Лідскі гісторыка-мастацкі музей пракладвае шляхі супрацоўніцтва з музеямі Беларусі. На гэты раз пунктам для рабочай паездкі стаў горад Навагрудак. Так, наш бліжэйшы горад ад Ліды. Навагрудак – адзін з самых старажытных у Беларусі, калісьці ён быў цэнтрам Вялікага княства Літоўскага. Навагрудак наведвалі шматлікія вучоныя, тут яны і пражывалі, тут кожны з іх пакінуў важкі след у гісторыі Беларусі. Менавіта тут, на Навагрудскай зямлі вырас беларускі грамадскі дзеяч, педагог, матэматык, фізік, канструктар амерыканскай ракетнай тэхнікі Барыс Кіт, які лічыцца ганаровым грамадзянінам горада, хоць і нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. Да слова, пару дзён назад, 1 лютага 2018 года Барыс Уладзіміравіч памёр на 108 годзе жыцця ў Франкфурт-на-Майне (Германія). З Навагрудчыны паходзіць паэтэса Ніна Тарас, якая працавала, між іншым, у рэдакцыі лідскай газеты “Уперад”. Народны пісьменнік Янка Брыль паступаў у Навагрудскую гімназію. Жыў у Навагрудку паэт Валянцін Таўлай, які, як вядома, злучыў свой лёс з Лідай. Тут на свет з’явіўся польскі класік, але з беларускімі карэннямі Адам Міцкевіч. Тут неаднаразова ў дэпутаты выбіраўся народны пісьменнік Беларусі Якуб Колас. Што ж, гэта асобная тэма.
Трэба зазначыць, што паездка была здзейснена разам з навуковым супрацоўнікам Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесем Хітруном і з лідскімі творцамі, грамадскімі дзеячамі – паэтам, галоўным рэдактарам газеты “Наша слова” і часопіса “Лідскі Летапісец” Станіславам Суднікам і лідскім бардам Сяргеем Чарняком. Знаёмства з экспазіцыямі і выставачнымі заламі арганізавала старшы навуковы супрацоўнік Навагрудскага гісторыка-краязнаўчага музея Кавальчук Галіна Тадэвушаўна. Мэтай паездкі стала папулярызацыя беларускай мовы і літаратуры.
У выставачнай зале музея сабраліся прыхільнікі гэтага накірунку. Алесь Хітрун распавёў пра дзейнасць літаратараў Лідчыны, якія збіраюцца ў літаратурным аддзеле музея – доміку Таўлая на пасяджэнні літаратурнага аб’яднання “Суквецце” пры рэдакцыі “Лідскай газеты”, дзе праходзяць сустрэчы з вядомымі паэтамі Беларусі і прэзентацыі іх кніг. Было даведзена для прысутных, што супрацоўнікі доміка Таўлая займаюцца навуковай дзейнасцю, раскрываюць гістарычнае мінулае літаратурнай Лідчыны, якое цесна звязана і з навагрудскай старонкай. Зачытаў свае вершы і гумарыстычныя карацелькі, адказаў на пытанні прысутных.
З вуснаў Станіслава Судніка былі агучаны факты пра вядомых дзеячаў культуры, класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Цёткі, Адама Міцкевіча, якія так ці інакш маюць значную сувязь з Лідчынай. На гэтую тэму былі зачытаны вершы. Падбадзёрыў публіку выкананнем песень на словы вядомых паэтаў Беларусі пад акампанемент гітары бард Сяргей Чарняк. У яго падтрымку далучыліся і іншыя гітарысты і выканаўцы з Навагрудка, якія ў сваім выкананні прадэманстравалі песні на словы навагрудскіх паэтаў, у большасці Святланы Абдулаевай.
Напрыканцы быў зроблены агульны фотаздымак на памяць.
Падрыхтаваў Алесь Хітрун