Францыск Скарына… Сусветнавядомае імя. Гонар нашай краіны. Яго не стамляюцца паўтараць гісторыкі, мова- і літаратуразнаўцы. Да гэтых пор навукоўцы знаходзяць новыя і новыя звесткі, прыводзяць новыя факты, меркаванні. Для Ліды асоба Францыска Скарыны больш прывабная. Існуе думка, што ў часы Скарыны праз Ліду праходзіў шлях з Кракава ў Вільню, так званы “Каралеўскі тракт”. Магчыма, Скарына ехаў вучыцца з Полацка ў Кракаў праз наш горад, а таксама дабіраўся з Кракава і Прагі ў Вільню старадаўнім гасцінцам праз Ліду. Лідчане яшчэ памятаюць, як 25 ліпеня 1993 года помнік Францыску Скарыну адкрывалі ў нашым горадзе, між іншым, гэта другі ў Беларусі помнік гэтаму выдатнаму асветніку (першы быў узведзены ў 1974 годзе ў Полацку, на яго малой радзіме). Гэты год у Беларусі своеасаблівы: грамадства адзначае 500-годдзе беларускага кнігадрукавання.
Некалькі год назад, а менавіта, у 2013 годзе Нацыянальная бібліятэка Беларусі і Банк “БелВЭБ” пачалі працаваць над рэалізацыяй выдавецкага праекта прымеркаванага да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання “Кніжная спадчына Ф.Скарыны”. На працягу гэтага, юбілейнага 2017 года праект увайшоў у поўную сілу. У яго рамках на базе буйнейшых бібліятэк свету і краіны праходзяць прэзентацыі факсімільных выданняў, якія, бясспрэчна, былі падрыхтаваны з захаваннем усіх асаблівасцей арыгіналаў. Дадзеныя працы збіраліся ў розных краінах свету. У выніку атрымаўся 20-томны збор – максімальна поўная спадчына Скарыны, сабраная ўпершыню ў гісторыі.
Зусім нядаўна, на Гродзеншчыну было дастаўлена 29 камплектаў шматттомніка. Прэзентацыя адбылася ў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэцы імя Я.Ф.Карскага. На ўрачыстую цырымонію былі запрошаны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Раман Сцяпанавіч Матульскі, кіраўніцтва Гродзенскага аблвыканкама, прадстаўнікі ўстаноў культуры, навукі і адукацыі Гродзеншчыны, шырокай грамадскасці. Такім чынам, кнігі былі перададзены ва ўсе раённыя бібліятэкі і музеі. Папоўнілі яны фонды Лідскай раённай бібліятэкі імя Янкі Купалы і Лідскага гісторыка-мастацкага музея.
Цяпер жадаючыя лідчане, наведвальнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея могуць упершыню ў гісторыі, а менавіта, на адной паліцы ўбачыць кніжную спадчыну беларускага асветніка і першадрукара Францыска Скарыны.