З успамінаў Логаша Уладзіміра Уладзіміравіча, 1958 г. н.
Пражыў сваё дзяцінства на вуліцы Савецкай, у цэнтры горада. Часта, будучы хлопчыкам, бегаў разам з дзецьмі ў замак. Паўднёва-заходні вугал замка быў разбураны, і мы, дзеці, часта менавіта там пралазілі ў двор замка. Збіраліся на невялікі ўзгорак і траплялі ў двор. Тэрыторыя была тут значна завалена смеццем. Пагорак каля вугла, дзе мы пралазілі ў замак, хутчэй за ўсё складаўся з усякага хламу, што выкідалі сюды людзі. Былі вароты на месцы паўночна-заходняга вугла, але цікавей было трапіць сюды сваім ходам. Хто смялейшы – лазіў па старых сценах зверху. Усе праёмы ва ўсходняй і паўднёвай сценах былі замураваны цэглай. У замку мы бегалі, забуляліся.
На тэрыторыі замка была калісьці футбольная пляцоўка, часта праводзіліся спартыўныя мерапрыемствы па футболе, валейболе, стральбе. Стрэльбішча размяшчалася бліжэй да паўднёва-ўсходняга вугла. Памятаю, што стаялі на тэрыторыі замка лаўкі, бліжэй да паўночнай сцяны (прыкладна на месцы сучаснага будынка адміністрацыі). У 60-70-я гг. XX ст. у горад прыязджаў звярынец (практычна кожны год). Часта размяшчаўся на тэрыторыі замкавага двара, клеткі размяшчаліся ўздоўж замкавых сцен.
Падчас святкаванняў (святы савецкага перыяду: 1 мая, 9 мая і інш.) каля сцен замка праходзілі дэманстранты. Пасля падобных святаў людзі збіраліся каля замка. Часта кучкаваліся за ўсходняй сцяной, бо там быў зацішок.
Мой бацька, Логаш Уладзімір Міхайлавіч, з 1969 г. па 1980 г. знаходзіўся на пасадзе старшыні Лідскага гарвыканкама. З’яўляўся адным з актыўных ініцыятараў рэканструкцыі і рэстаўрацыі Лідскага замка. Займацца падобнай справай было тады даволі складана. Па-першае, у савецкі перыяд гісторыя ВКЛ не была такой цікавай і актуальнай, як сёння. Па-другое, трэба было здабыць неабходную цэглу ў часы дэфіцыту. Прыходзілася выпісваць цэглу з Літвы. Але праца па аднаўленні пачалася.
Я ў 1977 г. быў у будаўнічым атрадзе, які займаўся раскопкамі на тэрыторыі замка. Тут працавалі археолагі Ткачоў М. А., Трусаў А. А., архітэктар Багласаў С. Г.
У Лідзе раней быў адзін брэнд – піва, а цяпер – Лідскі замак… (задаволена ўсміхаецца).
Цікавы факт
Яшчэ ведаю цікавы факт. Гэта сёння датай заснавання горада лічыцца 1323 г. Так было не заўсёды. Надыходзіў 1980 г. – Алімпійскія гульні ў Маскве. Тады быў час такі, любілі святкаваць юбілеі. Напярэдадні святкавання Алімпіяды ў 1980 г. вырашылі, што вельмі добра было б адзначыць круглую дату заснавання горада. Ёсць версія і пра 1180 г. Але тады не хапала гістарычных фактаў для яе афіцыйнага зацвярджэння. Ды і горад мог аказацца больш старажытным, чым некаторыя ўжо больш “раскручаныя” гарады. І было прынята рашэнне лічыць датай заснавання горада Ліды 1380 г., а ў 1980 г. горад адзначаў 600-гадовы юбілей.
(“У 1978 г. г. Горадня святкаваў 850 годдзе, бо па летапісу ён быў заснаваны ў 1128 годзе, гэта было дакладна вядома. Горадня была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Тады хтосьці ўнёс прапанову, што Ліда заснавана у 1180 годзе і ў 1980 г. будзе 800 гадоў – больш круглая дата. Гэтая думка паволі пачала ўкараняцца ў галовы. Сапраўды, у энцыклапедыі Бракгаўза і Эфране сказана, што Ліда заснавана пасля вялікага разарэння гэтых зямель у 1180 годзе…
Але калі звярнуліся у Інстытут гісторыі Акадэміі навук БССР, то гэтую дату навукоўцы пацвердзіць не змаглі. Дакладна было вядома, што ў 1323 г. Вялікі князь Гедзімін пачаў і ў 1326 г. у асноўным завяршыў будаўніцтва Лідскага замка, які ўваходзіў у сістэму абарончых збудаванняў нашай старажытнай дзяржавы. Але гэтая дата не ўпісвалася па тым часе ў юбілей, а святкаваць і пашумець сяму-таму хацелася. Напэўна, калі быў пабудаваны замак, то быў ён створаны не на пустым месцы, жылі тут і тыя, хто будаваў і гаспадары замка. Пачаўся пошук іншых дат.
І тады спыніліся на тым, што быццам бы сын Гедзіміна, Альгерд у 1380 годзе падараваў замак для свайго слугі па імені Вайдыла. Хаця было вядома з дакументаў, што яшчэ раней у 1346 г. Альгерду Ліду падараваў яго родны брат Кейстут. Тым не менш дата юбілею акруглілася, і пачалі рыхтавацца да 600-годдзя. Адбыўся казус і з узнагароджаннем горада. Былі аформлены дакументы на атрыманне ордэна “Знак Пашаны”, аднак паколькі гэтае пытанне вырашала Масква, то там хтосьці засумняваўся ў правільнасці даты і ўзнагароджанне да свята застапарылася. Тады Рэспубліка тэрмінова ўзнагародзіла горад Ганаровай Граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Але неўзабаве, не ведаю пад чыім уплывам, было прынята рашэнне аб узнагароджанні горада і ордэнам “Знак Пашаны” Такім чынам горад атрымаў дзве ўзнагароды з выпадку 600-годдзя, хаця пры гэтым дакладная дата заснавання горада была сфальсіфікавана. Святкаванне прайшло масава на стадыёне і ў іншых месцах горада з вялікай помпай, безумоўна было весела і цікава.”) [Логаш У.М. Горад Ліда ў маім жыцці [Электронны рэсурс]- Рэжым доступу: https://pawet.net/memoirs/- Дата доступу: 26.03.23]
У 1986 г. адбыўся абвал заходняй сцяны. Магчыма, прычынай таму было парушэнне тэхналогіі рэканструкцыі. Час быў такі, што многае кралі. Памятаю, што мой бацька напісаў у газету (“Звязда”, ці “Савецкая Беларусь”) нататак, каб шведы выплацілі кампенсацыю за разбураны замак ў гады Паўночнай вайны. Пасля гэты артыкул быў перадрукаваны ў Лідскай газеце.
Ліда стаіць на балоце
За паўднёвай і ўсходняй сценамі замка быў прыватны сектар. За паўночнай сцяной замка праходзіў канец вуліцы Шалом Алейхема, якая ўпіралася ў вуліцу Камсамольскую (сёння вуліца Замкавая). Уздоўж гэтай брукаванай вуліцы знаходзіўся аднапавярховы будынак аўтастанцыі. Памятаю, як праводзіўся дэмантаж будынка. Доўга і складана разбураліся сцены. Мне давялося нават быць сведкаю няшчаснага выпадку, калі чалавек пакалечыўся.
Да 2010 г. (пакуль не пачалі капаць возера) за замкам знаходзіўся будынак тубдыспансера. А калісьці гэта быў элітны будынак, і пасля вайны сюды засялялі партыйных работнікаў.
За паўднёвай сцяной замка сыходзіліся ў адно рэчышча дзве ракі, Лідзея і Каменка. Пачатак ракі Каменкі быў на месцы сучаснай ДАІ. Рака мела два адгалінаванні: адно рэчышча пралягала за ваенкаматам і па вуліцы Міцкевіча, СШ № 4 знаходзіцца на гэтай рэчцы. Другое рэчышча пачыналася каля ДАІ, працякала ўздоўж бальніцы з паўднёвага боку, па вуліцы Касманаўтаў, стадыёна, па вуліцы Перамогі (каля Алмі сучаснага). У раёне сучаснага Дома Гандлю рэчкі злучаліся. Далей шлях Каменкі пралягаў па цэнтры горада, уздоўж магазіна Юбілейны па вуліцы Савецкай, каля стаматалагічнай паліклінікі. Зямля тут хадзіла пад нагамі. Ліда стаіць на балоце… Каля Доміка Таўлая Лідзея і Каменка злучаліся ў адно рэчышча. А калі ў 1970-я гг. цэнтр горада актыўна забудоўваўся, то Каменку “схавалі” у каналізацыйныя трубы. (Лідзейка бярэ свой “пачатак за Колышкамі паблізу вёскі Цябы, а таксама з-пад Уладзіславова і з-пад Верхліды”… У Лідзейку ўпадае рэчка Каменка, “якая складаецца з двух рукавоў – адзін праходзіць праз гарадскі парк, а другі ля гарадскога стадыёна, а цяпер узятыя ў трубы”)[У. Логаш, Водны дыяметр горада Ліды//Лідскі летапісец, 2010г., №1 (49), с. 30]
Запісана са слоў Логаша У. У.
11.01.2023 г.