2018 год для Беларусі – гэта Год малой радзімы. Для горада Ліды гэты бягучы год адметны і тым, што яму спаўняецца 695 год з дня заснавання яго вялікім князем Літоўскім Гедымінам. Горад рыхтуецца да святкавання.
Літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея не застаўся ў баку ў падрыхтоўцы да яго правядзення. І, напэўна, дом паэта Валянціна Таўлая адным з першых пачаў святкаваць. Не дарэмна святое пісанне гаворыць: “Напачатку было Слова…”.
Дык вось цёплымі жнівеньскімі днямі адкрылася выстава “У гісторыю слова лідскага”, якая прымеркавана да юбілею горада. На яе адкрыццё сабраліся майстры прыгожага пісьменства – мясцовыя літаратары, якія таксама нясуць яго вялікасць Слова ў сваіх мастацкіх творах, аздабляючы яго вобразна-выяўленчымі сродкамі.
На выставе размяшчаюцца копіі і арыгіналы даследчых прац пра горад. Для прыхільнікаў гістарычнага мінулага стануць цікавымі копіі ўрыўкаў з выдатнага твора польскай гісторыяграфіі – з польскай сярэдневяковай “Хронікі слаўнага каралеўства Польшы”, напісанай Янам Длугашам ў 1455-1480 гг. на лацінскай мове. Таксама пра гісторыю зямлі лідскай можна дазнацца з выдатнага твора, а менавіта з ўрыўкаў копій “Хронікі Польскай, Літоўскай, Жмудскай і Усяе Русі” Мацея Стрыйкоўскага найбольш поўных і дакладных лідскіх падзей XIV-XVI стагоддзяў. Як вядома, гэта першая друкаваная гісторыя Вялікага княства Літоўскага. Яе смела можна назваць унікальным помнікам позняга сярэднявечча. Трэба зазначыць, што для зручнага азнаямлення дадзеныя ўрыўкі перакладзены на беларускую мову.
Упрыгожвае выставу партрэт аднаго з буйных гісторыкаў ХІХ стагоддзя Тэадора Нарбута, аўтар якога мастак М. Меранкоў (1990 г.). Менавіта Тэадор Матэвуш Остык-Нарбут надаваў вывучэнню Лідскага замка і гісторыі г. Ліды. Гэты горад ён лічыў адным са старэйшых у Беларусі.
На выставе прадстаўлены арыгіналы газет “Nasha Niwa” (“Наша Ніва”) “Ziemia Lidzka” (“Зямля Лідская”), у арыгінале партрэты сяброў рэдакцыі газеты “Ziemia Lidzka”, якая выходзіла ў Лідзе ў 1936-1939 гадах. Партрэты Уладзіслава Абрамовіча, Аляксандра Снежкі, Антоніа Грымайла-Прыбыткі, Міхала Шымялевіч – гэта графічная праца лідскага мастака Вадзіма Вараб’ёва. Акрамя іх можна ўбачыць партрэт яго работы першай беларускай паэтэсы Адэлі з Устроні, якая мяркуецца, што паходзіць з Лідскага павета.
Упершыню выстаўлены копіі рукапісаў з фонду Асамінскіх Міхала Шымялевіча, а таксама арыгіналы твораў праваслаўнага святара, беларускага пісьменніка Пятра Бітэля, які быў хрышчаны ў Лідскім Свята-Міхайлаўскім праваслаўным саборы.
Пра Ежы Путраманта – польскага пісьменніка – можна дазнацца з рукапісаў кнігі ўспамінаў «Паўвека», пераклад якога зрабіў Станіслаў Суднік. Тут узгадваецца Ліда 1930-х і лідская гімназія імя Караля Хадкевіча, у якой ён вучыўся з 1925 па 1929 год.
На выставе можна пазнаёміцца з копіямі друкаванай прадукцыі, якая выходзіла ў Лідзе па вуліцы Віленскай (Савецкай) у канцы ХІХ пачатку ХХ стагоддзя, а таксама асобна з тымі газетамі і часопісамі, якія выходзілі ў наш час і змянілі фармат іх выхаду. Асобна выстаўлена бібліятэчка кніг пра выхадцаў з лідскага краю ад ГА “Таварыства польскай культуры на Лідчыне”.
Сярод іншых друкаў можна знайсці кнігі і навуковыя працы пра горад краязнаўцаў Анатоля Куляша, Мікалая Дзікевіча, а таксама навуковых супрацоўнікащ музея Валерыя Сліўкіна (пра піўзавод, Лідскі замак, партызанскі атрад “Іскра”), Анастасіі Каладзяжнай і іншыя выданні, якія раскрываюць гістарычнае мінулае прынёманскага краю.
Выстава стане карыснай для тых прыхільнікаў, якія разумеюць сэнс выказвання “Без мінулага няма будучыні”.
Такім чынам, гайда у Дом паэта! Валянцін Таўлай раскрые Вам старонкі гістарычнага мінулага.
Куратар выставы навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун.