/ Навіны / Зноў пра Пушкіна згадаем

Зноў пра Пушкіна згадаем

Зноў пра Пушкіна згадаем, або Якое дачыненне мае род класіка рускай літаратуры да Лідчыны

(да 225-годдзя з дня нараджэння Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна)

Лідская зямля насычана цікавымі гісторыямі і падзеямі. Прынёманскі край прываблівае даследчыкаў каб распазнаць таямніцы, за якімі тояцца неразгаданыя лёсы насельнікаў гэтай часткі Беларусі.

Трэба зазначыць, што лідскі рэгіён з’яўляецца месцам нараджэння вядомых асоб, дзейнасць якіх вядома далёка і за межамі нашай краіны. Гэта мастакі, палітыкі, гісторыкі, пісьменнікі, вучоныя і іншыя. Калі казаць пра літаратурную плынь, то на лідскай зямлі пабывалі і нарадзіліся не толькі майстры беларускага прыгожага пісьменства, але і рускай літаратуры.

Доўгі час даследчыкі лічылі, што род класіка рускай літаратуры Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна мае дачыненне да Лідчыны.

Старшы навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Сліўкін Валерый Васільевіч падчас гутаркі з журналістамі “Лідскай газеты” (за 11 снежня 2012 года ў матэрыяле  “Война 1812 года: что принесла она лидскому краю?”, спасылка – https://lidanews.by/news/dosug/372news.html) заўважаў, што “3 февраля 1813 года, организуя тылы для наступающей армии, Александр І издал указ об организации госпиталей и военных магазинов по военным дорогам. Дорога из Минска через Новогрудок-Белицу-Щучин до Гродно получила номер 7. С января 1813 года по февраль 1814 в Белице трудилась комиссариатская комиссия, в обязанности которой входило обеспечение резервной армии Дмитрия Лобанова-Ростовского военными грузами: ружьями, патронами, порохом, свинцом, обмундированием. Руководил комиссией Сергей Львович Пушкин – отец великого русского поэта. Он принимал из внутренних российских губерний партии грузов и отправлял их в резервную армию”.

А таксама з карэспандэнтамі “Гродзенскай праўды” (за 2 лістапада 2017 года ў матэрыяле “Проект “ГП” “Над Неманом”: “хрустальный” город, знаменитые деревни”, спасылка – http://belsmi.by/news/society/23335/) зазначыў, што “В Белице, стоящей на берегу реки (Нёмана – аўт.), около года жил Сергей Львович Пушкин – отец великого поэта Александра Пушкина”.

Сяргей Львовіч Пушкін – бацька паэта Аляксандра Пушкіна (Карціна Карла  Гампельна. Захоўваецца ў калекцыі Усерасійскага музея А. С. Пушкіна)

Што ж, гэтыя выказванні сталі штуршком у далейшым разгортванні па вызначэнні больш дасканалай інфармацыі.  Аб знаходжанні Сяргея Львовіча Пушкіна на прынёманскай зямлі пазначыў яшчэ раней лідскі краязнавец Анатоль Кулеш у матэрыяле “Запісана пад дыктоўку лёсу”, змешчаным у “Лідскім Летапісцы” № 2 (38) за красавік-чэрвень 2007 год: “Мая родная вёска Збляны знаходзіцца ўсяго за 35 кіламетраў на поўдзень ад раённага цэнтра Ліда на вядомым гістарычным шляху. Па ім у свой час рухаліся войскі французскага імператара Напалеона Банапарта, калі ён ішоў заваёўваць Расію ў 1812 годзе. У 1941 годзе ішла тут на злом свае галавы зграя нямецка-фашысцкай навалы, падганяная шалёным яфрэйтарам. Тым жа шляхам і ўцякалі, як толькі маглі, назад. Ёсць, аднак, і іншыя, больш прыемныя старонкі ў яе біяграфі. 3 гэтым шляхам былі знаёмыя знакамітыя ў Беларусі і Расіі дзяржаўныя і палітычныя дзеячы, вайскоўцы: дзекабрысты Я. Абаленскі, М. Мураўёў, герой Айчыннай вайны 1812 года Дз. Давыдаў і легендарная Н. Дурава, казацкі атаман Платаў, царскі генерал Дохтураў ды шэраг іншых. Як піша вядомы маскоўскі пушкініст Раманюк, некаторы час у вёсцы Беліца на гэтым шляху знаходзіўся бацька геніяльнага рускага паэта Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна – Сяргей Львовіч Пушкін. Ён меў званне маёра і служыў у царскай арміі Аляксандра I інтэндантам. Не выключаю, што будучы чалавекам дапытлівым, мог наведваць вёску Збляны.” У працяг яшчэ раней пачатай тэмы па даследаванні вёскі Беліца Анатоль Кулеш у сваім матэрыяле “У разгалінаванні дарог”, які змясціў у “Лідскай газеце” за № 100 за 14 снежня 1996 года пазначыў: “Цікава, што гэта быў даволі свавольны чалавек і не выдзяляўся інтэлігентнасцю сваіх паводзін. Хаця, як і сын, спрабаваў пісаць вершы.”

Атрымліваецца, што першым, хто выказаў гэты факт стаў менавіта Анатоль Фёдаравіч Кулеш. Узнікла пытанне: “Адкуль такія дадзеныя?” У сваім выказванні краязнавец пазначае: Як піша вядомы маскоўскі пушкініст Раманюк”.

Даследчык продкаў і нашчадкаў А. С. Пушкіна Сяргей Канстанцінавіч Раманюк (1933-2015)

Дык што ж ён піша? Дзякуючы інтэрнэт-сайтам быў знойдзены PDF-варыянт даследчай працы Сяргея Канстанцінавіча Раманюка пад назвай “І. Материалы и сообщения. К биографии родных Пушкина”, а таксама і іншы матэрыял, калі перайсці па інтэрнэт-спасылцы http://feb-web.ru/feb/pushkin/serial/v89/v89-0052.htm?cmd=p, які ўзяты з кнігі, выдадзенай у 1989 годзе  (Романюк С. К. К биографии родных Пушкина // Временник Пушкинской комиссии / АН СССР. ОЛЯ. Пушкин. комис. – Л.: Наука. Ленингр. отд-ние, 1989. – Вып. 23. – С. 5-18.). У сваім даследаванні пушкініст пазначыў наступнае:

 «Деятельность С. Л. Пушкина по снабжению резервов привела к тому, что 24 декабря 1812 г. его назначают «управляющим комиссариатскою комиссией, учреждаемою в Орле», и 9 января 1813 г. он сообщает из Орла, что «сия комиссия открыла существование свое». В число первоочередных задач этой комиссии  входило снабжение резервной армии под командованием генерала от инфантерии Д. И. Лобанова-Ростовского. В предписании,  отданном А. И. Татищевым (руководителем комиссариатского департамента Военного министерства) С. Л. Пушкину, он обязывался получить «на расходы комиссии 10 тыс. рублей, принять 600000 аршин холста рубашечного, 50000 аршин холста подкладочного» и много других вещей, учредить военно-временные госпитали «на первый случай в Орле на 3000 и в Новгород-Северском на 500 человек», а также «принять в свое ведение госпитали армейские в губерниях: Тульской, Калужской и Орловской».

Вскоре, однако, Орловской комиссии предписывается покинуть Орел и передислоцироваться в г. Белицу Могилевской губернии. В продолжение январяфевраля 1813 г. С. Л. Пушкин принимает из внутренних губерний России и отправляет  в резервную армию большие партии грузов. Только по одной из ведомостей, датированной 3 февраля 1813 г., им было отправлено 1714 пудов свинца, 520 ящиков с патронами, 5 тыс. ружей, 429 пудов пороха…»

З гэтага невялікага ўрыўка стала вядома, што бацька А. С. Пушкіна Сяргей Львовіч знаходзіўся не ў Беліцы, што на Лідчыне Гродзенскай вобласці, а ў Беліцы, што на Магілёўшчыне. Тым больш, С. К. Раманюк у сваіх даследаваннях карыстаўся архіўнымі крыніцамі (ЦГВИА, ф. 396, оп. 2, д. 19, л. 4; ЦГВИА, ф. 396, оп. 2, д. 19, л. 15; ЦГВИА, ф. 396, оп. 2, д. 19, л. 5-8; ЦГВИА, ф. 396, оп. 2, д. 16, л. 427, 428), якія вядуць у Цэнтральны дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў – ЦДзВГА (рус. ЦГВИА), які потым быў пераіменаваны на Расійскі дзяржаўны ваенна-гістарычны архіў – РДзВГА (рус. РГВИА). А нам стала вядома, што расійскім пушкіністам у 1989 годзе ўжо было вызначана ў якой вобласці спыняўся С. Л. Пушкін. Пакуль архіўнымі крыніцамі, якія прыводзіць С. К. Раманюк скарыстацца не атрымалася. Але ж яшчэ ўсё наперадзе.

Дык навошта заблытаў А. Кулеш далейшых даследчыкаў? Дзеля таго каб прывабіць у свой край зацікаўленых падарожнікаў? Так, легенда ў яго атрымалася, але ж прыйшоў час спыніць яе распаўсюджанасць.

Здаецца, у пошуках па вызначэнні родных А. С. Пушкіна з Лідчынай можна было б паставіць кропку. Усё ж, як потым стала вядома, род Пушкіна сапраўды мае сувязь з Лідчынай. На гэты раз ужо звязаны з прапраўнукам паэта Рыгорам Рыгоравічам Пушкіным, якога назвалі ў гонар заснавальніка роду Рыгора Пушкі, які жыў у ХІV стагоддзі.

Воін Чырвонай Арміі Рыгор Пушкін, 1937 г.
Рыгор Рыгоравіч Пушкін каля помніка паэту

У гады Вялікай Айчыннай вайны, у складзе Першай гвардзейскай дэсантнай дывізіі  Р. Р. Пушкін вызваляў Гродзенскую вобласць ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Пасля паспяховага захопу савецкімі войскамі горада Ліды праўнук паэта быў назначаны намеснікам ваеннага каменданта чыгуначнай станцыі горада. Вярнуўшыся з вайны, на яго лейтэнанцкім кіцелі блішчалі ордэны Айчыннай вайны І і ІІ ступені, Чырвонай Зоркі, баявыя медалі. У мірны ж час ён любіў наведвацца ў Беларусь. Вясной 1981 года на арганізаваных яму сустрэчах у Мінску, Маладзечне, Гродне і Лідзе ён з ахвотай дзяліўся аповедамі пра свайго вялікага прадзеда.

«Групавы партрэт нашчадкаў А.С. Пушкіна – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны» (1957). Аўтар – народны мастак Расіі, палкоўнік у адстаўцы Уладзімір Іванавіч Пераяслаўцаў. Злева направа: Алег Усевалодавіч Калагрываў, Рыгор Рыгоравіч Пушкін, Сяргей Іванавіч Кліменка, Сяргей Барысавіч Пушкін, Барыс Барысавіч Пушкін, Аляксандр Усевалодавіч Калагрываў.

Лідскі паэт Алесь Мацулевіч, працуючы карэспандэнтам “Лідскай газеты” у свой час натхніўся ўспамінам таго ж самага А. Кулеша, які быў змешчаны ў раённым выданні пад назвай “Пушкін на пероне лідскага вакзала” за 13 студзеня 2007 года ў № 5 (11381). У прадмове да верша “Сустрэчы з Пушкіным у Лідзе” паэт пазначае: “Лідскі краязнавец Анатоль Фёдаравіч Кулеш у юнацтве меў шчасце пабачыць прапраўнука вялікага рускага паэта Рыгора Рыгоравіча Пушкіна, які ў той час быў намеснікам ваеннага каменданта Ліды. Памятныя сустрэчы адбываліся ў канцы 1944 года, па суботах, на лідскім чыгуначным вакзале”.

Па суботах навучэнцы
ездзілі дахаты.
Кожны ў футры, у вушанцы –
як мядзведзь махнаты.

На вакзале заўважалі
Пушкіна Рыгора –
і віталіся вушанкі
з той кубанкай хорам.

Паліто. За спінай рукі.
Хромавыя боты.
Павітаўся. Пра навукі
гутарылі потым.

Хітра ў ходзе той гаворкі
паглядаў з-пад меха.
“Холад сцісне рэйкі – колькі
вам дадому ехаць?..”

А затым не хітра – проста,
нібы скінуў маску,
запытаў пра вершы продка.
Толік ведаў казку.

З казкі аб царэўне спячай
і сямі асілках,
што пазнаў у класе ў пятым,
ён крануў урыўкам.

Смуглы твар святлеў нашчадка
слаўнага паэта –
хлопцы ў футрах ды ў вушанках
помніць будуць гэта…

Нават калі час старэчы
з сівізною прыйдзе,
не забудуцца сустрэчы
з Пушкіным у Лідзе.

Анатоль Фёдаравіч Кулеш (1927-2014)

Анатоль Фёдаравіч дзеліцца ўспамінам восені 1944 года, а менавіта тымі жыццёвымі буднямі, якія панавалі ў Лідзе пасля пройдзеных ваенных баёў, згадвае пра аднаўленне прамысловых прадпрыемстваў, устаноў інфраструктуры, пра школьнае жыццё. Гэта ўсё засталося ў памяці А. Кулеша, калі ён, школьнік з вёскі, які вучыўся ў гарадской навучальнай установе, у кожную суботу вымушаны быў ездзіць дамоў за харчам адзіным на той час транспартам – цягніком. Краязнавец знаёміць чытача з абстаноўкай на чыгуначным вакзале, у якім масава збіраўся натоўп людзей, стомленых пасля працы, ваеннага складу і г.д.

І сярод гэтага шэрага людскога натоўпу выдзялялася адна постаць чалавека з зусім іншага свету. Як аказалася, гэта быў намеснік ваеннага каменданта Ліды Рыгор Рыгоравіч Пушкін, нашчадак, прапраўнук вялікага рускага паэта Аляксандра Сяргеевіча. Сярэдняга росту (ён апярэдзіў у гэтым свайго славутага продка: Аляксандр Сяргеевіч меў рост усяго 158 сантыметраў), апрануты ў доўгае скураное паліто без пагонаў, абуты ў хромавыя афіцэрскія боты, на галаве шапка-кубанка. Заклаўшы рукі за спіну, ён павольна і асцярожна хадзіў сярод пасажыраў. Амаль да кожнага ўважліва прыглядаўся. Іншы раз з кім-небудзь з іх пачынаў гутарку. У спрыяльную пагоду так жа спакойна і няторапка крочыў уздоўж па перону.

Не абмінуў ён сваім уважлівым позіркам і нас, бы тую чараду зычна гаманлівых “вераб’ёў”. Падышоў, пачаў гутарыць, задаваць пытанні. Найперш спытаўся, ці ведаем мы вершы А. С. Пушкіна. Канешне, у той час мы не шмат ведалі пра творчасць паэта. Але ў пятым класе я амаль напамяць вывучыў усю “Сказку о спящей царевне и семи богатырях”. Прачытаў, саромеючыся, невялікі ўрывак. Рыгор Рыгоравіч паглядзеў на нас з-пад свае шапкі-кубанкі, і яго смуглы твар, нам здалося, прасвятлеў. Затым пайшлі іншыя пытанні. Задаваў іх з гумарам, з хітрынкай і падвохам. Напрыклад, вырашыў праверыць нашы веды па фізіцы. Спытаўся: усе рэчывы пры ахаладжэнні сціскаюцца, у тым ліку і чыгуначныя рэйкі. На колькі ў выніку гэтага стане карацейшым наш шлях ад Ліды да станцыі Нёман? “Рашыць” гэту задачу аказалася нам не пад сілу. Пасля задаваў шмат іншых пытанняў па геаграфіі, матэматыцы. Такія сустрэчы паўтараліся кожную суботу. Але праз некаторы час мы не ўбачылі яго на прывычным месцы, і нам стала смутна.

У той час ніхто з нас не ведаў, з кім маем справу. Сам ён нічога аб сабе не расказваў, а мы, у сваю чаргу, пасаромеліся, а мо і пабаяліся, спытаць. Раскрылася ўсё значна пазней, калі Рыгор Пушкін двойчы пасля вайны, будучы цывільным чалавекам, наведаў наш горад”.

А між іншым, карані Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна вядуць у Навагрудак. З гэтага населенага пункта паходзіць Рыгор Пушка. Не ўсім вядома, што паэт, выводзячы сваё прозвішча ад “Григория Пушки, который в XVIII веке пришел из Новугородка”, меў на ўвазе не Ноўгарад (Новгород), а беларускі горад Навагрудак (Новогрудок), што на Гродзеншчыне. Трэба адспрэчыць меркаванні іншых даследчыкаў, што паяўленне прозвішча “Пушкін” паходзіць ад слова “пушка”, што азначае артылерыйская зброя. Але ж вядома ж, што ў ХІІІ стагоддзі такой зброі тут яшчэ не было. Як сцвярджаюць даследчыкі, у тым ліку з іх навагрудскі Мікалай Гайба, што слова “пушка” ў старарускай мове ў тыя гады ў Расіі не існавала. Яго беларусы выкарыстоўвалі ў значэнні “скрынка” (рус. “коробка”). Гэта азначае, што Пушкіны прыйшлі з беларускіх зямель і засяліліся ў маскоўскім княстве. Нават у кнізе «Heraldyka» (СПб 1992 г.)  на старонцы 164 паведамляецца, што “Пушкіны герба “Шэліга” з даўніх часоў валодалі землямі ў Навагрудскім, Мінскім, Мсціслаўскім ваяводствах”. А ў выдадзенай кнізе “Малы гербоўнік Наваградзкай шляхты” пазначана, што ўладальнікам аднаго з маёнткаў ў Навагрудскай зямлі быў Томаш (Фама) Пушкін. Гэта яшчэ раз даказвае, што фраза пришел из Новугородка” поўнасцю адносіцца да беларускага горада Навагрудка, бо называўся ён у тыя часы Новъгородок (Новогородок).

Дык гэта яшчэ не ўсё. Навагрудак захоўвае і іншыя цікавыя таямніцы.  Старэйшы сын паэта таксама Аляксандр у 1870 годзе быў назначаны камандзірам 13-га гусарскага Нарвскага палка, якому было створана месца ў Навагрудку. Аляксандр Аляксандравіч быў самым мнагадзетным сярод сваіх братоў і сясцёр. Усіх было 13 дзяцей. Яго восьмае дзіця, сын Пётр, нарадзіўся ў Навагрудку, быў моцна прастуджаны і пражыў там з нараджэння толькі пяць месяцаў, дзе і быў пахаваны на праваслаўнай частцы гарадскіх могілак у лістападзе 1870 года. Помнік на магіле спадчынніка А. С. Пушкіна захоўваецца і да сённяшняга дня. На ім змяшчаецца надпіс: Младенецъ Петр Пушкин. Род. июнь 1870 г. Скон. 6 ноября 1870 г. (https://times248.narod.ru/peremena/peremena-009/page-009/007-pages-gaiba.htm)

Любая творчая асоба пастаянна на відавоку ў народзе. А для даследчыкаў – вынайсці цікавыя факты з яго жыцця, тым больш, калі яго корні вядуць да іх тэрыторыі. Так сталася і з геніем рускай літаратуры Аляксандрам Пушкіным. Беларускія даследчыкі па крупіцах даследуюць яго творчасць і жыццё.

Напрыклад, пушкіністка Ларыса Андрэеўна Чаркашына хоць і жыве ў Расіі, але ж родам з Ваўкавыска, што на Гродзеншчыне. Яна выдала некалькі кніг пра знакамітага паэта. Захапленне жыццём і творчасцю Аляксандра Пушкіна перайшло да Ларысы Андрэеўны ў спадчыну ад бацькі Андрэя Андрэевіча.

Даследчыца продкаў і нашчадкаў А. С. Пушкіна Ларыса Андрэеўна Чаркашына

Наша зямлячка – член Саюза пісьменнікаў Расіі, член Усерасійскага Пушкінскага таварыства. За плённую даследчыцкую працу прэзідэнтам Расійскай Федэрацыі адзначана медалём А. С. Пушкіна. Ларыса Чаркашына – аўтар кніг “Тысячгадовае дрэва А. С. Пушкіна: карані і крона” (у сааўтарстве з бацькам), “Вянок Наталі”, “Таямніцы пушкінскага дрэва”, “Пушкін і Наталі”, “Патаемны Пушкін: позірк з XXI стагоддзя”, “Апошняя дуэль, ці за што забілі Пушкіна” і многіх публікацый у газетах і часопісах. Пісьменніца стварыла сцэнарыі цэлага шэрагу мастацка-дакументальных фільмаў: “Наталі. Тры жыцці Наталлі Ганчаровай”, “Пад небам Шылера і Гётэ”, “Напоўнены верай і любоўю”, “Прывітанне, Вульф, сябра мой!”.

Звязацца з Ларысай Чаркашынай змог і аўтар гэтых слоў, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун. У адказе на зварот пра пошукі ў вызначэнні родных Пушкіна з Лідчынай яна пазначыла, што была знаёма з даследчыкам – пушкіністам Сяргеем Раманюком і з праўнукам А. С. Пушкіна Рыгорам Рыгоравічам Пушкіным. А яе брат  Мікалай Андрэевіч таксама вядомы пісьменнік-марыніст. Ён сцвярджае, што адзін з герояў рамана Уладзіміра Багамолава “В августе сорок четвёртого”, частка кінастужкі, якая магла быць знята ў горадзе Ліда, з вобраза Р. Р. Пушкіна напісаны адзін з герояў, г. зн. з’яўляецца прататыпам. Зазначыла, што ў 2011 годзе ў Георгіеўскім манастыры на мысе Фіалент быў адкрыты помнік Пушкіну, аўтарам якога на думку А. Чаркашына, з’яўляецца скульптар, корні якога паходзяць з Ліды. Аднак, ніякіх звестак на гэты конт, каб быць упэўненым, пакуль не знойдзена. Але ж Мікалай Андрэевіч часта бывае ў Лідзе, як напрыклад, адна з сустрэч адбылася і ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі ў лістападзе 2022 года.

Імя Пушкіна ўвекавечана ў шматлікіх гарадах Беларусі. У Лідзе таксама адна з вуліц носіць яго імя. У Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея, напрыклад, захоўваюцца кнігі, якія выдадзены былі хоць і праз паўтары стагоддзі пасля смерці паэта, але ж ужо маюць каштоўнасць: “Кавказский пленник” за 1946 год, “Собрание сочинений в шести томах. Критика и публицистика” за 1949 год. Іх можна ўбачыць у пакоі адкрытага захоўвання “Бібліятэка пісьменніка”.

Так, можна разважаць, што беларускі паэт Валянцін Таўлай, калі пражываў у Лідзе (у доме, дзе цяпер музей) таксама меў кнігі Пушкіна, так як згадвалася ва ўспамінах беларускай паэтэсы, супрацоўніцы газеты “Уперад” Ніны Тарас, што ў яго тут была свая бібліятэка. Між іншым, ужо ў пасляваенны час, калі Валянцін Таўлай жыў у Мінску і працаваў старшым навуковым супрацоўнікам літаратурнага музея Янкі Купалы, знаходзіў сабе хвіліны забегчы ў Мінскую абласную бібліятэку імя А. С. Пушкіна, якая на той час з’яўлялася буйным культурным цэнтрам у вобласці. Менавіта спяшаўся туды па яшчэ цёмных сярод руін вуліцах Мінска, каб аднавіць і перанесці на паперу тое, што жыло ў яго душы. Там, знаходзячыся сярод кніжных паліц, ён спяшаўся дапрацаваць тое, што было ім складзена, занатавана і напісана. Паэт такім чынам рыхтаваў у друк свой першы зборнік вершаў “Шляхі і краты”, пачатак якога быў закладзены яшчэ да вайны, калі жыў і працаваў у горадзе Ліда. Цікава, што ў Пушкінскай бібліятэцы праводзіў час і Максім Багдановіч, якога ён параўноўваў з рускім класікам Аляксандрам Блокам. Менавіта яго, Максіма Багдановіча, Валянцін Таўлай з дзяцінства лічыў сваім хросным бацькам, які выводзіў ягонай рукой эпігонныя спробы вершавання і творы якога навейвалі яму цікавыя вобразы.

Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея.

Фотаздымкі скарыстаны з інтэрнэт-сайтаў.