Інклюзіўны праект “Перадай дабро па крузе” працягвае сваю працу.
За час працы праекта былі арганізаваны сустрэчы, дзе гучалі вершы, песні, цікавыя жыццясцвярджальныя гісторыі, працавалі выставы. Сумесная праца з партнёрамі – аддзяленнем сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў ДУ “Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” Ліды і Бярозаўкі Лідскай аб’яднанай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” далі добры плён.
Эстафетчыкам дабра на гэты раз стаў разьбяр па дрэве Івулін Віктар Васільевіч. Інвалід-калясачнік знайшоў сабе занятак па душы. Інструментамі, зробленымі сваімі рукамі, ён стварае незвычайныя вырабы. Першымі сярод іх былі простыя стальніцы, а затым – складаныя шкатулкі, табурэткі, столікі, насценныя сувеніры з выявамі арнаментаў у выглядзе раслін. У калекцыі майстра ёсць і шахматныя фігуры.
Віктар Васільевіч прымае ўдзел у конкурсах, у Міжнародным фестывалі мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”, фестывалі нацыянальных культур у Гродне, на якіх быў узнагароджаны дыпломамі і граматамі. Работы майстра знайшлі сваіх прыхільнікаў у Гродне, Лідзе і нават за межамі.
З некаторымі вырабамі падзяліўся Віктар Івулін і перадаў на экспанаванне ў Дом Валянціна Таўлая на выстаўку “Жывога дрэва подых”.
Яе наведалі першыя прыхільнікі праекта.
Наведайце і Вы экспазіцыю “Жывога дрэва подых” у Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея па адрасе вуліца Замкавая, 7.