Часта ў музейным зборы можна ўбачыць вельмі цікавыя і рэдкія для канкрэтнага рэгіёна прадметы. Так, напрыклад, у фондах Лідскага гісторыка-мастацкага музея знаходзіцца… вакідзасі. Што гэта і як жа гэта патрапіла ў Ліду?
Вакідзасі – гэта кароткі японскі меч. У асноўным выкарыстоўваўся самураямі і насіўся на поясе. Яго насілі ў пары з катанай – больш доўгім мячом.
Вакідзасі, дарэчы, у адным з прачытанняў азначае “уваткнуты збоку” – ён размяшчаўся за поясам злева, але нашмат бліжэй да цела, чым катана. Пры гэтым яго насілі закладзеным за пояс пад такім вуглом, які хавае ад суперніка даўжыню ляза. Такі спосаб нашэння ў грамадстве сфармаваўся пасля завяршэння войн перыяду Сэнгоку ў пачатку XVII стагоддзя, калі насіць зброю стала больш традыцыяй, чым ваеннай неабходнасцю.
Нашэнне такога клінка дазвалялася амаль паўсюдна, нават людзям найнізкіх саслоўяў – майстравым і гандлярам. Калі ў разлік не браць даволі кароткія перыяды досыць лютага пераследу разнастайных парушальнікаў закону, знаходжанне за поясам прасталюдзіна малога мяча было звычайнай справай.
Самураі ж выкарыстоўвалі вакідзасі ў якасці зброі тады, калі катана была недаступная або непрымяняльная. Уваходзячы ў памяшканне, воін пакідаў катану ў слугі або на падстаўцы – катанакакэ. Вакідзасі заўсёды насіўся пры сабе, і яго здымалі толькі ў выпадку, калі самурай заставаўся на працяглы перыяд часу. Самураі часта называлі гэты меч “ахоўнікам свайго гонару”. Некаторыя школы фехтавання вучылі выкарыстоўваць і катану, і вакідзасі адначасова.
Часта мячы вакідзасі і катану рабіў адзін майстар, мячы мелі якаснае афармленне і адзін стыль. Гэтую пару мячоў называлі дайсё, што ў перакладзе значыла “доўгі-кароткі” або “вялікі-малы”. А калі мячы вырабляліся рознымі майстрамі, то іх ужо нельга было называць дайсё.
Даўжыня клінка вакідзсі – ад 1 да 2 сяку. Калі даўжыня клінка меншая за 1 сяку, то гэта танта, а калі большая за 2 сяку, то гэта ўжо катана.
Калі перакладаць у зразумелыя адзінкі, то стандартная даўжыня – ад 30,3 см да 60,6 см. Агульная даўжыня з рукаяткай – ад 50 да 85 см, аднак звычайна – 70-80 см.
Клінок вакiдзасi аднабаковага завострывання, малой крывізны, гэтым ён падобны па форме на катану. Ступень выпукласці сячэння клінка вакідзасі нашмат менш, таму, у параўнанні з катанай, гэты меч рэзаў мяккія аб’екты больш рэзка. Рукаяць вакідзасі такая ж, як у катаны, але меншай даўжыні.
Даўжыня мяча, які знаходзіцца ў Лідскім музеі – 77,5 см. А выглядае ён вось так:
А гісторыя гэтага мяча яшчэ больш прыгожая, чым ён сам.
Як жа такі прыгажун апынуўся ў Лідзе? У Лідскі музей ён паступіў у верасні далёкага 1959 года з Ваўкавыскага музея. Але адкуль вакідзасі з’явіўся ў Ваўкавыску?
Была некалі такая добрая традыцыя ў Савецкім Саюзе: калі адкрываўся новы музей, іншыя музеі аказвалі прадметна-метадычную дапамогу – перадавалі фондавыя прадметы для папаўнення калекцый. Вось такую дапамогу Ваўкавыскаму музею і аказаў Артылерыйскі музей з Санкт-Пецярбурга, які зараз называецца Ваенна-гістарычны музей артылерыі, інжынерных войскаў і войскаў сувязі. Дапамога, дарэчы, была вельмі самавітая – у верасні 1951 гада з Пецярбурга ў Ваўкавыск было перададзена 129 прадметаў, сярод якіх быў і вакідзасі.
Вядома ж, намі быў адпраўлены ліст у Санкт-Пецярбург – вельмі хацелася даведацца, як гэты клінок патрапіў да іх.
На жаль, на наш запыт прыйшоў адказ, што “дакументы паступлення дадзенага прадмета ў зборы музея адсутнічаюць”.
На жаль, на вакідзасі, які знаходзіцца ў Лідскім музеі, адсутнічаюць якія-небудзь клеймы ці знакі. Таму вызначыць нават прыблізна час вырабу і рэгіён вельмі складана. Магчыма, калі-небудзь навука будзе валодаць тэхналогіямі, якія дапамогуць вырашаць падобныя задачы. Бо так хочацца даведацца ўсю гісторыю гэтага клінка.
У найбліжэйшай будучыні Вы зможаце ўбачыць гэты клінок на выстаўцы ў нашым музеі.
Сачыце за афішай.
Старшы навуковы супрацоўнік ДУ “Лідскі гісторыка-мастацкі музей” Іода Мікалай Віктаравіч.