/ Навіны / Сёння такога няма…

Сёння такога няма…

З успамінаў Папялёнка Андрэя Аляксандравіча, 1959 г. н.

Што тут сказаць? Нарадзіўся і вырас у горадзе Лідзе, бацькоўскі дом размяшчаўся па вуліцы Суворава. З самага дзяцінства люблю спорт. Пры школе № 8 (сёння гэта будынак музычнага каледжа) была арганізавана футбольная каманда, трэніроўкі праходзілі ў двары Лідскага замка. Было гэта прыкладна ў канцы 1960-х гг. Тут былі ўстаноўлены футбольныя вароты, белай цэглай абазначаны межы поля. Праёмы ў паўднёвай і ўсходняй сценах замка былі закладзены цэглай. А ўваход ў замак размяшчаўся на месцы развалу паўночна-заходняга вугла замка. Устаноўленыя з жалезных прутоў вароты былі часцей адкрыты, і людзі маглі свабодна перамяшчацца па тэрыторыі замка.

***

За замкам, у бок жалезнай дарогі столькі дамоў як цяпер не было. Тэрыторыя была не акультурана, даволі гразна. Праз горад цякла рэчка-ванючка (здзіўляецца, калі кажу, што гэта была Каменка. Настолькі ў свядомасці гараджан замацавалася назва ракі як рэчка – ванючка). На поўдзень ад замка быў прыватны сектар, драўляныя забудовы. Дзесьці за імі Каменка і Лідзейка зыходзіліся.

***

Вялікія святы прыгожа адзначаліся ў горадзе. Гэта ўжо былі 1990-я гг. На провады зімы, на 1 і 9 мая людзі пасля параду збіраліся кампаніямі (суседзі, бацькі і дзеці) на тэрыторыі замкавага двара або каля замка, арганізоўваўся пікнік. Весела было. Сёння такога няма…

Запісана са слоў Папялёнка А. А. 03.12.2022 г.