Ужо амаль пяць гадоў у Доме Валянціна Таўлая Лідскага гісторыка-мастацкага музея працуе інклюзіўны праект “Перадай дабро па крузе”.
Для пісьменнікаў, артыстаў, музыкантаў, мастакоў і майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва тут прадстаўлена магчымасць дзяліцца сваім багатым унутраным светам. На гэты раз эстафету прыняў Навумаў Ілля. На выстаўцы “Свет маімі вачыма” наведвальнік зможа пабачыць мастацкія работы, выкананыя ў тэхніцы каляровай графікі з дапамогай маркера, жывапіс, вырабы з дрэва (зборныя мадэлі з фанеры і бруска), інструменты (лобзік, разцы, пэндзлі з фарбамі), якімі былі ствараны гэтыя работы. А колькі ўзнагарод мае Ілля! Іх таксама можна пабачыць у экспазіцыі.
На адкрыцці выстаўкі прысутнічала сям’я Навумавых: маці Вольга Васільеўна, бацька Уладзіслаў Аляксандравіч, брат Максім і сястра Крысціна. Вольга Васільеўна расказала прысутным пра свайго таленавітага сына. Нягледзячы на асаблівасці развіцця, Ілля захапляўся маляваннем, яго прываблівалі машыны і іх маркі. Гэта і стала для яго асновай у выяўленчым мастацтве. Нават з паперы ў яго атрымлівалася зрабіць 3D-мадэлі.
Падчас вучобы ў СШ №17 г. Ліды ён пачаў наведваць студыю выяўленчага мастацтва “Натхненне” пад кіраўніцтвам педагога Гуліцкай Раісы Мікалаеўны, якая развіла ў яго мастацкія здольнасці. Дзякуючы гэтаму, Ілля стаў прымаць удзел у гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх выстаўках і атрымліваць узнагароды. У рэспубліканскім конкурсе “Мир моими глазами” Ілля заняў 2 месца.
У 2023 годзе Гродзенскі абласны цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі выдаў кнігу-брашуру “Истории успеха” пра таленавітых творчых дзяцей-інвалідаў, на старонках якой ёсць звесткі і пра Іллю Навумава.
Акрамя гэтага Ілля з задавальненнем наведвае заняткі малявання маркерамі ў Доме творчасці пад кіраўніцтвам Гельвей Іны Мікалаеўны На ўроках працы ў школе Ілля таксама знайшоў сабе захапленне – праца з фанерай і дрэвам. Пад кіраўніцтвам Шалкова Аляксандра Станіслававіча атрымліваюцца цудоўныя вырабы, напрыклад, мадэлі машынак.
Ілля – актыўны хлопец. Летам разам з сям’ёй любіць арганізоўваць велапрагулкі вакол Ліды, тым ліку падарожжы па гістарычных месцах Беларусі. А зімою з братам катаецца на лыжах.
У 2025 годзе Ілля закончыў 9 класаў СШ №17. У яго далейшай дзейнасці цяпер стане наведванне аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў ДУ “Лідскі раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”, дзе ён знойдзе сабе новых сяброў і далей працягне свой любімы занятак – работы па дрэве і маляванне.
Наперадзе ў Іллі – яго найлепшыя работы.
На мерапрыемстве прысутнічала спецыяліст па сацыяльнай рабоце з аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў Лыскоўская Ірына Юр’еўна. Яна шчыра павітала сям’ю Навумавых, пажадала творчых поспехаў Іллі і выказала надзею, што яго работы пашыраць далейшы кругазор і зоймуць месца ў іншых музеях.
Кожны з прысутных меў магчымасць наведаць экспазіцыю ў Доме Таўлая. Падчас прагляду чуліся толькі цёплыя водгукі. І гэта зразумела: у работах юнага мастака закладзены ўнутраны свет, які дорыць толькі пазітыўныя эмоцыі.