/ Навіны / Падведзены вынікі паэтычнага конкурсу «Голас стагоддзя»

Падведзены вынікі паэтычнага конкурсу «Голас стагоддзя»

7 верасня Лідскі замак сабраў удзельнікаў конкурсу вершаў уласнага сачынення пра Лідскі замак “Голас стагоддзя”, які праводзіўся ў рамках святкавання 32-га Дня беларускага пісьменства ў г. Лідзе ў 2025 г., арганізаваны Лідскім замкам, аддзелам ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей”. Конкурс праводзіўся з студзеня па жнівень 2025 г. з мэтай папаўнення паэтычнага матэрыялу і прыцягнення ўвагі да гісторыі Лідскага замка.

У конкурсе прынялі ўдзел не толькі жыхары г. Ліды і Лідскага раёна, але і прадстаўнікі беларускіх гарадоў: Мінск, Пінск, Баранавічы.

Удзельнікі конкурсу “Голас стагоддзя” прадэманстравалі творчы падыход, цікавасць да тэмы. Паказалі, што сучаснае пакаленне неабыякава ставіцца да гісторыі Радзімы.

Пераможца конкурсу “Голас стагоддзя” малодшай узроставай групы – Завала Марыя Юр’еўна, г. Ліда, верш “Сэрца Ліды”.

Сэрца Ліды

Калі б цагліны ўмелі гаварыць,
Напэўна, шмат гісторый расказалі б.
Чаму ў Лідзейцы так вада дрыжыць,
І ў верхавінах сосны што схавалі?
Каб кожны камень штосьці змог сказаць,
Напэўна нас вярнулі б на імгненне
У той далёкі час, дзе гартаваць
Былі павінны годнасць і сумленне.
У гэтых сценах праўда, боль жыве,
Надзеі, спадзяванні і імкненні.
У блакітным небе воблакам плыве
Князёўны вобраз, быццам летуценне.
Князь Гедымін, як пільны вартавы,
Ахоўвае да замка падыходы,
Абараняе горад векавы,
Адводзіць і няшчасці, і нягоды.
Тут сэрца Ліды, тут яе душа.
Каменні сцен, хавальнікі легенды,
Як сувязь пакаленняў, як мяжа,
Як кадры гістарычнай кіналенты.

Пераможца конкурсу “Голас стагоддзя” сярэдняй ўзроставай групы – Глінін Уладзімір Ігаравіч, г. Ліда, верш “Муры памяці”.

Муры памяці

Усходжу на пагорак,
Там дзе сцены
Старых, як думка,
І глухіх муроў.
Дзе камень не астыў
Яшчэ ад стрэлу,
Дзе не спяклася
Праз стагоддзі кроў.

Там чуцен крок
Між залаў і пакояў,
У байніцу, як па кроплі,
Льецца свет
Праз цемру. Не сціхае
Грукат зброяў
І продкаў словы –
Нам нямы завет.

Шуміць трава,
Нам шэпча пра былое…
Гісторыя жыве,
Не дрэмле час!
Страдаўні замак –
Вартаўнік вытокаў
Да памяці пакліча
Нас…

Пераможца конкурсу “Голас стагоддзя” старэйшай ўзроставай групы – Суднік Станіслаў Вацлававіч, г. Ліда, паэма “Лідскі сон Гедыміна”.

Лідскі сон Гедыміна

ЗАСНАВАННЕ ВІЛЬНІ 1.

13222

На гары, дзе замкаў вежы,
Дзе палаў зніч Свінтарога,
Гедзімін забіў калісьці
З лука тура немалога.

Вельмі ўсцешаны здабычай
Незвычайнаю такою,
Па бяседзе лёг спачыць ён
На траве па-над Віллёю.

Зоркі свецяць, ветрык вее.
Бачыць князь у сне шчаслівым:
Перад ім стаў воўк жалезны,
Бляск на латах – пералівам.

А завыў – заклала вушы:
Бы ваўкоў была тут зграя.
– Што ж ён значыць, сон мой дзіўны? –
Князь, прачнуўшыся, пытае.

Тут Крывэ-Крывэйт Ліздзейка
Гэтак мудры сон тлумачыць:
– Князь, вялікі Гедзіміне,
Воўк той – замак новы значыць.

Гэта ж будзе тут во замак,
Горад велічны тут будзе.
Галасы ж ваўкоў – то слава
Пра яго, што пойдзе ў людзі.

Князь паслухаў гэту раду
І, абдумаўшы, без спрэчкі
Горад тут заклаў, што Вільняй
Ён назваў ад Вільні-рэчкі.

                        Ян Чачот
                         Пераклад К. Цвіркі.

  • 1. Легенду пра заснаванне Вільні выкарыстоўвалі ў сваіх творах многія пісьменнікі, у тым ліку Адам Міцкевіч.
  • 2. Паводле сучаснай гістарычнай навукі Вільня была заснаваная ў 1323 г., хаця сон мог быць і ў 1322 г.

ЗАСНАВАННЕ ЛІДЫ,  1323 г.

Едзе зноў князь Гедымін
З початам на ловы,
Тут нагледзелі адзін
Слаўны бор сасновы.

Як наехалі, ды ўдала
На той бор яны,
Ды набілі і нямала
Ўсякай зверыны.

Па-над рэчкай хуткацечнай
Князь прылёг спачыць,
Паміж соснаў векавечных
Неба пасачыць.

І пакуль на небе сінім
Вецер гнаў аблокі,
Агарнуў быў на хвіліну
Князя сон глыбокі.

Сніцца князю гэтым разам
Пенкная дзяўчына,
Што ўзнялася над палянай
Лёгкай аблачынай.

І пачуў князь раптам песню,
Гукі незямныя,
Нібы ціхі вецер вешні
Шле нам гукі тыя.

Ды спявае, бач, дзяўчына
На нязнанай мове,
Як лісточкі на галінах,
Так шапоцяць словы.

Як крынічная вадзіца,
Льюцца з пералівам,
Як па поплаве імчыцца
Вольны конь імкліва.

Як гарачыя прамені
Падаюць ад сонца,
І як граюць светлацені
Ў колерах бясконцых.

І адказвае той песні
Радаснае рэха,
Далятае тая песня
Да далёкіх стрэхаў.

Хоць ніхто не разумее
З песні той ні слова,
Ды адразу нейк мужнее
Поўны сілай новай.

Ды адразу паўзляталі
Сцягі над краінай,
І ваякі паўставалі
Шыхтам за дзяўчынай.

І вядзе яна прыгожы
Шыхт той пераможны,
Да яго без страху можа
Далучыцца кожны.

І ўстаюць над небасхілам
Велічныя вежы,
І на той зямельцы мілай
Нам усё належыць.

І прачнуўся князь раптоўна,
Дзіва з дзіў прапала,
І ні зыку з той чароўнай
Песні не гучала.

– Што за дзеўка, дзе прапала, –
Крыве ён пытае, –
Так прыгожа тут спявала,
А пра што, не знаю.

Што за воі пад сцягамі
Грозна тут ступалі,
Што за вежы перад намі
Тут былі стаялі?

– Раскажу табе я, княжа,
Што было, што будзе,
І што воля твая скажа,
Тое здзейсняць людзі.

З войскам ясна, войска тое
З многіх пакаленняў
Тут прайшло перад табою
У святым імкненні

Край наш родны, край славуты
Бараніць ад злога,
Рассякаць няволі путы,
Адганяць трывогі.

Сцены, вежы… Будзе замак
Воляю тваёю
Збудаваны проста-прама
Вось тут над ракою.

Ну а песня? Песня, княжа, –
Усяму аснова,
Песня тая люд наш звяжа,
Песня стане мовай.

Бачыў, княжа, як за песняй
Воі выступалі,
Як сцягі высока неслі,
Моцна як трымалі.

Стане замак тут магутны,
І асілкі-людзі
Па ўсім краі, колькі чутна,
Наш народ разбудзяць.

Панясуць адгэтуль словы
Вольнасці і славы,
Зберагуць тут нашу мову,
Як ядро дзяржавы.

Дык будуй, князь, не вагайся
Замак велічавы,
Дзеля вечнасці старайся,
Для дабра і славы.

                                        “Каб ты ўсё жыццё на Лідскі замак камяні цягаў…”
                                           (Старажытны беларускі праклён)

Слова князя прагучала
Цвёрда і рашуча,
І вакол завіравала
Плынню ўсё кіпучай.

Даў Бог слова, даў і болей,
Сілу даў і ўменне,
А яшчэ даў наваколле
Поўнае камення.

І пайшоў народ, паехаў,
Камень цягне ўпарта.
І было тут не да смеху,
І было тут не да жарту.

Роў капаюць, землю возяць
Дзень пры дні рупліва,
І мароз іх не марозіў,
Сонца не смаліла.

Хоць марозіла, смаліла,
Ды ім не да тога,
І капалі і вазілі,
Трэба ўсяго многа.

Колькі жылаў там парвалі –
Не сказаць нікому,
Ні спачычыну там не зналі,
Ні сям’і, ні дому.

І паціху паўставалі
Сцены ўжо і вежа,
І няблага выглядалі,
Так, як і належыць.

Замак рос, ды толькі назвы
Ён не меў ніякай,
Запытаць бы неяк князя,
Дачакаць хоць знаку.

І сумелі, запыталі
Ў дзень адзін удалы,
І адказу пачакалі,
Час ідзе памалу.

Князь маўчыць, заплюшчыў вочы,
Нешта ўспамінае,
Ну а што прыпомніць хоча,
Можа, сам не знае.

Раптам твар яго святлее,
Вочы заблішчалі,
І ад іх пяшчотай вее:
– Лідай, Лідай яе звалі,

Лідай клікалі дзяўчыну,
Песню што спявала,
Лідай, будзе вельмі чынна,
Замак каб назвалі.

Ну а рэчка, што бруіцца,
Будзе ўжо Лідзейка,
Нам пра гэта не забыцца
Праз вякоў калейку.

Забывалі – ўспаміналі
Здаўна і да сёння,
Як каменні тут цягалі,
Людзі добра помняць.

Ліда стала грозным цудам
У цішы Дайнавы,
І запоўнілася людам,
І зацешылася славай.

Што было тут і што будзе,
Дзе ж хто перакажа,
Ды жывуць тут нашы людзі,
І гучыць тут мова наша.

А як з чым душа не згодна,
Ты ўзыдзі на вежу,
Глянь на гэты горад родны,
Ён табе належыць.

Глянь направа, глянь налева
Глянь на бор сасновы,
Між байніц пачуеш спевы,
Між байніц пачуеш словы.

Мо, і ты не зразумееш
Песні той задуму,
Можа, толькі і здалееш
Вызваліцца з суму.

Ды ўжо спусцішся інакшым
З вежы той да долу,
Быццам ты закончыў нашу
Векавую школу.

І не сумам будзеш тлуміць
Сэрца сваё болей,
Пра надзею будзеш думаць,
Будзеш дбаць аб волі.

Нас тут многа, нашай славы
Не адняць ніколі,
Мы – як стоўп усёй дзяржавы,
Нас не здужаць болей.

Кроў кіпіць у нашых венах,
Выпрастаны спіны,
Бо за намі замка сцены,
Слава Гедыміна.

І няхай вакол скуголяць
Прыхадні ваўкамі,
Нас ім болей не адолець,
Бог і Ліда з намі.

Дадатак

ПЕСНЯ ЛІДЫ

Як аснова ўсяго – гэта слова,
І яно так спрадвеку было,
Так асновай народа ёсць мова,
Колькі б тысяч гадоў не прайшло

Будзе бед нямала,
Будзе шмат навалаў
Роем тут кружыць.
Беражыце слова,
Беражыце мову –
І будзеце жыць.

Могуць змяшацца народы,
Могуць назву і імя забыць,
Могуць волю забыць і свабоду
І па плыні бязвольнымі плыць.

Толькі трэба запомніць вам цвёрда:
Покуль замак мой тут вось стаіць,
Столькі і слаўна, і горда
Мова наша ў вяках будзе жыць.

Будуць песні ляцець у бяздонне,
Будуць ціхнуць пад сенню бароў,
Будуць некалі, заўтра і сёння
Тут за мову будзіць змагароў..

Будуць дбаць тут пра мову без спыну
Вежы замка і гурмы людзей,
Тут на мове паўстане краіна
Поўная мараў і светлых надзей.

Покуль замак стаяць будзе Лідскі,
Нашай мове тут вечна гучаць
Ад маленькай, дзіцячай калыскі,
Да апошняга сова: “Бывай”.

Дык жа стой, харашэй і змагайся,
Замак мой, замак роду майго,
І нікому павек не скарайся,
Не забудзь ты прызвання свайго.

Ты красуйся пад ліпеньскім сонцам,
І хай вечнасць цябе не бярэ,
Бо ты краю майго абаронца,
Бо ты мовы маёй абярэг.

Будзе бед нямала,
Будзе шмат навалаў
Роем тут кружыць.
Беражыце слова,
Беражыце мову –
І будзеце жыць.