Гісторыя… У гэтым слове глыбокі сэнс! Гісторыю ствараюць людзі… А ёсць яшчэ маўклівыя сведкі гісторыі. Гэта прадметы. У фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея захоўваюцца ўнікальныя прадметы, якія сабраны цэлымі калекцыямі.
27 лютага ў Доме Валянціна Таўлая адкрылася выстаўка «Гісторыя ў прадметах». На ёй прадстаўлена калекцыя чарніліц, сабраная лідчанінам Чаславам Віктаравічам Серафіновічам, калекцыя паштовак ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Веры Рыгораўны Ляцецкай, а таксама калекцыя значкоў лідчаніна Станіслава Уладзіміравіча Лемлемая. Разам з тым, на экспазіцыі знайшлі месца школьныя падручнікі, буквары, пропісі, перададзеныя мясцовым краязнаўцам Мікалаем Мікалаевічам Дзікевічам.
Магчыма і ў Вас ёсць цікавыя калекцыі пэўных прадметаў? Падзяліцеся гэтай інфармацыяй з супрацоўнікамі Лідскага гісторыка-мастацкага музея, і, магчыма, вам пашанцуе стаць удзельнікам адной з падобных экспазіцый!