Традыцыйна ў кастрычніку ва ўсім свеце настаўнікі адзначаюць сваё прафесійнае свята. У Дзень настаўніка аддаюць даніну павагі педагогам, якія прыкладаюць шмат намаганняў дзеля адукацыі падрастаючага пакалення, а значыць, і дзеля будучыні.
Яшчэ ў 1966 годзе, 5 кастрычніка, у Парыжы была праведзена Спецыяльная міжурадавая канферэнцыя аб статусе настаўнікаў (Special Intergovernmental Conference on the Status of Teachers). Канферэнцыя была скіравана на абмеркаванне праблем супрацоўнікаў сферы адукацыі на нацыянальным і сусветным узроўнях. У выніку прадстаўнікі ЮНЕСКА і Міжнароднай арганізацыі працы падпісалі першы міжнародны дакумент, які акрэсліваў умовы працы настаўнікаў: «Рэкамендацыі наконт статусу настаўнікаў» (Recommendation concerning the Status of Teachers). У ім замацоўваліся правы і абавязкі педагогаў і міжнародныя нормы, якія тычацца падрыхтоўкі настаўнікаў, павышэння іх кваліфікацыі, прыёму на працу і ўмоў працы. Афіцыйна святкаваць Сусветны дзень настаўніка 5 кастрычніка было прапанавана ЮНЕСКА ў 1994 годзе. Зараз гэта свята ўваходзіць у кола сусветных і міжнародных дзён ААН.
Слова «настаўнік» мае вялікі сэнсавы аб’ём – гэта і той, хто вучыць у школе, і той, хто вучыць жыць, паводзіць сябе, хто дапамагае авалодаць спецыяльнасцю, набыць вопыт у працы.
Гэтым разам узгадаем настаўніка Валянціна
Таўлая, які дапамог яму набыць веды для паступлення ў Віленскую беларускую гімназію. Гэта яго другая маці – мачыха Сцепаніда Паўлаўна Дарашэвіч. Так, менавіта другая, бо першая памерла ад халеры, калі хлопцу было 6 год. Трэба зазначыць, што яшчэ раней яго бацька Павел Дзям’янавіч загартаваў хлопца да павагі свайго, беларускага. Аб гэтым згадваў сам Валянцін у аўтабіягафічнай аповесці «Аб сабе»: «Прадвеснем 1925 года мы ішлі з бацькам у адну дарогу: ён у лес, я – у школу, у якую нядоўга аставалася ўжо хадзіць. Чакалі экзамены на 1 курс Слонімскай “прэпаранды” (дзяржаўнай настаўніцкай семінарыі – А.Х.). Ідучы, бацька разгаварыўся. Гаварыў пра свае маладыя гады, выкладваючы мне пры гэтым некаторыя свае жыццёвыя прынцыпы. Сярод іх – запавет, каб не чурацца свайго. Нашы дзяды і прадзеды – беларусы, спачатку т.зв. пагане, пасля – праваслаўныя, затым гвалтам – уніяты, пасля – ізноў гвалтам – праваслаўныя. Але заўсёды беларусы, хоць гэтага, можа, і не ведалі. Значыцца, і я павінен быць беларусам і на кожнае пытанне аб нацыянальнасці – называць гэтае імя.
Я ўжо ведаў гэта, але прыемна было пачуць ад бацькі такі наказ: гэта як бы бацькоўскі запавет на жыццёвы шлях, каб не крывіць душою. І гэта ўзнімала ў маіх вачах аўтарытэт бацькі…»
Аднак падчас вучобы ў Слоніме хлопец цвёрда прамовіў класнаму кіраўніку, што па нацыянальнасці ён беларус, мова – беларуская. З-за гэтага юнака выключылі з навучальні. Далей яго навука працягнулася ў хатніх умовах. Днём у іх у хаце «працавала заваяваная доўгай, упартай барацьбой наша беларуская прыватная пачатковая школа. Было поўна дзяцей, яны бегалі нават з далейшых вёсак (пасля павятовы інспектар гэта забараніў). Настаўніцай – наша новая маці – Сцепаніда Паўлаўна. Пачаў вучыцца брат Шура. Я ўпершыню наглядаў школку, сугучную асяроддзю. Адгамоняць, бывала, школьнікі – пачынаюць сходзіцца дзядзькі – ужо грамадоўцы і яшчэ неграмадоўцы. Бацька – сакратар гуртка, яго арганізатар, аўтарытэт на ўсю ваколіцу. Заўсёды заняты, часта ўзбударажаны… Вось народ абсеў школьныя лаўкі, слухае чытанне газет, да слёз зараготваецца з “Маланкі”. Калі-нікалі ў меншым кругу чытаецца нешта вельмі тонкае на від…»
Так, у Лідзе, дзесьці насупраць сучаснага аўтавакзала пражывалі потым бацькі паэта. Гэтае месца цяпер вывучаецца, аб ім другім разам.
У Доме Валянціна Таўлая ёсць фотаздымак Сцепаніды Паўлаўны Дарашэвіч, арыгінал якога захоўваецца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва. Якраз такі, як апісаны ва ўрыўку дакументальнай аповесці «Кірмаш»: «Перад вачыма ўсталі чатыры высокія чырвоныя цагляныя сцяны і пасярэдзіне роспачны сілуэт жанчыны… На момант ён выразна ўбачыў яе твар і жахнуўся: гэта быў твар мачыхі, цёткі Стэфы, скрыўлены болем і жахам твар».
Далей на фота таксама можна пазнаць Сцепаніду Паўлаўну. Яна змешчана з левага боку, у руках трымае дачушку Ніну – сястру Валянціна Таўлая. На другім фотаздымку – першая з левага боку сярод сям’і Дарашэвічаў.
Ва ўспамінах Ніны Паўлаўны Таўлай-Радзюкевіч «Раны сэрца майго», якія былі змешчаны ў літаратурна-мастацкім зборніку «Ад лідскіх муроў» (№9, 2016-2019) згадваецца: «Мая маці Сцепаніда вучылася ў настаўніцкай семінарыі, якую закончыла не праз 4 гады, а праз 3, бо была добра падрыхтавана пры паступленні. Нават за выдатныя яе поспехі дзед Якаў даў ёй 5 рублёў золатам».
У віленскай газеце «Сялянская ніва» – органе Беларускага Сялянскага Саюза за №5 ад 7 лютага 1926 года змешчаны працяг матэрыяла «Цярністы шлях беларускай школы у Польшчы». У ім пазначана наступнае: «Школа ў вёсцы Рудаўка, Міжэвіцкае гміны: Прашэньне на канцэсію падана 9.ІІ.1925 г. № 11 з усімі залучнікамі. Вучыцелькай была выкваліфікаваная ў сваей прафэсыі Сьцепаніда Таўлай, якая скончыла так-жа і курсы ў Кракаве і ёсьць вучыцелькай з доўгай практыкай, аднак школа праістнавала ня доўга, змушаная была зачыніцца, з прычыны пагрозаў з боку ўлады, ня даўшай канцэсыі. Вучняў было 48». Ніна Паўлаўна Таўлай-Радзюкевіч ва ўспамінах «Раны сэрца майго» (літаратурна-мастацкі зборнік «Ад лідскіх муроў» (№9, 2016-2019)) згадвае: «Неўзабаве бацькоў перавезлі ў Менск, а затым адправілі ў Асвенцым. Пасля вайны ў Ліду вярнуўся адзін з лідзян, які быў там, у Асвенцыме. Ён расказаў дзядзю Пецю (роднаму брату Сцепаніды – А.Х.), што сустракаўся з маім бацькам на кухні. Тата гаварыў яму, што мая мама не даехала да лагера, памерла ў дарозе. А праз некаторы час гэты мужчына перастаў сустракацца з маім бацькам. У хуткім часе і гэты мужчына, які вярнуўся з Асвенцыма, памёр.
Магілак ні мамы, ні таты няма. І я, калі памёр мой муж, Уладзімір Пятровіч Радзюкевіч (і мы пахавалі яго на віленскіх могілках у Карвялішках), зрабіла памятную пліту, дзе ўшанавала памяць сваіх бацькоў і брата Аляксандра, які загінуў у часе вайны і пра яго апошнія дні я нічога тады не ведала. І толькі цяпер у 2016 годзе я даведалася, дзе ён ваяваў і калі загінуў…»
Так і атрымліваецца, што месца апошняга прытулка ні роднай біялагічнай мамы, ні мачыхі, якая дала веды В.Таўлаю, мы не ведаем.
Падчас ваеннага ліхалецця вялікія намаганні прыклаў Валянцін Таўлай да Амневіцкай школы, што на Навагрудчыне. Менавіта ён падказаў зрабіць пры школе сельскагаспадарчы ўчастак, каб заняць частку школьнага дня. Так з’явіліся каля школы грады з гароднінай, потым маладыя пладовыя дрэўцы, ягадныя кусты. За трыццаць год разросся сад амаль на паўсотню дрэў. А пасля таго, як сталі з’яўляцца падручнікі ў 1942 годзе, выдадзеныя лацінкай, з яўным антысавецкім і буржуазна-нацыяналістычным ухілам, В. Таўлай з настаўнікам Амневіцкай школы старанна пераглядзелі старыя даваенныя падручнікі, з новых вызначылі, што трэба выкінуць з вывучэння дзецям. Разам з тым, па магчымасці прысутнічаў на ўрачыстых сходах вучняў, дапамагаў складаць праграмы вечароў, выбіраў п’есы для спектакляў і вершы для чытання. У пасляваенны час (1960-я гады) у Амневіцкай школе выкладаў гісторыю, а потым быў на пасадзе дырэктара, намесніка дырэктара, завуча блізкі сябар Валянціна Таўлая па партызанскім руху Мікалай Іванавіч Грабёнкін.
Цяпер пра Амневіцкую школу засталіся толькі ўспаміны. Школы і сада ўжо даўно няма. У 1975 годзе школа спыніла сваю дзейнасць. А сам будынак праіснаваў да канца ХХ стагоддзя.
З настаўніцкім асяроддзем былі звязаны блізкія знаёмыя Валянціна Таўлая. У Лідзе настаўнічала Валянцінава цётка па мачысе Анастасія Паўлаўна Фурсіна, у Вільнюсе – сябры па Віленскай беларускай гімназіі, у Навагрудку – сябар па Навагрудскай гімназіі Леанід Барысаглебскі. Менавіта яму і настаўніцтву наогул В. Таўлай напісаў верш:
Стаяць ля маладых гадоў,
Ля чалавечага дзяцінства –
Вялікі гонар, светлы доўг
Настаўніцтва і мацярынства.
Спачатку ў сэрцах абудзі
Цягу і смагу да асветы,
Пасля – задуманых вядзі
Аж да крыніцы, чыстай, светлай.
На ростані шляхоў-дарог,
Абвеяных паходным пылам,
Народ навекі нам збярог
Крыніцу мудрасці і сілы.
Ты чэрпаць навучы з глыбінь
Жывучую ваду рукою,
Каб наш народ і край любіць,
Мудрэць і харашэць душою.
Гэты твор, між іншым, народжаны клопатам Таўлая аб навучанні моладзі, процістаўлення ўсяму, што намагаліся ўвесці «новага» ў школьныя праграмы акупанты.
Ліда – горад, у якім быў закладзены падмурак у літаратурнае жыццё Валянціна Таўлая. Тут, ва ўсеагульнай школе №1 імя Тадэвуша Касцюшкі ў 7-гадовым узросце ім быў напісаны першы верш, але на польскай мове – «Верабейкі». Як згадваў паэт у аўтабіяграфічнай аповесці «Аб сабе»:
«Настаўніца патрапала мяне па шчацэ і сказала ўсміхаючыся:
– Добра. Пішы. Можа, некалі будзеш сапраўдным паэтам!».
А вы памятаеце сваю першую настаўніцу?
Падрыхтаваў навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун.