/ Навіны / Вуліцы пісьменнікаў у аб’ектыве фотакамеры лідчан

Вуліцы пісьменнікаў у аб’ектыве фотакамеры лідчан

2023 год для горада Ліды стане запамінальным: мы адзначым 700 год ад яго заснавання. Кожная арганізацыя, установа, кожны жыхар горада рыхтуюцца да святкавання. Дом Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея таксама запланаваў праект, прыўрочаны да святкавання ажно двух юбілеяў.

Наш горад вялікі, прыгожы, цікавы! Вельмі шмат вуліц у ім: яны пашыраюцца, квітнеюць. І кожная з іх своеасаблівая, са сваёй гісторыяй.

У 2023 годзе споўніцца 60 гадоў вуліцы Валянціна Таўлая. Яшчэ ў далёкім 1963 годзе, 11 красавіка, яна была перайменавана з вуліцы Лідскай. У той дзень выканаўчы камітэт Лідскага раённага Савета дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне пад № 124: “Улічваючы шматлікія просьбы і пажаданні грамадзян горада аб увекавечванні памяці таленавітага беларускага паэта і мужнага рэвалюцыянера, які доўгі час жыў і працаваў у г. Ліда, вырашана перайменаваць вуліцу Лідскую ў вуліцу В.Таўлая”. (Аснова: фонд Лідскага занальнага дзяржаўнага архіва 55, воп.1, д.489, л.254).

У гонар Валянціна Таўлая таксама названы вуліцы ў гарадах Баранавічы, Гродна, Маладзечна, Слонім, у вёсках Ганькі і Жыровічы Слонімскага раёна.

Вуліц, названых у гонар вядомых пісьменнікаў беларускай, рускай, украінскай, яўрэйскай літаратуры, нямала. Усе яны заслугоўваюць павагі. І дзеля гэтага, з мэтай адсвяткаваць юбілей вуліцы заходнебеларускага паэта Валянціна Таўлая, супрацоўнікі Дома, у якім ён жыў, вырашылі стварыць фотавыстаўку “Лідскімі сцежкамі: вуліцы ў імёнах пісьменнікаў”. Гэта значыць, вуліца Таўлая збярэ іншыя “пісьменніцкія” вуліцы пад адным дахам, у Доме паэта. Гэта дасць магчымасць пабачыць зафіксаваныя на фотакамеру моманты з жыцця той ці іншай вуліцы, і лепш, калі яны будуць прадстаўлены ў розныя поры года (летам, восенню, зімою, вясной).

І таму супрацоўнікі Дома Валянціна Таўлая, які размяшчаецца па вуліцы Замкавая,7, звяртаюцца да Вас, жыхары горада Ліды! Мы хочам супольна з Вамі ажыццявіць задуманае. Калі Вы пражываеце на “пісьменніцкай” вуліцы, ці яна знаходзіцца побач з Вамі, дашліце яе фотаздымкі: як яна іграе пад промнямі летняга сонца, як купаецца ў залацістай лістоце, як патанае пад снежнай коўдрай або амываецца вясеннімі ручаямі. А можа ў Вашых сямейных альбомах ёсць фотаздымкі вуліц ранейшых гадоў, якія ўжо захавалі ў сабе гістарычную памяць? Таксама будзем рады іх атрымаць.

Лепшыя фотаздымкі будуць выбраныя і па магчымасці змешчаныя на фотавыстаўцы “Лідскімі сцежкамі: вуліцы ў імёнах пісьменнікаў”. Гэта значыць, Вашы фоташэдэўры змогуць убачыць наведвальнікі экспазіцыі.

Дасылаць фотаматэрыялы можна да красавіка 2023 года на электронную пошту Лідскага гісторыка-мастацкага музея (mus@lixmuseum.by), Дома Валянціна Таўлая (lixmtavlaj@mail.ru), або ў сацыяльныя сеткі “Вконтакте”, “Одноклассники”, “Фейсбук” з паметкаю «На конкурс “Лідскімі сцежкамі: вуліцы ў імёнах пісьменнікаў”». І абавязкова адзначце назву вуліцы на фотаздымку і аўтара.

Далучайцеся! Дом Валянціна Таўлая Вас шчыра вітае!