/ Навіны / Тайны друк загадкавага Валянціна Таўлая

Тайны друк загадкавага Валянціна Таўлая

Дом Валянціна Таўлая пастаянна ў пошуку новых форм правядзення мерапрыемстваў. Асновай для іх з’яўляецца тэма друку, літаратура. Бо, як вядома, гэты дом належаў беларускаму паэту, чалавеку, які ведаў цану слова. За свой кароткі век (33 гады) паэт зведаў нямала. Нягледзячы на розныя абставіны, праз якія яму прыйшлося прайсці, Валянцін Таўлай пастаянна быў са словам. Шліфаваў, даводзіў да глянцу свае вершаваныя радкі.

Аб гэтым ён пісаў так:
“… Толькі аднаго адкінуць нельга:
Шліфаваў радок, як сталь завяна;
Ланцугі тады на мне звінелі, –
Можа, й вершы ад таго звіняць.”

27 красавіка, 75 год назад Валянціна Таўлая не стала. У гэты ж дзень адзначаецца і Дзень азбукі Морзэ, якую яшчэ называюць “марзянкай”. Карыстацца ёй даводзілася і паэту. Суровыя гады, якія сталі асновай у стварэнні твораў В.Таўлая – гэта яго знаходжанне за кратамі. У тыя зняволеныя гадзіны яму прыходзілася пісаць вершы з тайнымі знакамі. Такія патаемныя запіскі называлі “грыпсамі”. У артыкуле Якуба Міско “Ён вершам краты пілаваў” пазначаецца наступнае: “… Учора Таўлай, які сядзіць (у турме Лукішкі – А.Х.) на другім паверсе, прыслаў “грыпс”. Піша, што ўжо крыху акрыяў, ногі загаіліся, вось толькі сэрца стукае часам не так, як трэба. Доктар прапісаў нейкія кроплі, але яны, мусіць, памагаюць як кашаль хваробе. Сядзіць адзін, таксама не даюць ні паперы, ні алоўка. Вершы “запісвае” ў памяць. Калі будзе суд і ці будзе ён наогул – невядома. “На Лукішках” ўжо і Пётр Радзюк, і Янка Патаповіч. У Пінску пасадзілі Піліпа Пестрака. Нядаўна толькі выпусцілі Максіма Танка. Ці надоўга? Як бачыш, уся заходнебеларуская паэзія ў ланцугах. Нічога, ад гэтага яна будзе званчэйшай.”

“Галоўным сродкам сувязі паміж вязнямі быў звычайны шнурок, які называўся “канём”. Як толькі ссутоньвала, вязні кідалі ў суседняе акно канец шнура, дзе яго лавілі і пры дапамозе мятлы, і проста рукой. Пасля гэтага “конь” перавозіў з камеры ў камеру любую рэч. Вядома, дзейнічаць прыходзілася асцярожна, каб не заўважылі вартавыя, таму што расплачвацца ў першую чаргу прыходзілася сваімі бакамі. Трэба мець на ўвазе, што за невялічкі агрызак алоўка вязню пагражаў карцар, а ў горшым выпадку яму “лічылі” скабы так, што ён пасля доўга вычухваўся…” “…Той чэрвеньскі вечар 1936 года не забудзецца ніколі. Увесь дзень калектыў палітвязняў з трывогай чакаў, чым скончыцца працэс над Прытыцкім. Сёння павінен быць прысуд. І вось “загаварылі” астрожныя сцены. З камеры ў камеру марзянкай-маланкай пабегла жахлівае паведамленне: – Кара смерцю…”.
Гэта ўрыўкі з успамінаў Якуба Міско, які перад вайной разам з Валянцінам Таўлаем працаваў у рэдакцыі лідскай газеты “Уперад”. Радкі пра таемныя напісанні, паведамленні. Валянцін Таўлай удала карыстаўся такім “друкаваным словам”. Яго вершы і на сённяшні дзень гучаць на розных мовах свету. У мінулым, 2021 годзе ў Доме паэта была адкрыта экспазіцыя “Паэзія кропак. Разанаў, Таўлай…”, дзе змяшчаліся работы мастака Васіля Зянько, сярод якіх і на верш В.Таўлая “Верабейкі”, напісаны ім 100 год назад, у 1922 годзе, яшчэ ў 8-гадовым узросце. Жывапісная тактыльная карціна і сёння змяшчаецца на экспазіцыі “Вераб’іная праСТОра”. Яна створана для людзей невідушчых, для тых, хто не мае зроку. На гэты раз верш Таўлая загучаў і на мове, або азбуцы Брайля.

А як жа гэтыя “Верабейкі” загучаць на азбуцы Морзэ?! І ў рэшце рэшт атрымалася, аўтару гэтых радкоў удалося ажывіць твор. Складаная праца, але ж… Нават пашанцавала пакарыстацца ключом, які адбівае гэтыя патаемныя літары. Праўда, гэтае прыстасаванне для дзяцей за 1976 год. А пакарыстацца якім даў калега па працы – старшы навуковы супрацоўнік музея Мікалай Іода. Цікавая забава!
Пра гэтую азбуку ўзгадваецца наступнае: “Азбука Морзэ або код Морзэ — спосаб перадачы тэксту паслядоўнасцю сігналаў, як то выбліскамі святла, колькасцю кропак і працяжнікаў, пстрычак і г. д., якія могуць быць лёгка распазнаныя навучаным прымальнікам інфармацыі, якую яму перадаюць. Азбука Морзэ была названа ў гонар Самуюэла Морзэ, аднаго з стваральнікаў тэлеграфа і гэтага коду.
Міжнародны код Морзэ ўзгадняе коды літарбазавага лацінскага алфавіта ISO (англ.) бел., арабскіх лічбаў і невялікага набору знакаў пунктуацыі і працэдурных словаў, якія перадаюцца праз паслядоўнасць «кропак» і «працяжнікаў». Паколькі іншыя мовы могуць адрознівацца алфавітамі ад лацінскага, які складаецца з 26 літар, у гэтых мовах прынятыя пашырэнні стандартнага коду Морзэ.
Кожны сімвал (літара, лік, знак пунктуацыі) адпавядае ўнікальнаму шэрагу кропак і працяжнікаў. Пры перадачы інфармацыі працягласць працяжніка прынятая як тры працягласці кропкі. Пасля кожнай кропкі ці працяжніка ідзе паўза, па даўжыні роўная кропцы. Кожны сімвал аддзяляецца ад другога цішынёй, роўнай тром кропкам (аднаму працяжніку), а два словы аддзяляюцца «прагалам», роўным сямі кропкам. Даўжыня кропкі з’яўляецца базавай адзінкай часу пры перадачы звестак”.

Цікава, а ці была ў Лідзе тэлеграфная станцыя з марзянкай? Як адзначае гісторыя, “у 1872 годзе ўздоўж паштовага тракту Вільна-Ліда-Навагрудак-Мір была пабудавана тэлеграфная лінія да Карэліч, а ў Лідзе была змайставана тэлеграфная станцыя з двумя апаратамі Морзэ. Першым начальнікам гэтай станцыі быў Савелій Нікіцін, телеграфным технікам — Хрысанф Алехновіч, ён жа і будаваў гэтую лінію. Телеграфная станцыя была змайстравана на першым паверсе ў каменным доме на вул. Сувальскай, 42, у памяшканні, вызваленым пасля ліквідацыі 1 красавіка 1872 г. павятовага суда. В 1873 г. Ліда была адзіным, пасля Вільні, горадам у мінулай Віленскай губерні, у якой дзейнічала тэлеграфная станцыя з прыёмам і перадачай тэлеграм на тэрыторыі Расійскай імперыі і за мяжу.”
Азбука Морзэ выкарыстоўваецца маракамі і на флоце з дапамогай ліхтарыка. У гэтай справе мне дапамог разабрацца сябар лідскага музею, старшыня Лідскай раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз ваенных маракоў” Каспяровіч Уладзімір Уладзіміравіч. А ліхтарыкам для гэтых мэтаў даў пакарыстацца лідскі паэт, сябар літаратурнага аб’яднання “Суквецце” Канстанцін Якубчык.

Навуковы супрацоўнік Лідскага гісторыка-мастацкага музея Алесь Хітрун.