З успамінаў Часневіч Інэсы Альфрэдаўны, 1966 г. н.
Пра Ванючку
Сваё дзяцінства я пражыла разам з бацькамі па вуліцы Калініна. Замак быў ад нас недалёка. За паўднёвай сцяной знаходзіўся прыватны сектар, стаялі драўляныя непрыглядныя хаткі. Каля Лідзейкі было даволі балоціста. Тады яшчэ за замкам на паўночны захад працякала рака Каменка, але ракой назваць яе цяжка. Хутчэй, гэта ўжо ручаёк не шырэй аднаго метра. У народзе называлі “Ванючка”, бо ад яе цягнула непремным пахам. “…усе каналізацыйныя сцёкі ад аб’ектаў, што былі ў цэнтры горада, без ачысткі сцякалі ў некалі чыстую крынічную рачулку Каменка, якая адным рукавом выцякала з гарадскога парку, а другім – з-пад бальніцы і цякла каля стадыёна, а зліваліся яны каля цяперашняга магазіна “Кніжны свет”. Усе гэтыя сцёкі моцна забруджвалі Каменку, і ў насельніцтва яна атрымала новую назву – Смярдзючка. Не было ў горадзе і вадаправода. Кожнае прадпрыемства і групы дамоў атрымлівалі ваду ад сваіх, прасвідраваных побач артэзіянскіх свідравін, што пярэчыла санітарным нормам”[Логаш У.М. Горад Ліда ў маім жыцці [Электронны рэсурс]- Рэжым доступу: https://pawet.net/memoirs/- Дата доступу: 26.03.23].
З актыўным развіццём прамысловасці ў Лідзе ў другой палове XX ст., у горадзе пачалося і новае жыццё рэчак. “Лідзейка прыняла прамысловыя сцёкі Сельмаша, Піўзавода, Камбіната харчовых канцэнтратаў, з жылых дамоў. Каменка ўзяла на сябе сцёкі з Абутковай фабрыкі, Завода электравырабаў, жылых дамоў і сацыяльных аб’ектаў цэнтральнай часткі горада”[У. Логаш Водны дыяметр горада Ліды//Лідскі летапісец 2010г., №1 (49), с. 30].
Праз рэчку Каменку ў цэнтры горада быў нават арганізаваны маленькі мосцік. У 1970-я гг. было прынята рашэнне схаваць рэчку ў каналізацыйныя трубы. “Пасля вывучэння магчымасцяў воднага сцёку Лідзейкі было прынята рашэнне аб стварэнні на ёй каскаду азёраў. Такая работа была праведзена ў 1972 г. На рэчцы Лідзейцы згодна з планам стваралася пяць азёр. Гэта была фундаментальная праца, якая дала магчымасць увязаць і ліўневыя сцёкі, і ўзроўні транспартных шляхоў, а самае галоўнае, адкрыла магчымасць распрацоўкі асобных вадаёмаў. Адначасова была прапрацавана схема фекальнай каналізацыі ўсяго горада, каб спыніць сцёк неачышчаных водаў у Лідзейку” [У. Логаш Водны дыяметр горада Ліды//Лідскі летапісец 2010г., №1 (49), с. 30].
За паўночнай сцяной замка, на месцы помніка Гедыміну, знаходзіўся аўтавакзал. Адтуль ад’язджалі аўтобусы, здаецца, да бліжэйшых вёсак.
Замкавыя вароты
Тады я была ў малодшых класах. Раніца. Мы з мамай ідзём на рынак па дарозе ўздоўж заходняй сцяны замка. Памятаю, што сцяна тады была амаль што разбурана, а каменне валялася ў яе падножжа. Увайсці на тэрыторыю замкавага двара можна было толькі праз вароты на месцы паўночна-заходняга вугла. Вароты здаваліся мне тады, малой дзяўчынцы, страшнымі, з жалезных прутоў.

Маскоўкі звярынец у замку
Вельмі яркія дзіцячыя ўспаміны пакінуў год (адзін з 1970-х гг.), калі на тэтыторыі замка размяшчаўся маскоўскі звярынец. У двары знаходзіліся клеткі з жывёламі. Былі тут нават белыя мядзведзі. А каля малога ўваходу ва ўсходняй сцяне замка было арганізавана штосьці накшталт басейна, і там знаходзіўся бегемот. Помню, як у яго адкрытую пашчу дзеці кідалі цукеркі ў каляровых абгортках (і вочы па-дзіцячы свецяцца).
Пра рэстаўрацыю
Аднаўленне замка вялося ў 1980-я гг. Памятаю, як на паўночнай сцяне, уверсе працавалі людзі. Як пазней даведалася, сярод іх былі і тыя, якія такім чынам адбывалі 15 сутак на прымусовых работах.
Запісана са слоў Часневіч І. А. 23.11.2022