/ Музей без межаў Навіны / Жыць і тварыць наперакор лёсу

Жыць і тварыць наперакор лёсу

Ужо роўна тры гады назад, у 2020 годзе, у Доме Валянціна Таўлая  Лідскага гісторыка-мастацкага музея пачаў працу праект пад назвай “Перадай дабро па крузе”.

Нагадаем, што першай ластаўкай у праекце стала Ганна Брэйва, а менавіта яе выяўленчыя работы, якія аб’ядналіся пад назвай “Перадай дабро па крузе”. І такім чынам, было вырашана што эстафета дабра будзе перадавацца такім жа таленавітым прадстаўнікам, у якіх хоць маюцца нязручнасці ад прыроды і пэўныя абмежаванасці ў здароўі. Да гэтых акалічнасцяў было дабаўлена вялікае “АЛЕ”. Але ж яны творчыя, у іх неабмежаваныя здольнасці ў тым ці іншым майстэрстве, накірунку. За гэты час прыхільнікі і наведвальнікі змаглі пазнаёміцца з мастакамі, рукадзеламі, паэтамі. У іх, трэба падкрэсліць, багаты ўнутраны свет!  Яны захапляюцца, ствараюць добрыя справы! У нашым горадзе іх нямала. Тут, для такіх прадстаўнікоў арганізавана і створана светлая пляцоўка, на якой кожны з іх можна разгарнуць сябе і выказаць сваё унутранае “Я” у творчасці.

Праект для спецыяльных аўдыторый (інклюзіўны праект) “Перадай дабро па крузе” стаў доўгатэрміновым. Ён ужо знайшоў свайго ўдзячнага наведвальніка. А партнёры мерапрыемстваў – прадстаўнікі аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ДУ “Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” гарадоў Ліды і Бярозаўка, Лідскай раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку”, лідскай аб’яднанай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” прапаноўваюць новыя сустрэчы з творчымі людзьмі з інваліднасцю. Такім чынам, цеснае сяброўства з імі стала свайго роду сяброўскім, аб’яднаным адной мэтай – дарыць радасць і перадаваць дабро па крузе людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Пералічым нашых эстафетчыкаў дабра: Ганна Брэйва, Алеся Лянцэвіч, Вольга Мікша, маці і дачка Ала і Марына Кулеш, Сяргей Пачабут і Вера Саннікава, Дзмітрый Федчэнка, Дзяніс Бубноўскі і Надзея Санкевіч, Анастасія Ляўкевіч.

За час працы выставаў наведвальнікі пазнаёміліся з такімі відамі работ, якія выкананы ў тэхніцы стрынг-арт, кінусайга, фаамірана і фетра, вышыўка бісерам, крыжыкам, гладдзю, змешаная тэхніка, графіка, мягкія цацкі і інш., а таксама пачулі цікавыя гісторыі, зрэзы з жыцця гэтых прадстаўнікоў. Былі прадэманстраваны канцэртныя выступленні, гучалі вершы, песні.

На гэты раз, 3 снежня, у Міжнародны дзень інвалідаў быў запрошаны вядомы ў горадзе і за межамі Беларусі пісьменнік Максім Бацкалевіч. Ён аўтар ужо шасці кніг “Чётки”, “Утро Максима”, “Из дневников моей памяти”, “30 размышлений по поводу”, “Карцер души”, “50 оттенков жизни”.

Коратка пра госця праекта.

Бацкалевіч Максім Валер’евіч, нарадзіўся 22 ліпеня 1994 года ў горадзе Баранавічы. Бацькі: Валерый Мікалаевіч і Алена Чэславаўна Бацкалевіч. У 1995 годзе, праз год пасля нараджэння Максіму паставілі дыягназ: дзіцячы цэрэбральны параліч (ДЦП), дызартрыя. Бацькі вазілі сына ў рэабілітацыйны цэнтр дзяцей з фізічнымі захворваннямі. Дзякуючы гэтаму, у пяць год Максім ужо змог самастойна сядзець і нават хадзіць з падтрымкай. Там, у Баранавічах, хлопчыку купілі спецыяльную азбуку, дзякуючы якой ён змог весці размову з бацькамі і з іншымі. Гэтай азбукай ён карыстаецца і па сённяшні дзень. Сям’я, пераехала ў вёску Мінойты, што ў Лідскім раѐне Гродзенскай вобласці, дзе прайшло дзяцінства Максіма. У 2003 годзе Бацкалевічы пераязджаюць у Ліду. У тым жа годзе Максіма прынялі ў першы клас СШ № 17. Паступова хлопец засвоіў і камп’ютар. З любімых прадметаў сталі гісторыя, інфарматыка, англійская мова. Вучэбная праграма для Максіма была такая ж як і для іншых здаровых дзяцей. Стаў валодаць англійскай мовай, дзякуючы якой ён змог наладзіць перапіску па камп’ютары з сябрамі за мяжою. У 2013 годзе скончыў школу з залатым медалём. З-за праблем з маторыкай рук ён змог толькі набіраць 4 літары ў хвіліну (40 слоў у гадзіну), але ясны розум, аптымізм не згубілі яго. І Максім знайшоў сябе ў творчасці. Такім чынам ён змог даказаць грамадству, што людзі з такім дыягназам і цяжкай формай могуць прынесці карысць, працаваць і дабівацца сваіх мэтаў. У выніку, ён з вялікімі складанасцямі, але ж націскаючы алоўкам па клавішах камп’ютара, змог набраць свае творы – апавяданні, якія выспявалі ў яго душы. За тры гады ў Максiма назапасіліся гатовыя творы, і ён пачынае шукаць у інтэрнэце магчымасці для публікацыі. Але нічога прыдатнага не знаходзіць, пакуль не трапляе на сайт Аляксандра Логінава “Бізнэс-лекар”i на iнфармацыйным рэсурсе знаёмiцца з прапановамi выдавецкага сэрвісу “Ridero”. Максім напісаў ліст Аляксандру Мікалаевічу і не чакаў такога хуткага адказу. Было адразу відаць, што выдавец уважліва паставіўся да няпростага лёсу хлопца і хоча дапамагчы. Аляксандр Мікалаевіч Логінаў стаў рэдактарам, настаўнікам і проста добрым сябрам Максiма Бацкалевiча. У 2018 годзе ў выдавецтве “Ridero” (Екацярынбург) пабачылі свет зборнікі аўтабіяграфічных апавяданняў Максiма Бацкалевiча “Чётки” і “Утро Максима”. Пазней два гэтыя зборнікі былі аб’яднаны ў адну кнігу пад назвай “Из родника моей памяти”. Менавіта гэтую кнігу маладога пiсьменнiка з Беларусi выдавецтва “Ridero” вылучыла на конкурс “Ліцэй”, які праводзіўся ў Маскве ў гонар дня нараджэння вялікага рускага паэта Аляксандра Сяргеевіча Пушкіна. Як прызнаецца сам Максім, удзел у гэтым конкурсе дапамог яму паверыць у сябе. У 2019 годзе ў выдавецтве “Ridero” выйшлі кнігі Максiма Бацкалевiча “30 размышлений по поводу” i “Карцер души”. Гэтыя выданнi адрозніваюцца ад папярэдніх філасофскім поглядам на жыццё. У маі 2020 года пабачыла свет шостая кніга пiсьменнiка пад назвай “50 оттенков жизни”. Па стане на канец 2020 года празаiк працуе над чарговай кнігай, якая абавязкова знойдзе свайго чытача. Пiша на рускай мове. Жыве ў горадзе Лiда. Хлопец перамяшчаецца ў інвалідным вазку. Згодна з рашэннем Прэзідыума грамадскага аб’яднання “Саюз пісьменнікаў Беларусі” ад 24 лістапада 2020 года калектыў Гродзенскага абласнога аддзялення СПБ папоўніўся новым членам. Ім стаў малады празаік Максім Валер’евіч Бацкалевіч! Калегі па пяры з задавальннем прынялі творцу ў свае шэрагі, пазначылі: “Нягледзячы ні на што, усім нам неабходна ўсведамляць, што членства ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі прадугледжвае актыўную працу, прагрэсіўнае мысленне, нястомны пошук аптымальных шляхоў і сродкаў творчага самавыражэння, а таксама адказнасць перад багатай культурнай спадчынай Прынёманскага краю за яе заўтрашнi дзень. Ёсць надзея на тое, што з прыходам у наш калектыў Максіма Бацкалевіча мы станем яшчэ больш добрымi і больш уважлівымi адзін да аднаго. Сардэчна віншуем Максіма Валер’евіча Бацкалевіча з уступленнем у шэрагі грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі» і шчыра жадаем нашаму маладому калегу здароўя, новых творчых здзяйсненняў і веры ў свае сілы”.

Разам з Максімам на мерапрыемстве, якое якраз прайшло пад назвай “Жыць і тварыць наперакор лёсу” прысутнічалі бацькі Алена Чаславаўна і Валерый Мікалаевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы №17 горада Ліды Вансевіч Яніна Іосіфаўна, якая добра ведае сям’ю Бацкалевічаў, былі і прыхільнікі праекта.

Былі прадстаўлены кнігі Максіма Валер’евіча. Пра гісторыю іх напісання падзяліліся бацькі. Яны расказалі пра нараджэнне сына, пра шлях Максіма ў атрыманні ведаў па агульнаадукацыйнай праграме ў СШ №17, пра яго намаганні ў засваенні камп’ютара і націскаючы алоўкам па яго клавіятуры, набіраў спачатку 4 літары ў хвіліну (40 слоў у гадзіну) і такім чынам выдаў ажно 6 кніг.

Разам з тым, былі прадэманстраваны відэасюжэты, якія дапамаглі акунуцца прысутным у жыццё і творчыя будні пісьменніка. Зацікаўленая аўдыторыя змагла набыць кнігі аўтара з экслібрысам.

Трэба зазначыць, што ўсе ранейшыя эстафетчыкі дабра дзяліліся сваімі гісторыямі, лёсавызначальнымі эпізодамі з жыцця. Сапраўды, можна сабраць гэтыя шчымлівыя аповеды і выдаць кнігу. Яна стала б для нас, магчыма і настольнай, бо разгарнула б перад намі шэрыя будні, пэўныя жыццёвыя абставіны, якія, парой нам здаюцца невырашальнымі. Але ж у тым, што заўсёды ёсць выхад у любой сітуацыі, што жыццё не сканчаецца пад цяжарам розных акалічнасцяў можна ўпэўніцца, калі чытач пазнаёміцца з кнігамі Максіма Бацкалевіча, які не здаўся, нягледзячы на вельмі складаныя перапетыі ў жыцці і праявіў сябе як майстар слова, філосаф, лекар душы.

 

Падрыхтаваў Алесь Хітрун,

навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея