямлячкі Ганны Радзько, 2018 год
Безумоўна, Ганна Станіславаўна падзялілася са мною фотаздымкамі, якія захавалі незабыўныя моманты з канцэртных выступленняў, нотамі з запісанымі песнямі ў яе выкананні, дыскам. Гэтыя прадметы – матэрыялы папоўняць фонд Лідскага гісторыка-мастацкага музея.
Ганна Радзько пакідае землякам дарчы надпіс, 2019 год
Не губляючы момант, хачу ўзгадаць пра цікавы ўспамін, які быў занатаваны былым карэспандэнтам “Лідскай газеты” Тадэвушам Чарнавусам і змешчаны быў у газеце за 5 чэрвеня 1996 год пад назвай “І сыходзяць з партрэтаў жывыя людзі”. Вось урывак з яго: “Гадоў гэтак дваццаць пяць назад, калі цяпер заслужаная артыстка рэспублікі Ганна Радзько толькі-толькі пачынала браць удзел у мастацкайй самадзейнасці Ліды, спяваць у ансамблі “Лідчанка”, нікому тады невядомы лідскі мастак Уладзімір Мельнікаў не толькі звярнуў на яе ўвагу, але і прадказаў ёй бліскучую будучыню. Сваёй сяброўцы па працы, з якой яны прысутнічалі на выступленні “Лідчанкі”, ён тады і зазначыў: “А давай пойдзем у заклад, што з гэтай спявачкі ў будучым атрымаецца вядомая артыстка!”. Сёння можна не сумнявацца, што Уладзімір тады як у ваду глядзеў. Ды і сам ён з цягам часу паступова вырас у вядомага мастака, імя якога ведаюць далёка за межамі нашага горада… У той час, дарэчы, ён быў ужо аўтарам такіх
пейзажных палотнаў, як “Воблака над Нёманам”, “Ля берагоў Ялты”, “Купанне лідчанкі”, “Дэман”… Міжнародная вядомасць прыйшла да У.Мельнікава калі ён напісаў партрэт вядомай палітычнай дзяячкі Маргарэт Тэтчэр… Затым у складзе творчана аб’яднання “Лідзяне” СШ №14, дзе У.Мельнікаў працуе выкладчыкам, была выстава ў Рэспубліканскім Палацы мастацтва. Там аб карцінах нашага земляка цёпла адклікнуліся Ніл Гілевіч, Вольга Іпатава, тагачасны намеснік міністра культуры і друку Іван Карэнда і іншыя. Тады ж Вольга Іпатава і параіла мастаку стварыць цэлую серыю партрэтаў пад агульнай назвай “Вядомыя людзі Беларусі”. Як жыхар нашага горада, ён і пачаў гэты цыкл з партрэта сваёй зямлячкі Ганны Радзько. Трэба пазначыць, што мастак змог па-зямному, проста адлюстраваць воблік спявачкі, падкрэсліць узнёсласць яе душы…”
Партрэт Ганны Радзько работы лідскага мастака Уладзіміра Мельнікава. Захоўваецца і экспануецца ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі.
Сустракаўся са знакамітай зямлячкай і занатаваў яе ўспаміны навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун.