/ Архіў / Выяўленчы радок пра родны куток

Выяўленчы радок пра родны куток

2018 год у Беларусі аб’яўлены Годам малой радзімы. Літаратурны аддзел Лідскага гісторыка-мастацкага музея не застаўся ў баку ад правядзення і арганізацый мерапрыемстваў прымеркаваных Году.

Паспрыяла ў гэтай справе літаратура і мастацтва. А менавіта лідскія сталыя паэты, сябры літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты” ў сааўтарстве з лідскімі юнымі мастакамі, якія выхоўваюцца ў Лідскай дзіцячай мастацкай школе мастацтваў. Як заўважана, паэты адлюстроўваюць сваю любоў да малой радзімы праз вобразна-выяўленчыя сродкі (эпітэты, метафары, параўнанні), а мастакі – выявамі ў розных яскравых фарбах, што таксама надае прывабны і непаўторны выгляд.

Які ты паэт, які ты мастак, калі не адлюстроўваеш у сваіх творах малую радзіму? Ці пяром, ці пэндзлям? Ці ў радках, ці ў фарбах? Тут можна смела адказаць, што ў лідскіх творцаў у гэтым плане парадак. У таго ці іншага паэта багата твораў пра родны край, пра нашу Лідчыну, пра тыя мясціны, у якіх прайшлі яго маладыя гады і магчыма там жа і застаецца ён, як верны сын сваёй Бацькаўшчыны. У выхаванцаў дзіцячай мастацкай школы мастацтваў таксама хапае мастацкіх работ такога кшталту і мастацкі густ у іх не бракуе.

“Выяўленчы радок пра родны куток” – такая назва выставы, у якой сышліся два накірункі. Выстава сумесных работ змяшчаецца на карыдоры каб адразу наведвальнік успомніў пра гэты Год, пра свае мясціны і такім чынам змог пазнаёміцца з работамі – творамі самых лідчан, якія бачаць і адлюстроўваюць па-свойму свой родны край. Дадзеная выстава размяшчаецца хоць і ў невялікім памяшканні, але кожны зразумее, што значнасць, якая перадаецца ад яе, тым больш памер, ці яшчэ лепш любоў да свайго краю, ці малой радзімы не мае межаў.

На базе выставы плануецца правядзенне музейна-педагагічных заняткаў. Дзецям пачатковых класаў і крыху старэйшым таксама будзе прапанаваны шэраг заданняў, напрыклад, скласці вершаваныя радкі паводле змешчаных твораў на гэтай выставе, або прапануецца адлюстраваць тую ці іншую выяву да таго ці іншага твора. Такім чынам паспрабуем выявіць у кожнага сваё бачанне: што для яго азначае малая радзіма, якімі фарбамі і якімі словамі яе апісалі бы нашыя выхаванцы. Задача, якая будзе закладзена ў нас – гэта прывіць любоў да свайго краю ў падрастаючага пакалення.

Выстава будзе працаваць на працягу ўсяго года.

Дом Валянціна Таўлая, па адрасе вуліца Замкавая,7 сардэчна запрашае Вас.

Алесь Хітрун,

куратар выставы, навуковы супрацоўнік музея