/ Навіны / Валянцін Таўлай і яго сувязь з горадам Лідай

Валянцін Таўлай і яго сувязь з горадам Лідай

Валянцін Таўлай пакінуў важкі след у гісторыі беларускай літаратуры як грамадзянін, як патрыёт, як барацьбіт за нацыянальную справядлівасць.

За сваё кароткае жыццё яму прыйшлося нямала пабачыць і паспытаць пакутаў, якія навісалі над Беларуссю ў тыя гістарычныя часы. Лёс Валянціна Таўлая – гэта адлюстраванне цэлай эпохі, праз якую пакручастымі дарогамі прайшла незлічоная колькасць беларусаў-творцаў.

Нарадзіўся ён перад пачаткам Першай сусветнай вайны 8 лютага 1914 года ў Баранавічах у сям’і чыгуначніка. Рана пазнаў галечу і сіроцтва. У 1920 годзе, калі хлопчыку было ўсяго 6 гадоў, памерла мама Марыя Антонаўна Жыгмунт. Яе пахавалі ў Зельве каля царквы, калі часова спыніліся на чыгуначнай станцыі. Так склалася, што яе магілу цяпер не могуць знайсці краязнаўцы. Далейшае выхоўванне дзяцей узяла на сябе бабуля Аўдоцця – маці бацькі паэта Паўла Дзям’янавіча.

Пакінуў свой след Валянцін Таўлай і ў Лідзе.

…На другі (1921) год бацька забраў мяне ў Ліду, каб я вучыўся. На вёсцы даводзілася бываць канікуламі.

Хаджу ў польскую школку, якая змяшчалася пры самых як жа тады велічных мурах-руінах старадаўняга замка ў Лідзе. Пры гэтых мурах сядзелі дзве згорбленыя векам, заімшэлыя хвоі, нават быццам бы заклятыя. Казалі: калі зламаць галінку – пацячэ кроў.

Цяжка было ў школе, пакуль з большага абцёрся. “Кто ты естэсь? – Поляк малы!” Добра было гаварыць гэтак дзецям новапрыбыўшых “на крэсы” польскіх чыноўнікаў. Ну, а мне, малому “кацапу”, які смешна выгаварвае “тшава” (трава), хоць па арыфметыцы і развіцці – больш чым на год уперадзе ўсіх?…

У дадатку, на вялікае маё гора, бацька заказаў і пашыў мне першыя доўгія штаны “навыпуск”. Сталі нада мною насміхацца яшчэ больш ядавіта, называючы папом.

Аднак, быццам наперакор усім гэтым паніжэнням і здзекам, калі трэба было пісаць нейкае практыкаванне з адказам на пытанне “кім хачу быць?” – я горда напісаў: “Хачу быць інжынерам шляхоў” (суфлёрам быў, разумеецца, бацька, які шапнуў мне сваю запаветную мару).

…І вось ужо ў другім класе, малы “кацап”, ён жа “поп”, ён жа “іжынер шляхоў”, аднойчы штурхае свайго сябра па лаўцы, каб той падняў руку і “падказаў” настаўніцы, што ён, “кацап”, мае нейкі вершык, відаць – уласны, але “не хоча” паказаць.

Хлапчука, хітраватага аўтара, ахопленага першым прыступам ліхаманкі шукання чытача, выклікаюць на сярэдзіну класа, бяруць з яго рук вершык і чытаюць:

WRÓBELKI

Zima sroga. Mróz aż strzela.
Żadnych ptaków niema u nas.
Tylko wrony i wróbelki.
Biedne, biedne te wróbelki –
Nie mają co jeść.
Skaczą chlodne, skaczą glodne,
Ale có ż poradzić –
Wnet przeminie sroga zima.
Przyjdzie wiosna – i nakarmi.

*Каб не падпадаць пад чужыя, недакладныя, а чаго добрага – празаічныя пераклады і каб не абцягваць такім грахом чыё-небудзь сумленне – даю ў гэтай вынасцы свой пераклад уласнага вершыка:

ВЕРАБЕЙКІ

Ну й зіма! Трашчаць марозы
І няма ніякіх птушак –
Толькі вераб’і, вароны.
Горка гэтым верабейкам
З думкай аб ядзе
Так падскаківаць галодным.
Але што ж мы зробім? –
Вось міне зіма цяжкая
І вясна прыйдзе – накорміць.
                                                        Аўтар.
                                                        1922 г.

Гэта быў мой водгук на школьную кампанію “Зімовай дапамогі” птушкам. Зачытвалі, здаецца, яшчэ нейкі другі мой вершык, але які і аб чым – зусім не помню.

Настаўніца патрапала мяне па шчацэ і сказала ўсміхаючыся:

– Добра. Пішы. Можа, некалі будзеш сапраўдным паэтам!

Не помню, ці гаварыла проста “паэтам”, ці “польскім паэтам”. Але, напэўна, думала: польскім. У кожным выпадку, мой аўтарытэт падрос.”

1921-1923 год. Лідская ўсеагульная школа №1 імя Тадэвуша Касцюшкі.
У верхнім радзе пасярэдзіне ў доўгай кашулі навыпуск 7-гадовы Валя Таўлай – аўтар свайго першага верша “Верабейкі”

Верабей – гэта сам аўтар верша. У свае дзіцячыя гады хлопчык паспытаў голад і холад, гадаваўся на нішчымным супе з крапівы і шчаўя. Амаль што як і верабей зімою – з недахопам ежы, чакаючы цяпла, якое абагрэе і накорміць.

Гэты верш згадваецца Валянцінам Таўлаем толькі ва ўспамінах. Яго не знойдзе чытач у зборах твораў паэта. Але, што важна, гэта першы твор паэта, напісаны ў Лідзе, яшчэ зусім юным хлопчыкам Валянцінам у 7-гадовым узросце. У гэты час, як бачым, Валянцін ужо меў паэтычны слых, яго прываблівала паэзія, а гэта значыць, што ў Лідзе Валя Таўлай пачынаў фарміравацца як паэт.

Паўсюль сустракаецца дата напісання верша – 1922 год. Аднак, як высветлілася, у рукапісах аўтабіяграфіі Валянціна Таўлая, якія захоўваюцца ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, рукой паэта пазначаны 1923 год.

Так як бацьку паэта Паўла Дзям’янавіча “скарацілі” з працы як непаляка, у 1924 годзе сям’я (браты Аляксандр, Уладзімір, Валянцін, бацька і маці (мачыха)) пакінулі горад Ліду і пераехалі ў вёску Рудаўка – радзіму гаспадара.

У Вялікай Кракотцы, непадалёку ад Рудаўкі, што на Слонімшчыне, Валянцін вучыцца ў школе. А затым паступае ў Слонімскую настаўніцкую семінарыю, з якой звольнілі па палітычных абставінах. Але давучыўшыся ў хаце, у сваёй мачыхі Сцепаніды Паўлаўны (яна закончыла настаўніцкія курсы ў Кракаве), Валянцін паступіў у Віленскую беларускую гімназію. У гэты час актыўна друкуецца, а за камсамольскую дзейнасць яго выключаюць, арыштоўваюць і садзяць у турму амаль на цэлы год. Затым дарога паэта вядзе ў Мінск, дзе працуе ў рэдакцыі газеты “Звязда”, вучыцца на літфаку БДУ, яго прымаюць у члены БелАПП, ЦК КПЗБ. За пераход польска-савецкай граніцы быў кінуты ў Маладзечанскую турму, а затым – у Лукішкі, дзе таксама прымаў актыўны ўдзел у прапагандысцкай і літаратурнай рабоце сярод палітзняволеных. Тэрмін прыгавору – 8 гадоў.

Група палітвязняў Гродзенскай турмы, вызваленых Чырвонай Арміяй 22 верасня 1939 года. У правым баку першы знізу ў салдацкай гімнасцёрцы ў паўляжачым стане Валянцін Таўлай

Потым – турма ў Гродне, дзе, не адбыўшы ўвесь тэрмін, быў вызвалены Чырвонай Арміяй. 22 верасня 1939 паэт вяртаецца да бацькоў у Ліду. Гэта ўжо другая згадка пра горад Ліду ў біяграфіі паэта.

Бацькі жылі ўжо тут. У 1935 годзе бацька паэта Павел быў таксама раней арыштаваны і каля году адбываў пакаранне ў Гродзенскай турме, а затым прадаў гаспадарку ў Рудаўцы і пераехаў з сям’ёй у Ліду. Тут купіў участак зямлі ў брата жонкі Сцепаніды, Пятра Паўлавіча Дарашэвіча і пабудаваў свой дом недалёка ад хаты цесця па вуліцы Пілсудскага (цяпер раён падатковай інспекцыі). Валянцін, якому было ўжо 25 гадоў, знаёміцца з жанчынай Кірай Брандт Азрыэлеўнай і жыве з ёй у адным доме, які размяшчаўся з паўднёвага боку Лідскага замка, па вуліцы імя Маёра Мацкевіча (цяпер вуліца Замкавая, 7).

Валянцін Таўлай з першай жонкай Кірай Бранд-Таўлай у Лідзе (1939-1941 гады), магчыма, у доме і каля дома, які цяпер носіць статус музея

У гэты час ён працуе ў рэдакцыі газеты “Уперад” (цяпер “Лідская газета”), займаецца творчай справай, рыхтуе ў друк вершы для зборніка “Шляхі і краты”, праводзіць сустрэчы і дапамагае ў творчасці, у карэспандэнцкіх справах селькорам. Цеснае супрацоўніцтва ідзе з калегамі па пяры Нінай Тарас і Якубам Міско, якія таксама працавалі ў газеце “Уперад”. Значнай падзеяй у біяграфіі В.Таўлая і ў гісторыі горада Ліда стаў прыезд народнага паэта БССР Янкі Купалы. 13-15 сакавіка 1940 года шаноўны пясняр спыняўся ў Лідзе. Арганізатарам сустрэчы з вядомым паэтам быў В.Таўлай. Прыезд Янкі Купалы з’яўляўся падзячным для лідзян, якія аднагалосна абралі яго кандыдатам у дэпутаты па Лідскай-Слабадской акрузе № 306 Вярхоўнага Савета БССР. Так склалася, што Янка Купала быў прастуджаны і прыехаў у туфлях якраз тады, калі ў горадзе было разводдзе. Згодна ўспамінам і матэрыялам, вядома, што Валянцін Таўлай паспрыяў будучаму яшчэ дэпутату прайсціся ў сухім абутку па лідскіх тратуарах: з абутковай фабрыкі “Ардаль” ён прынёс падарунак – галёшы. Сустрэчы адбываліся ў чыгуначным клубе “Агніско каляёва”, кінатэатры “Эдысон”, гарадской бібліятэцы, а затым асобна з маладымі паэтамі ў сталовай “Амерыканка”. Там ён уручыў ім свае кнігі. В.Таўлаю – “Над ракой Арэсай”.

Да гэтага перыяду адносяцца вершы “Рэдакцыя ў шапцы” (сакавік 1941 г.), “Гэта ўсё – знаёмыя шляхі” (1941 г.), “Першамайскія сцягі” (30 красавіка 1941 г.), “Аб маіх вершах” (7 чэрвеня 1941 г.), а таксама быў пакладзены пачатак напісанню паэмаў “Песня пра сухар”, “Таварыш”, “Кобрыншчына”, пра Палессе і інш.

Першы дзень Вялікай Айчыннай вайны (22 чэрвеня 1941 год) Валянцін сустрэў на мітынгу абутковай фабрыкі “Ардаль”. Вярнуўшыся дамоў, ён пачаў збіраць свае рэчы – творы, якія былі ўратаваны з турмаў і тыя, якія “вытрасаў з памяці”. Для яго яны былі самыя сутнасныя і дарагія. Але жонка Кіра Брандт, знерваваная і збянтэжаная ад набегу нямецкіх войскаў, не вытрымлівае і выкідвае іх у выграбную яму. Валянцін прымушана пакідае Ліду па той прычыне, што шмат хто ведаў у горадзе пра яго рэвалюцыйную дзейнасць у панскай Польшчы, пра актыўную грамадскую работу пасля вераснёўскіх дзён. Ён выязджае ў Навагрудак і ўладкоўваецца на пасаду памочніка пісара гміны ў в. Ваўкавічы Навагрудскага павета. У Таўлая была дзівосная здольнасць гуртаваць вакол сябе людзей, знаходзіць для кожнага патрэбнае слова, уважліва выслухоўваць наведвальніка. Працуючы на немцаў, займаецца актыўнай палітычнай дзейнасцю: з’яўляўся сувязным партызанскага атрада імя Катоўскага і выконваў спецзаданні групы асобага прызначэння “Буревестник”. Не аднойчы ратаваў патрыётаў, якіх везлі на допыт у гестапа і якія з этапу збеглі.

Лідзія Сяргееўна Казлоўская (1939 г., 1946 г.)

Там, у Навагрудку, Таўлай знаёміцца з жанчынай Лідзіяй Сяргееўнай Казлоўскай і напрыканцы 1941 году бяруць шлюб, бо па некаторых звестках першая яго жонка Кіра была расстраляна немцамі і пахавана ў Лідзе. Аднак, дзякуючы архівам і даведкам (“Дзённіку” Максіма Танка, успамінам Марыі Рольнікайтэ) Кіра Бранд змагла знайсці сабе месца пражывання ў Вільні па вуліцы Букавай, 16 – у кватэры Любы Асаевіч, будучай жонкі Максіма Танка. Яна мела падпольны пашпарт на імя Марта (Марфа), пазней злучыла свой лёс з літоўцам – юрыстам Гіршам Абелевічам Рольнікасам, ад якога мела дачку Гелену, якая мела хваробу – сіндром Даўна і потым памерла. Не стала Кіры ў лістападзе 1984 года. Трэба зазначыць, што ў Валянціна Таўлая ад Лідзіі Сяргееўны была таксама дачка Алеся. Але ж, лёс яе быў зусім кароткі, – хутка памерла і яе пахавалі ў Ваўкавічах.

Маючы доступ да дакументаў, працуючы пісарам у Навагрудку, “працуючы” на немцаў, Валянцін выязджаў у іншыя гарады. 19 верасня 1943 года неабходна было яму выехаць у Вільню за атрыманнем медыкаментаў і звестак ад атрада. На гэты раз паехаў адзін, без “падстрахоўкі” – Лідзіі Казлоўскай, абяцаючы вярнуцца праз тры-чатыры дні. Па дарозе ён наведаў сваіх бацькоў у Лідзе.

Бацька Павел Дзямянавіч Таўлай і мачыха Сцепаніда Паўлаўна Дарашэвіч

Аднак, у гэты ж дзень, 23 верасня (1943 г.) ў Мінску падпольшчыкамі і партызанамі было здзейнена забойства на гаўляйтэра Вільгельма Кубэ. Па Беларусі пракацілася хваля арыштаў, не абмінула і горад Ліду. У лік падазроных патрапіла сям’я Таўлаяў, бо мясцовыя каты ведалі пра актыўную пазіцыю бацькі паэта і сувязь яго з партызанамі, які ўзначальваў гміну ў Дакудаве, а затым – у Лідзе. Паліцаі кінулі ў лідскую фашыскую турму бацьку, мачыху, 7-гадовую сястру Ніну і самога Валянціна. Калі Ніну выпусціў з турмы ўрач у першыя дні з-за прычыны яе хваробы, то Валянціна толькі праз месяц – паспрыялі таварышы з Вільні (Кіра Брандт за 100 рублёў) і пісьмо, напісанае нямецкім паслугачом Якуцэвічам, перададзенае Лідзіяй Казлоўскай і Нінай Тарас у лідскае гестапа. А вось бацькоў вызваліць не ўдалося: яны былі вывезены ў лагер смерці Асвенцім і адтуль не вярнуліся.

Сучасны стан турэмных камераў, якія знаходзяцца на тэрыторыі мэблевай фабрыкі ў Лідзе

У перыяд зняволення ў лідскай турме, В. Таўлай напісаў нямала вершаў (“Лісты з турмы” (23 верасня 1943 г.), “Сон Гітлера” (верасень 1943 г.) і інш.). Падчас вайны ім жа былі напісаны вершы “Дзе ж ты, мілая?..” (20.10.1941 г.), “Малой сястрычцы” (23.02.1943 г.), “Дзяўчынка-свінка” (23.02.1943 г.).

Пасля вызвалення беларускай тэрыторыі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Валянцін перавёз сястру Ніну ў Навагрудак, жывуць з Лідзіяй Казлоўскай. Працуе адказным сакратаром навагрудскай раённай газеты “Звязда”.

У 1945 годзе Валянцін Таўлай пераязджае ў Мінск і працуе па запрашэнні жонкі Янкі Купалы Уладзіславы Луцэвіч у якасьці навуковага супрацоўніка, а затым намесніка дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы, які яна і ўзначаліла. Ён быў адным з першых даследчыкаў творчасці народнага паэта, правёў вялікую работу па збору яго спадчыны. Лідзія Казлоўская перавезла сваіх дачок Ірыну і Алену з Ленінграда, якіх мела ад першага мужа, але развялася з ім. У канцы снежня 1945 года ў час навагодніх святаў, перабягаючы дарогу, пад колы грузавой машыны патрапіла Лена і загінула. Пахавалі на Даўгабродскіх (Ваенных) могілках.

Апошні прыезд Валянціна Таўлая (сядзіць з левага боку) ў Ліду. 18 верасня 1946 г.

18 верасня 1946 года В.Таўлай, хоць быў хворым ангінай і флюсам, якія сталі вынікам септычнана эндакардыта, але разам з дэлегацыяй беларускіх пісьменнікаў начале з Уладзіславай Луцэвіч прыняў удзел у адкрыцці гарадской бібліятэкі імя Янкі Купалы ў Лідзе. У той дзень лідчане спыталі ці хутка можна будзе ўбачыць яго кнігу. Паэт даў станоўчы адказ: “Хутка”. Падчас банкета, які адбыўся пасля мерапрыемства, было вельмі халоднае надвор’е (да – 5°), Валянцін неасцярожна выйшаў на вуліцу і пасядзеў на сходках бібліятэкі.

Аднак паэт злёг у аддзяленне тэрапіі І-й клінічнай бальніцы г.Мінска, у якім праляжаў 6 месяцаў, але спадзяваўся на лепшае: пра атрыманне сваёй кнігі, якую аддаў праз дарогу ў друкарню для выхаду ў свет… 27 красавіка 1947 года пасля хваробы, стомленае сэрца, якое надрывалася падчас ранейшых турэмных зняволенняў, спынілі жыццё Валянціна Паўлавіча Таўлая на 33-м годзе. Паэта пахавалі на Вайсковых могілках па вуліцы Казлова, 11 побач каля дачкі Лідзіі Алены.

Першая кніга – зборнік паэзіі «Шляхі і краты» – выйшла пасля заўчаснай смерці паэта пад назвай «Выбранае» ў 1947 годзе. Аднак, слава прыйшла да паэта пасля смерці: у другой палове ХХ ст. зборнікі паэзіі В. Таўлая сталі выходзіць на беларускай, рускай мовах. Жыццю і творчасці паэта прысвечаны шэраг вершаў, артыкулаў, даследаванняў, кніг.

Так склалася гістарычна, што ў Лідзе амаль што не ўцалелі тыя аб’екты, якія звязаны былі б з дзейнасцю беларускага паэта. Школа, у якой ён вучыўся, а таксама рэдакцыя, у якой ён працаваў былі знішчаны падчас Вялікай Айчыннай вайны. Аднак, захаваліся турэмныя камеры з кратамі (цяпер там тэрыторыя мэблевай фабрыкі), дзе падчас вайны паэт з сям’ёй адбываў пакаранне. На шчасце, уцалеў дом, у якім ён жыў. Гэты будынак перажыў шматлікія гістарычныя падзеі, праз яго памяшканні прайшлі арганізацыі і ўстановы (скурвендыспансер, аддзел спорту і турызму, інтэрнат), ды толькі амаль праз 70 год ён стаў домам-музеем – Домам Валянціна Таўлая.

Беларусь памятае паэта. У гонар Валянціна Таўлая названы вуліцы ў Баранавічах, Гродне, Лідзе, Маладзечне, Слонімшчыне і інш.

У горадзе Лідзе ўшанавана імя паэта.

11 красавіка 1963 года вуліца Лідская была перайменавана на вуліцу Таўлая. У той дзень выканаўчы камітэт Лідскага гарадскога Савета дэпутатаў працоўных прыняў рашэнне за нумарам 124: “Улічваючы шматлікія просьбы і пажаданні грамадзян горада аб увекавечванні памяці таленавітага беларускага паэта і мужнага рэвалюцыянера, які доўгі час жыў і працаваў у г. Лідзе, вырашана перайменаваць вуліцу Лідскую ў вуліцу В. Таўлая”.

Адна з бібліятэк у Лідзе, што па вуліцы Фурманава, носіць імя Валянціна Таўлая.

22 верасня 2010 года, у доме па вуліцы Замкавая, 7, дзе жыў Валянцін Таўлай, быў адкрыты музей – аб’ект Лідскага гісторыка-мастацкага музея. Тут працуе мемарыяльны пакой і выстаўкі на літаратурную тэматыку і тэму друка, праходзяць сустрэчы з літаратарамі.

У 2014 годзе, на 100-годдзе паэта на будынках – доме-музеі і рэдакцыі “Лідскай газеты” былі ўрачыста адкрыты мемарыяльныя дошкі работы лідскага скульптара Рычарды Грушы.

Таўлай, як паэт, напісаў не так многа. Занадта неспрыяльна для мастацкай творчасці склалася яго жыццё. Але, няхай нямнога напісаў В.Таўлай, колькасць – не рашаючы крытэрый для ацэнкі спадчыны паэта. Важна тое, што на вершах В.Таўлая ляжыць адзнака сапраўднага таленту.

Літаратурная справа для В.Таўлая была сродкам служэння яго народу. Паэт не адрываў сваю творчую працу ад падпольнай рэвалюцыйнай дзейнасці, быў не толькі паэтам-грамадзянінам, але і паэтам-рэвалюцыянерам, разглядаў мастацкае слова як зброю ў класавай барацьбе за вызваленне сваёй радзімы спачатку ад польскай дзяржавы, потым ад нямецка-фашысцкай навалы. Яго вершы апавядаюць і аб вялікай радасці, з якой савецкі народ прыступіў да будаўніцтва мірнага жыцця. Жыццё Валянціна – гэта змястоўная кніга, дзе зместам яна цесна звязана з барацьбой, якая падказвала аўтару тэмы вершаў, паэмы.

Кароткае жыццё паэта з насычаным лёсам. Сёння яшчэ не да канца ўсё даследавана, што звязана з Валянцінам Таўлаем. Патрабуе час. Будзем спадзявацца, што ў навучальнай праграме знойдзецца месца і для вывучэння творчасці Валянціна Таўлая, вартай для спазнання гераічнага ваеннага мінулага сучаснаму пакаленню.

Радуе і тое, што 17 верасня 2022 года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка згадаў: “Мы памятаем тую жорсткасць, з якой было задушана Скідзельскае паўстанне, калі польскія жандары рэзалі ўсіх запар, не шкадуючы старых, жанчын і дзяцей. Памятаем дзікія катаванні, якім падвяргаліся вязні канцлагера Бяроза-Картузская. І будзем памятаць герояў, якія сталі сімваламі народнага супраціву ў Заходняй Беларусі: Сяргея Прытыцкага, Веру Харужую, дзеда Талаша, Кірыла Арлоўскага, Станіслава Ваўпшасава і іншых нашых землякоў. Мы і сёння бачым сілу і веліч непакоранага беларускага духу ў творчасці Максіма Танка, Валянціна Таўлая, Максіма Сеўрука, Рыгора Шырмы і многіх іншых. Бачым, адчуваем і памятаем…”. Так, будзем памятаць і верыць у тое, што мова і нацыянальнасць, за якую аддаў сваё нялёгкае і кароткае жыццё паэт-рэвалюцыянер Валянцін Таўлай, будзе далей жыць у нашых сэрцах.

Падрыхтаваў навуковы супрацоўнік Алесь Хітрун