/ Навіны Фотасправаздачы / Вядзе рэй Верабей у Доме Валянціна Таўлая

Вядзе рэй Верабей у Доме Валянціна Таўлая

20 сакавіка ў Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея адбылося гучнае мерапрыемства. Завіталі ў Дом-музей дзеці з 2 класа гімназіі горада Ліды. Спачатку дзеці наведалі мемарыяльны пакой паэта, даведаліся пра жыццё паэта ў лідскі перыяд. У чым заключалася правядзенне гэтага мерапрыемства? Ужо не першы год, у гэты ж дзень, у Беларусі адзначаецца Міжнародны дзень вераб’я. У рамках яго святкавання і было вырашана правесці прэзентацыю музейна-інтэрактыўнага занятка “Вядзе рэй Верабей”. Усё дзеянне адбылося на базе выстаўкі “Вераб’іная праСТОра”, якая была адкрыта 8 лютага на дзень нараджэння Валянціна Таўлая і на 100-годдзе з дня напісання першага верша В. Таўлая “Верабейкі”.

Дзеці даведаліся, што ў Баранавічах, на радзіме паэта ўстаноўлены адзіны ў Беларусі помнік вераб’ю. Разам з куратарам выстаўкі і арганізатарам занятка Алесем Хітруном дзеці акунуліся ў мінуўшчыну, на 100 год назад, у дзяцінства Валянціна Таўлая, а менавіта, у 1922 год. У той год, калі ў 8-гадовым узросце хлопчык Валянцін напісаў у Лідскай агульнаадукацыйнай школе №1 імя Тадэвуша Касцюшкі свой першы верш “Верабейкі”. Паслухалі гісторыю нараджэння твора і ўспрынялі вобраз будучага паэта. Атрымалася гэта праз прымерку рэканструяванай доўгай кашулі “на выпуск”, у падобнай да якой хадзіў Валянцін у школу. Колькі было жадаючых яе прымерыць!!! Выхаванцам з гімназіі ўдалося пабыць і верабейкам, змясціўшы на галаву абадок з яго выявай. Не абышлося і без складання паэтычных радкоў гэтага ж твора: дзеці актыўна склалі раскіданыя словы вершаванага твора.

Ды і падчас выканання песні “Верабейкі” таксама паказалі свае здольнасці! Справіліся з заданнем мастацкага накірунка: па падрыхтаваных эскізах адлюстравалі прыгожых вераб’ёў. І як на дзіва, змаглі вызначыць метадам падстаўкі розных слоў правільныя адказы ў прымаўках, прыказках, народных прыкметах пра вераб’я. І паэты, і музыкі, мастакі ўдалыя!!! За актыўнасць і кемлівасць усе атрымалі сувеніры – каляровыя медальёнчыкі з выявай вясёлага вераб’я.

Хочацца падзякаваць настаўніцы Ярмантовіч Але Яраславаўне за такіх выхаваных дзяцей у класе. Спадзяемся, што ў хуткім часе мы зноў сустрэнемся, бо ідэй для правядзення падобных мерапрыемстваў у супрацоўнікаў Дома Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея заўсёды багата. Гайда, у Дом Таўлая!