Кавальскі выраб трыножнік (трыножак, трынога, трохножка, трыног) – жалезная падстаўка пад посуд для гатавання ежы на адкрытым агні.
Тры апоры-“нагі” ды вобад зверху, змацаваны клёпкамі з “нагамі”, рабілі яго найбольш простым у вырабе і ўстойлівым. Доўгі час гэта кавальскае вынаходніцтва было шырока распаўсюджана ў сялянскім побыце беларусаў.
Як правіла, ставілі трыножнік у печы, падгортваючы пад яго гарачае вуголле. Дзякуючы такому прыстасаванню было асабліва зручна пячы ў патэльні бліны. Калі ж печ была выпалена, то трыножнік ставілі на прыпечку і раскладвалі пад ім агонь з дробна пасечаных дроўцаў, шчапы, кары дрэў. Неспадзяваны госць у хату – патэльня на трыножніку! Гэта быў хуткі спосаб падсмажыць рыбу, бульбу, сала з цыбулькай, спячы яечню. Часам, такім спосабам заварвалі зёлкі, падагравалі ежу.
Актыўна выкарыстоўвалі трыножнік летняй парой, прыстасоўваючы яго ў двары. Канструкцыя вобада ў трыножніку была рознай. Гэта давала магчымасць гатаваць ежу не толькі ў посудзе з плоскім дном, але і ў чыгунках. Напрыклад, на вячэру ў невялікіх чыгунках на трыножніку варылі бульбу, зацірку.
Некаторыя гаспадыні прыладжваліся на трыножніку гатаваць варэнне на зіму.
Такі прадмет, як трыножнік, знайшоў адлюстраване ў павер’ях пра ўратаванне ад граду. Каб “адвярнуць” хмару, што магла прынесці град і знішчыць пасевы, гародніну, на вуліцу выносілі не толькі хлебную лапату, качаргу, бляху, але і трыножнік. Іх пераварочвалі наадварот, каб і хмара павярнула ў другі бок.
На фотаздымках трыножнікі, якія бытавалі ў Лідскім раёне. Экспануюцца ў атмасферна-этнаграфічнай гасцёўні “Час. Традыцыі. Вобразы”.