/ Фотасправаздачы / ВЫНІКІ КОНКУРСУ “УСЁ ПАЧЫНАЕЦЦА З КАХАННЯ – 2018”

ВЫНІКІ КОНКУРСУ “УСЁ ПАЧЫНАЕЦЦА З КАХАННЯ – 2018”

Лідскі гісторыка-мастацкі музей пастаянна радуе жыхароў і гасцей горада новымі ідэямі і праектамі. Некаторыя з іх становяцца традыцыйнымі ў правядзенні. У мінулым, 2017 годзе, напярэдадні Дня ўсіх закаханых, які адзначаецца 14 лютага, супрацоўнікі літаратурнага аддзела музея наладзілі конкурс “Усё пачынаецца з кахання”. У конкурсе ўзялі ўдзел 17 пар. Удзельнікі атрымалі запрашальныя білеты на наведванне Лідскага гісторыка-мастацкага музея і Лідскага замка, прадукцыю ад ювелірнага магазіна “Золотая мечта”. А вось пераможцамі стала сям’я Часноўскіх, якая атрымала яшчэ і запрашальны білет на рамантычны вечар у кафэ “Сябрына”.

Якое моцнае каханне —

З’яднае двух, не разлучыць,

Адзінства дум, адны жаданні,

Інакш яны не могуць жыць.

 

Няхай свой выгляд мае кожны,

Ды за жыццёвыя гады

Зліюцца так, што не адрозніш,

Як кропля з кропляю вады.

                                       Пятрусь Броўка

(Здымак і цытата ад сям’і Часноўскіх)

Ужо не сакрэт, што ў шматлікіх музеях Беларусі праходзяць мерапрыемствы такога характару, і менавіта, прымеркаваныя да Дня святога Валянціна. Дык вось, у Лідзе, па вуліцы Замкавай, 7 ёсць музей Валянціна.  Хоць не святога, але ж Валянціна. Гэта літаратурны аддзел гісторыка-мастацкага музея, які ў народзе вядомы як дом Валянціна Таўлая. Зазначу, што ў гэтым аддзеле размяшчаецца адзіны мемарыяльны пакой у Беларусі, які прысвечаны  менавіта Валянціну Таўлаю. А які паэт не піша вершы на тэму кахання, або інакш, як пазначаюць літаратуразнаўцы – на інтымную тэматыку. Яе не абышоў і Валянцін Таўлай. Вядома, быў і ён закаханы ў сланімчанку Веру Кулак з вёскі Рудаўка, якой прысвяціў верш

Кожную ночку салавейка пяяў,

Зоры глядзелі ў вочы.

Дзе ж ты сягодня, дзяўчына мая?

Дзе ж вы, шчаслівыя ночы?…

І так, новы этап правядзення конкурса “Усё пачынаецца з кахання-2018”.

А цяпер вернемся да ўмоваў, якія патрабаваў конкурс.

Галоўнай ідэяй і задачай мерапрыемства – гэта папулярызацыя літаратурнага аддзела гісторыка-мастацкага музея, каб моладзь і нават старэйшае пакаленне звярнула ўвагу і на тое, што ля галоўнай пярліны горада – Лідскага замка, размяшчаецца таксама не менш важны для горада будынак – Дом паэта Валянціна Таўлая.

Удзельнікам конкурсу мог стаць любы чалавек, а менавіта, закаханыя пары. Напрыклад, споўнілася юбілейная дата з дня вяселля, маладая пара марыць сказаць: “Я цябе кахаю!”… Адказ застаецца адзін: неабходна было прыняць удзел у абвешчаным мерапрыемстве – конкурсе “Усё пачынаецца з кахання”. Для гэтага патрабавалася: у сацыяльныя групы Лідскага гісторыка-мастацкага музея “Вконтакте”, “Одноклаccники», «Фэйсбук», даслаць  сумесны фотаздымак, пад якім неабходна было змясціць цытату ці кароткі верш на тэму кахання аднаго з класікаў беларускай літаратуры.

На фотаздымках, дасланых на конкурс, павінна была быць адлюстравана толькі закаханая пара, напрыклад, на фоне прыроды, у месцах адпачынку. Адным словам, тое, што адлюстроўвае каханне ў гэтых двух асобах. Наконт цытатаў, то важная ўмова, каб пад фотаздымкамі былі змешчаны кароткія вершы толькі беларускамоўных класікаў. А калі даслалі б верш свайго аўтарства, ці даслалі б верш пра каханне Валянціна Таўлая, то таксама разглядвалася б.

Конкурс спыніў свой рух 12 лютага.

Планавалася, што пара-пераможца, вызначыцца па дасланых работ і самы лепшы крэатыўны здымак з цытуемым творам і стане выніковым у конкурсе. Але на гэты раз адбыліся змены. Усяго ўдзельнікаў было 3 пары (Кацярына і Павел Гольманты, Кацярына і Андрэй Хітруны, Анастасія і Кірыл Хрышчановічы). А чацвёртым стаў Лідскі раённы камітэт Грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі Саюз Моладзі”, у чым Лідскі гісторыка-мастацкі музей вельмі ўдзячны. Па гэтаму было вырашана змяніць форму правядзення.

 

Кацярына Гольмант-Курловіч

Каханне не магчыма нам купіць,
У падарунак папрасіць,
Прымусіць або сілком забраць,
І толькі сэрца яго зможа даць.

                                Ганна Карасік

Андрэй Хітрун

Як хораша, што я цябе спаткаў!
Яшчэ цудоўней, што мы не рассталiсь,
Аддана i пяшчотна пакахаў,
Хоць цяжкасцi кахання сустракалiсь.
Кахання кубак праз гады пранёс,
Ён поўны, бо нiдзе не разлiваўся,
Хоць часам i здаралась мора слёз,
Ды кубак толькi для адной дастаўся.
Я кахаю, хачу цяпер вечна кахаць,
Бо iначай жыцця не ўяўляю,
Будзем шчасце ўпарта сваё будаваць,
Ёсць падмурак: я палка кахаю.
Анатолій Балуценка

Насця Хрышчановіч

На заінелым трамвайным акне
хтось напісаў:
“Я кахаю”.
Усе пазіраюць на свет
праз гэтыя словы.

                                     Алесь Разанаў

     ГА “БРСМ”

Люблю цябе такой, якая ёсць,
Зямля мая, зямля бацькоў святая, —
Мая слязінка — са святла наскрозь,
Маё прычасце, мой святлісты лёс…
З табой і паміж бедаў я світаю.
Ніна Загорская «Мае ўсе думы звязаны з табою…»

 

Як і ў мінулым годзе, усе пары атрымалі запрашальныя білеты на наведванне выставак і экспазіцый Лідскага гісторыка-мастацкага музея і Лідскага замка, прадукцыю ад ювелірнага магазіна “Золотая мечта”, (па вуліцы Савецкая, 23-1), кіраўніцтва якога зноў жа вырашыла падарыць кожнаму ўдзельніку дысконтную картку з прыемнай зніжкай цэн.

Як вядома, той год стаў запамінальным для сям’і Часноўскіх, якая рамантычны вечар правяла ў кафэ “Сябрына”. На гэты раз, Лідскі раённы камітэт Грамадскага аб’яднання “Беларускі рэспубліканскі Саюз Моладзі” таксама не застаўся ў баку. Яны, акрамя таго, што яны з’яўляліся ўдзельнікамі конкурсу, дык яшчэ запрасілі кожную пару на ўдзел раённай конкурснай праграмы “Для ўсіх закаханых!”, прысвечанай Дню ўсіх закаханых. Месцам правядзення стаў рэстаран “Стары горад” па вуліцы Савецкай, 9.  У праграме прымала ўдзел 5 пар, сярод якіх і две “конкурсныя” пары Кацярына і Павел Гольманты, Кацярына іАндрэй Хітруны. Падчас мерапрыемства, якое вяла Другі сакратар Лідскай раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Бабашэнкава Святлана Мікалаеўна, кожная пара павінна была паказаць сваю кемлівасць, спрыт, эрудыраванасць, граматнасць, падтрымкай для іх былі і групы з глядзельнай залы. Па выніках, якія падвялі члены журы, перамагла пара, якой і дастаўся білет на рамантычны вечар у рэстаране “Стары горад”.

Конкурс “Усё пачынаецца з кахання” стаў традыцыйным. У наступным годзе супрацоўнікі Лідскага гісторыка-мастацкага музея зноў пастараюцца парадаваць чарговых удзельнікаў. Сачыце за навінамі на сайце.

Арганізатар мерапрыемства Алесь Хітрун.