У Доме В.Таўлая працуе выстаўка “Пераступіўшы парог”. Наведвальнікі могуць пазнаёміцца з жыццём і творчасцю беларускага паэта. У экспазіцыі змешчаны фотаздымкі, якія былі дасланы з розных архіваў, музеяў і бібліятэк. Фатаграфіі акунаюць наведвальніка ў жыццё Валянціна Таўлая – ад нараджэння да апошніх яго дзён. На выстаўцы прыхільнікі творчасці паэта могуць пабачыць “Партрэт Валянціна Таўлая” лідскага мастака Уладзіміра Мельнікава, а таксама мемарыяльныя прадметы: сцізорык, які падчас вайны (1943–1944 гг.) быў перададзены паэтам камісару партызанскага атрада Катоўскага брыгады імя Дзяржынскага Мікалаю Грабёнкіну; стыльную лінейку, якой карысталася жонка паэта Лідзія Казлоўская; фотаздымак, які перадала для захоўвання Клышко Ірына Мікалаеўна, хросная дачка роднай сястры паэта Ніны Паўлаўны Таўлай; першую кнігу паэта “Выбранае”, якая выйшла ў свет ужо пасля смерці аўтара, напрыканцы 1947 года. Прадстаўлены і рукапісы вершаў паэта. Адзін з іх – “Верабейкі”. Ён быў напісаны ў 1923 годзе, калі будучы паэт вучыўся ў лідскай усеагульнай школе № 1 імя Тадэвуша Касцюшкі, якая размяшчалася за паўночнай сцяной Лідскага замка. Праз выстаўку наведвальнік можа прасачыць лёс паэта – падпольшчыка, палітвязня, рэвалюцыянера.
/ Навіны / Выстаўка “Пераступіўшы парог”

















