/ Навіны / Выстаўка “Жылі-былі ў міфах так…”

Выстаўка “Жылі-былі ў міфах так…”

У доме Валянціна Таўлая “пасяліліся” героі беларускай міфалогіі. Тут адкрылася выстаўка рэпрадукцый карцін Валерыя Пятровіча Славука “Жылі-былі ў міфах так…”

Склалася такое адчуванне, што яны парой тут бываюць у рэальнасці, але на экспазіцыі застылі і ператварыліся ў малюнкі. Ды ўсё ж гэтыя міфаістоты пакінулі тут свае атрыбуты, за якімі яны яшчэ вернуцца. Гэтыя ж героі свае асноўныя месцы маюць у балотах, лясах, рэках, палях, нават у хатах і хлявах. І ўсе ж займаюць сваю адказнасць. Яны і злыя і добрыя. Але ж іх настрой у большасці залежыць ад характару і паводзін чалавека. Пагэтаму чалавек стараўся ў свой час задобрываць гэтых духаў.

Парой, у быце мы называем таварыша тым ці іншым міфічным імем і не задумваемся над гэтым словам. А яно ж мае сэнс! Нават і пісьменнікі запазычваюць імёны гэтых герояў у сваіх творах, але ж надзяляюць ім іншыя ўласцівасці.

Каго тут толькі няма! Жэўжык, Вадзянік, Балотнік, Аржавень, Дамавік, Баган, Лазнік, Ёўнік, Паветнік, Кікімары, Баба Яга, Гарцукі, Зазоўка, Зюзя, Жыжаль, Вадзяніцы, Лесавік, Мара, Стрыга, Бай, Жыцень, Вярнідуб, Цмок, Клікун, Вужалкі… Сярод іх знайшлося месца і галоўнаму герою – будучаму паганскаму біскупу Крыва-Крывейтэ ці  Вярхоўнаму жрацу Вялікага княства Літоўскага Ліздзейку.

Каб цікавей успрымалася і засвойвалася інфармацыя, усё дзеянне будзе праходзіць у інтэрактыўнай форме. Так як Ліздзейка – гэта і вяшчун князя Гедыміна, то па заяўках будзе арганізавана тэатралізаваная экскурсія “Легенды з лідскай зямелькі ад вяшчуна Гедыміна Ліздзейкі”, якая будзе пачынацца з дваровай тэрыторыі Лідскага замка, дзе зацікаўленыя даведаюцца пра безліч незвычайных гісторый, звязаных з галоўнай славутасцяй горада. Далейшы шлях з вандроўнікам – збіральнікам народных скарбаў (казак, легендаў і паданняў) будзе пракладзены ў Дом Валянціна Таўлая.

А вы знаёмы з беларускай міфалогіяй? Завітайце на экспазіцыю “Жылі-былі ў міфах так…”!