/ Навіны / З мастацкім словам па жыцці

З мастацкім словам па жыцці

З МАСТАЦКІМ СЛОВАМ ПА ЖЫЦЦІ…

Літаратурная Лідчына шматлікая, шматгранная і шматмоўная.  Яна вядзе сваё існаванне ад Лідскага старасты Яна Абрамовіча, які выдаў у Вільні евангелістычны “Катэхізіс” (1598). У наступныя два стагоддзі літаратурнай дзейнасцю займаліся манахі, ураджэнцы Лідчыны і выкладчыкі Лідскага піярскага калегіума. У ІІ пал.XIX ст. цікавасць да літаратуры прасачылася ў асяроддзе Лідскіх буйных землеўладальнікаў. У канцы XIX стагоддзя адукаванасць пранікае і ў беларускамоўнае сялянскае кола, з’яўляюцца творы на беларускай мове. У канцы ХІХ і ў ХХ ст. на Лідчыне нараджаліся літаратары, якія пісалі на замежных і беларускай мовах. Значная колькасць лідчан прыйшло ў беларускамоўную літаратуру. У розныя гады на тэрыторыі Лідчыны жылі: М. Карыцкі, К. Нарбут, Цётка, Адэля з Устроні, В. Таўлай, Н. Тарас, У. Корбан, Я. Місько, В. Каваленка, Е. Путрамент, М. Дзелянкоўскі, З. Фядэцкі, П. Граніт, Г. Прамень, В. Струмень і інш.

І сёння Лідчына мае багатыя творчыя дасягненні, валодае немалым духоўным патэнцыялам. На яе тэрыторыі налічваецца звыш 400 асоб, якія стваралі ў свой час і радуюць сваімі творамі да сённяшніх дзён. Сярод ураджэнцаў Лідчыны ёсць і масцітыя пісьменнікі, творы якіх друкуюцца і за межамі Лідчыны: Д. Бічэль, Х. Лялько, І. Багдановіч, У. Клімовіч, В. Праўдзін, У. Васько, А. Стадуб, С. Суднік, П. Макарэвіч. У мастацкім жыцці горада значнае месца займае літаратурнае аб’яднанне “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”, члены якога ў свой час збіраліся ў памяшканні Дома Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Зараз іх месцам пасяджэнняў стала Лідская раённая бібліятэка імя Янкі Купалы. Як і раней, так і на сённяшні дзень, большасць удзельнікаў літаратурнай суполкі спрабуюць свае сілы ў паэзіі, прысвячаюць свае вершы роднай зямлі, прыродзе, каханню, памятным падзеям. Іх творы змяшчаюць на старонках перыядычнага друку, а таксама ў асабістых і сяброўскіх зборніках. Тут, дзе калісьці працаваў і жыў Валянцін Таўлай, арганізоўваюцца сустрэчы ў рамках літаратурна-музычных салонаў “Над Лідзейкай”, “Перад тым як на Парнас, завітаў паэт да нас!” з вядомымі аўтарамі-землякамі і прадстаўлены іх кнігі.