/ Навіны / Замак – уладар з часоў Вялікага Княства Літоўскага

Замак – уладар з часоў Вялікага Княства Літоўскага

З успамінаў Каладзяжнай Анастасіі Аляксандраўны, 1948 г. н.

Пражываю ў горадзе Лідзе з 1985 г. Замак не быў тады месцам, дзе можна было цікава і пазнавальна праводзіць час. Ды і наогул, людзі мала цікавіліся гісторыяй руін замка. Мала хто ведаў, што замак – уладар тут яшчэ з часоў Вялікага Княства Літоўскага. Мне ж было цікава паглыбіцца ў гісторыю горада, даведацца пра назвы вуліц, вывучаць гісторыю замка.

З 2004 г. працавала навуковым супрацоўнікам у Лідскім гісторыка-мастацкім музеі. Ужо тады мы пачыналі праводзіць экскурсіі на аб’екце Лідскі замак. Але гэта нельга назваць паўнацэннай экскурсіяй. Гэта было падобна больш на вонкавы агляд руін. Тэрыторыя не прыбрана, і супрацоўнікам музея прыходзілася хоць трошку прачышчаць вакол замка, каб можна было правесці гасцей нашага горада. Падобныя экскурсія праводзіліся рэдка, вельмі рэдка. Але гэта былі спробы асваення замка.

На ўсход ад замка размяшчаўся прыватны сектар, а ўздоўж замкавай сцяны праходзіла вузкая сцежка на рынак. Увечары людзі там баяліся хадзіць, бо быў цёмны кут і швэндалі ўсякія асацыяльныя элементы.

Пра рыцарскі турнір 2005 г.

Добра памятаю, як мы рыхтаваліся да рыцарскага турніру 2005 г. у Лідскім замку. Самае цікавае, што мы не ведалі, што нас чакае, бо ніхто добра і не ведаў, што такое рыцарскі турнір. Супрацоўнікі музея, а гэта калектыў тэхнічнага персаналу і навуковых супрацоўнікаў колькасцю каля 17-18 чалавек, таксама прымалі ўдзел у падрыхтоўчых работах.

Па-першае, трэба было расчысціць тэрыторыю замкавага двара ад усякага смецця і бруду. Пры расчыстцы першага паверха вежы Вітаўта было намі вынесена многа бітага шкла, нейкага жалеза, бітай цэглы. У адной з ніш паўднёвай сцяны вежы мы выявілі дымаход (чатырохвугольнай формы са стараной каля 40 см, даўжынёй прыкладна 146 см).

Пры рэканструкцыі першага паверха паўночна-ўсходняй вежы былі зроблены спробы нанесці тынкоўку на ўнутраныя сцены і нават замураваны каміны. Але пасля вырашана было зноў перарабіць. Арганізавалі новыя нішы, якія аказаліся меншымі, чым першапачатковыя. Дымаход быў разбураны і замураваны. Тынкоўку са сцен пазбівалі.

Рыцарскі турнір 2005 г. у Лідскім замку праводзіўся два дні (субота і нядзеля). Мне было даручана прадаваць квіткі. Каса знаходзілася насупраць уваходу ў замак пад балконам двухпавярховага будынка, што за заходняй сцяной замка. Чарга за квіткамі была вялізнай, бясконцай. За дзень праводзіліся па чатыры турніры. Ад продажу квіткоў была сабрана значная сума. Было страшна нават такія грошы несці ў руках. То мы іх скруцілі ў пакет і, засунуўшы за пазуху, занеслі ў музей. Там, пры свеце керасінкі (тады якраз ішоў рамонт у будынку музея па вуліцы Перамогі, і электрычнасць была адключана) грошы былі пералічаны.

Пра падземны ход

А вось пра падземныя хады не ведаю, што і сказаць. Сама не бачыла, ды і археолагі ніякіх пацверджанняў пра іх наяўнасць не знайшлі.

Але аднойчы мне на экскурсіі прышлося пазнаёміцца з чалавекам, які паведаў мне пра Ліду пасляваенную. Яго бацька служыў тады ў Лідзе. Ён жа ўспамінаў, што ля паўночнай сцяны замка знайшлі свой апошні прытулак акаўцы. Яны хаваліся на замкавым двары. Пад паўночнай сцяной замка быў мураваны ход, куды вялі прыступкі.

А што гэта было? Невядома…

Запісана са слоў Каладзяжнай А.  А.  24.06.23