/ Навіны / У жыцці маім – майстэрства і натхненне

У жыцці маім – майстэрства і натхненне

Дом Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея ўжо два гады з’яўляецца пляцоўкай для людзей з творчым запалам у душы, з багатым унутраным светам, але з некаторыя абмежаванасці ў здароўі.

3 снежня 2020 года ў Міжнародны дзень інвалідаў быў пакладзены пачатак інклюзіўнаму праекту “Перадай дабро па крузе”. За гэты час у супрацоўнікаў Дома Валянціна Таўлая праклалася цёплае супрацоўніцтва з арганізацыямі “Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва” аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Ліда (загадчык Ірына Валер’янаўна Звонік) і Бярозаўкі (загадчык Саўко Наталля Мікалаеўна), Лідскай раённай арганізацыяй “Беларускае таварыства інвалідаў па зроку” (старшыня Лыскоўская Ірына Юр’еўна), Лідскай аб’яднанай арганізацыяй ГА “Беларускае таварыства інвалідаў” (старшыня Самускевіч Алена Аляксандраўна). Дзякуючы ім у памяшканнях Дома Валянціна Таўлая прайшлі цікавыя і пазнавальныя сустрэчы з Лянцэвіч Алесяй, Мікша Вольгай, арганізаваны выстаўкі Брэйва Ганны, Кулеш Алы і Марыны, Пачабута Сяргея і Саннікавай Веры.

Гэтыя мерапрыемствы былі напоўнены цеплынёй, дапамаглі прысутным штосьці падкрэсліць для сябе, задумацца над паўсядзённым жыццём, над праблемамі, якія парой з’яўляюцца лёсавызначальнымі. Усе гэтыя гісторыі, расказаныя з вуснаў запрошаных гасцей, адразу запэўнівалі прысутных у зале, што выхад і вырашэнні іх знайсці адназначна можна. Прыхільнікі іх творчасці пазнаёміліся з такімі відамі работ, якія выконваюцца ў тэхніцы стрынг-арт, кінусайга, фаамірана і фетра, вышыўка бісерам, акварэлі і гуашы, каляровай графікі і інш.

3 снежня 2022 года перадаць эстафету ў працягванні праекту было даручана жыхару горада Бярозаўкі Дзмітрыю Федчэнку. У рамках праекта была адкрыта чарговая выстаўка “У жыцці маім – майстэрства і натхненне”. На ёй прадстаўлена 15 аўтарскіх работ дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, выкананых ў тэхніках вышыўка гладдзю, крыжыкам, бісерам, у аб’ёмнай вышыўцы, змешанай тэхніцы і створаныя французскім вузельчыкам.

7 снежня адбылася сустрэча з аўтарам. Вядучай імпрэзы была загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў горада Бярозаўкі Саўко Наталля Мікалаеўна. Галоўнай падтрымкай для Дзмітрыя Васільевіча сталі і яго бацькі – мама і тата, якія таксама падзяліліся цікавымі жыццёвымі момантамі і гісторыямі пра сына. Падтрымаць свайго калегу-творцу прыехалі і іншыя таленавітыя прадстаўнікі гэтага аддзялення, сярод якіх мужчынская вакальная група “Братаны” на чале з кіраўніком музычнага гурта “Авацыя” Краўцовым Анатолем Анатольевічам. У гэтую суполку ўваходзіць таксама і Дзмітрый Федчэнка. Для прысутных у залі ў жывым выкананні гучалі жыццесцвярджальныя песні з іх рэпертуара. Гарачыя апладысменты ад гледачоў плылі па зале. З задавальненнем Дзмітрый Васільевіч расказаў пра стварэнне той ці іншай прадстаўленай на выстаўцы работы, распавёў пра тэхніку іх выканання.

Выстаўка “У жыцці маім – майстэрства і натхненне” будзе працаваць напрацягу некалькі месяцаў.

Алесь Хітрун, навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея