/ Навіны / У лістападзе гола ў садзе, а на імшарынах чырвона ад “кіслых шарыкаў”

У лістападзе гола ў садзе, а на імшарынах чырвона ад “кіслых шарыкаў”

Адыходзіць восень, але не спяшаецца патушыць свае яркія фарбы поўнасцю. “Гараць пажарам” імшарыны – гэта лістапад стварае такую замалёўку. І не толькі. Ён частуе незвычайнымі дарамі – ягадамі журавінамі ці, у перакладзе з грэчаскай мовы, “кіслымі шарыкамі”.

Нягледзячы на холад, макрэчу, туманы – у апошнім восеньскім месяцы самы час збору журавін (жураўлін), які пачынаўся, згодна беларускаму народнаму календару, 13 верасня, на Купрыянаў дзень. Звязвалі гэта са зборам журавоў у вырай, прытулкам для якіх на гэты момант станавіліся імшарыны з журавінамі. Лічылі, што нельга птушкам перашкаджаць набірацца моцы перад далёкай дарогай – “клюкаць” спелыя ягады.

А ўжо пасля – калі ласка!

Збор журавін – справа жаночая. На збор ягад ішлі, як правіла, гуртам, улічваючы забалочанасць мясцін. Калі разлічвалі на вялікі збор (на продаж), ехалі на возе. Самым вялікім месцам збору ў Лідскім раёне было Дакудаўскае балота , а таксама багністыя мясціны ў міжрэччах, забалочаныя імшыстыя хвойнікі – далей ад чалавечых паселішчаў. І сёння асаблівым гонарам мясцовых жыхароў з’яўляецца рэспубліканскі біялагічны заказнік на ўсходзе Лідскага раёна Гродзенскай вобдласці – “Дакудаўскі”. Кожны лідчанін ведае, што ў балотах заказніка растуць журавіны.

Рыхтаваліся да збору гэтай жыхаркі балот загадзя: гаспадыні шылі палатняныя торбы, у якія змяшчалася прыблізна 5-8 кг. У час збору торбы прывязвалі да пояса ці перакідвалі праз плячо – рукі ў такім выпадку былі вольныя. Бралі з сабой кіі. Кіямі прашчупвалі мясціны, каб не праваліцца ў багну. Даматканыя вялікія мяхі пакідалі на сухім месцы, ля дарогі. Сабраныя журавіны з торбы высыпалі ў мяшок (іншым разам у вялікі плецены з лазы кош). Вывозілі мяшкі з журавінамі коньмі на вазах. На вазы ўсаджваліся і стомленыя за дзень жанчыны.

Спачатку сабраныя журавіны прасушвалі на гарышчы на посцілках, а пасля чысцілі (“праветрывалі”) з дапамогай драўлянага саўка ў драўляных карытах (ночвах, начоўках). На наступным этапе чыстыя і абсушаныя ягады на захаванне засыпалі ў дубовыя бочкі, некаторыя бочкі ці іншыя ёмістасці, запоўненыя ягадамі, залівалі вадой. Вада не змяншала якасці журавін. Лішкі сабраных журавін вазілі на рынак.

Збіраць недаспелыя, зелянкавыя ягады было непрыстойна. У вёсках у ваколіцах дакудаўскіх балот іх называлі “белабокімі”. Аднак, баючыся, што журавіны выберуць у бліжніх мясцінах, некаторыя жанчыны зрывалі і зялёныя. Пра гэта нам паведалі ў адной з вёсак былога Лідскага павета. Недаспелыя журавіны здрабнялі і закладвалі ў слоікі без цукру. Які ж быў цуд, калі праз некаторы час раструшчаныя ягады ў слоіку чырванелі!!! (паводле ўспамінаў С. Васілевіч, якая памятае, як бабуля прыводзіла ўнукаў у камору на гэта падзівіцца). Праўда, даспеленыя прымусова, яны не былі такімі карыснымі.

Журавіны дабаўлялі, калі квасілі капусту. Елі з мёдам, цукрам. Таксама пераціралі з цукрам, напаўняючы масай гліняныя збаны, слоі. Вельмі часта варылі кісялі, рабілі настойкі. Дзецей ласавалі “прысмакамі”: мачылі ягады ў вадзе са студні, а пасля валялі ў цукры і давалі падсохнуць. А вось такая беларуская страва, як жур, відаць, запазычыла назву ў журавін. (У старанямецкім слове sūr хаваецца смак і журавін, і самой стравы – кіслы).

Ягады захоўваліся доўга. Тэрмін захавання – гады два! Пры гэтым не траціўся смак і, у тым ліку, лекавыя ўласцівасці. Нашы продкі лічылі журавіны вельмі карыснымі пры прастудзе, кашлю, высокай тэмпературы (цяпер мы кажам: скарбніца вітамінаў і рэдкіх мікраэлементаў!).

Выкарыстоўвалі журавіны і ў дэкоры міжаконнай прасторы сялянскай хаты прыродным матэрыялам рэгіянальнага значэння. Устаўлючы вокны-дубэльты на зіму, паміж рамамі на паперу клалі мох, а на мох – журавіны. Вокны не толькі выглядалі прыгожа, але і не пацелі.

Як каралі, рассыпаны журавіны восенню па купінах, чырвонымі агеньчыкамі пабліскваюць зімой з-пад снегу. Вясной жа – гэта першая ягада, салодкая пасля маразоў, якой можна паласавацца на імшарынах.

Фатаграфіі зроблены ў Лідскім музеі. Журавіны – з Дакудаўскіх балотаў!